На Беларусі вось ужо каторы год вядзецца промысел баброў Так, час выстаўляе свае патрэбы: і бабёр, і выдра, і норка, і куніца ды іншыя звяры з добрым футрам — усё гэта мяккае беларускае золата, якое пры правільнай арганізацыі пушной гаспадаркі можна здабываць пастаянна і ў вялікай колькасці. Беларусь, калі можна так сказаць, — бабровы мацярык, вялікая бабровая зямля. I каму ж, як не нам, беларусам, на поўным сур'ёзе заняцца ўзнаўленнем нацыянальнага промыслу — бабровымі гонамі! Усё для гэтага ёсць. Нестае адно сапраўднага гаспадара, які ўзяў бы на сябе такі далікатна-адказны, нялёгкі абавязак. Як відаць, лясгасы з гэтым не спраўляюцца, бо сярод леснікоў, якія бадай усе маюць стрэльбы, браканьераў удвая болей, чым сапраўдных ахоўнікаў прыроды.
Здавалася б, ну навошта сёння леснікам стрэльбы? Адно каб лесапарубшчыка застрашыць?.. Нехта, можа, і застрашыць, а пасля з лёгкай душой заб'е бабра і яго каштоўнае футра завязе на пражэрліва-непераборлівы расейскі рынках.
Сапраўды, з бабрамі ў нас усё яшчэ няма парадку — хто іх толькі не знішчае, хто не нажываецца за кошт бабровага каштоўнага футра. Прычасныя да гэтага і шматлікая армія браканьераў, і несумленныя, выпадкова трапіўшыя ў прамысловікі паляўнічыя, а найбольш — раўнадушныя да роднай прыроды кіраўнікі, высокія тытулы якіх нярэдка шэрай мярэжай засцяць ім белы свет.
Да нядаўняга часу бадай ці не каторы год запар працягвалася інтэнсіўная асушка беларускіх балот, выпрамленне рачулак і знішчэнне прыбярэжных хмызнякоў. А між тым у гэтых вадаёмах і хмызняках на працягу тысячагоддзяў знаходзілі сабе заўсёдны прыстанак самыя розныя звяры й птушкі. Шматлікія насельнікі балот змушаныя былі пакінуць свае крэўныя мясціны, а большасць з іх проста пагінулі.
Успомнім так званае «акультурванне» лугоў усцяж Сожа ад Слаўгарада і да вёскі Гайшын — якраз на тэрыторыі буйных пасяленняў чорнага бабра. Меліяратары дзейнічалі ў шырокіх маштабах і самай сучаснай тэхнікай: авіяцыяй і ядахімікатамі. Усё тое кустоўе, што замінала, і тое, што нікому не мазоліла вока, як сказаў бы тутэйшы чалавек, бо расло па берагах Сожа і вакол азёраў, пажоўкла і высахла. Глядзіш — і жуда бярэ: скрозь, на колькі можна скінуць вачыма, абступаюць раку дзве чорныя палосы мёртвых лазовых кучараў...
Тэлефон тагачаснага старшыні Слаўгарадскага раённага таварыста паляўнічых не змаўкаў:
— Іван Мікалаевіч, га?
— Ён самы... Што ў вас?
— У нас тут — бяда... — У трубцы трывожны голас пастуха. — На тэй во кругловіне, ля Лысае гары што, акурат у кусціках лазы, на бабра наткнуўся. Ніцма ляжаў. Здаравушчы, і чорны — ажно блішчыць. А другі — далей троху. I таксама чорны. Гэты мордачкаю да вады ляжыць. Я падумаў, што ўцякаць ад мяне сабраўся. Падышоў — не, мёртвы... Хто пабіў? Кажуць, тута два дні таму самалёт над лугам лётаў. Ага, наш. Кукурузнік. Атруту на кусты ліў. То, пэўна-ка, бабры сербанулі атруты... От, мы сядзім, мужыкі, і гадаем, куды дзяваць гэтых баброў, каго штрафаваць, га?..
Абследаванне паказала, што ўсе знойдзеныя бабры атруціліся лазовай карой, палітай гербіцыдамі.
Недзе гэтак жа праводзілася «ачышчэнне» і Кісялевіцкага балота, што на Бабруйшчыне. Здавалася б, там не хапала аднаго — аўтарытэтнай шыльдачкі, на якой было б сказана, што балота заселенае бабрамі й асушаць яго катэгарычна забараняецца. На жаль, ніхто ў свой час не падумаў аб тым, што добра арганізаваная прыродная бабровая зааферма магла б даваць намнога больш прыбытку, чым выцерабленае гала, парадкам выветранае і даўно неўрадлівае. А колькі падобных запаветных мясцін безаглядна зглумлена і ўжо навечна страчана для беларускай прыроды.
Праблемы, праблемы...
I ўсе яны па-свойму складаныя і балючыя, такія, што мы часам стараемся проста не заўважаць іх. А шкада.
Возьмем, да прыкладу, браканьераў, якія спецыялізуюцца па дабычы бабровага футра. Як я зразумеў, іх асабліва багата аціраецца сярод гандляроў шапкамі ды каўнярамі на Камароўскім рынку.
— Аднойчы мне давялося на свае вушы чуць такую размову:
— Не ведаеш, як вадзянога браць?.. Хе-э! Прасцей простага: на маторцы, з фараю, насцігаеш і — васцямі!
— Не загінай — васцямі бабра не доймеш.
— Навылёт пратыкаю!.. У мяне восці на два зубы. I само сабой — з завусенцамі, каб не зрываўся. Абы пацэльна варсануць, а там — ушчамлю ў дно, патрымаю хвілін пяток — ён і гатоў...
Вось так і чыніцца браканьерства, плывуць лёгкія грошы ў кішэні тарбахватаў. I са свету, і сваіх. Сапраўды, да якога ж часу і па якім такім праве шматлікія мінскія «моднікі» будуць беспакарана фарсіць у саматужна пашытых бабровых шапках ды каўнярах?!.
Зрэшты, і не толькі мінскія.
Заўсёды, калі бываю летам у сваёй роднай вёсцы, я часта выпраўляюся золкам на суседняе бабровае возера, саджуся там на беражок, заціхаю і неўзабаве слых мой ловіць да шчымлення ў сэрцы знаёмае цялёпканне па гразі, пасля чую таропкае, але халастое скрыганне бабровых разцоў — вострыць! — і нарэшце раздаюцца рыпліва-гулкія, зацяжныя пагрызы.
Потым — зноў тое ж цялёпканне...
Рассейваецца морак, і нарэшце я заўважаю бабра. Ён ужо на ўспеску, трымае ў пярэдніх лапках галінку лазы й спаважна, як чалавек, азірае наваколле. Хвіліна — і звер на вадзе, плыве да сваёй хаткі, каб там, спакойна паснедаўшы, легчы на спачын. Дзіўна, але іменна так: перад сном бабёр снедае, а пасля сну — вячэрае, бо спіць ён увесь дзень і толькі надвечар зноў выпраўляецца на жыроўку.
Я доўга не пакідаю возера. Вось бачу адразу двух баброў. Адзін з іх няспешна караскаецца на край хаткі, другі — застаўся ў вадзе. Углядаюся пільней. Той, што ў вадзе, пачынае цягаць з возера ліпкія камякі глею. Яго напарнік набірае гэтых камякоў, як панесці, падымаецца на верх хаткі й доўга трамбуе глей між густа ўторкнутых паленцаў. Па ўсім відаць, руплівыя гаспадары ўмацоўваюць адну з верхніх лёжак. Я назіраю за імі — і мяне гэта суцяшае: бабры жывуць!
Алесь Пальчэўскі
Рэкс і Казбек
Прыемна пасля доўгага вандравання па зарасніках выйсці на ўзлесак сасновага бору і спыніцца на прывал. Павесіць на сучок паляўнічую стрэльбу руляй уніз, раскласці агонь, наслаць мяккіх хваёвых лапак і выцягнуцца на ўвесь рост. Ляжаць і глядзець, як з-за лесу выплываюць хмаркі.
Адны з іх – тыя, што ледзь не чапляюцца за вяршаліны дрэў, – праплываюць хутка-хутка, нібы спяшаюцца куды. Другія, што віднеюцца ў глыбокай вышыні паміж прагаламі ў ніжніх хмарах, плывуць павольна, важна.
На дварэ восень.
Кастусь Трахімчык сядзіць каля агню і ломіць аб калена сухенькае галлё. Агеньчык патрэсквае і нясмела ліжа падкінутае ламачча. Лізне раз, другі і, калі ўпэўніцца, што галінка сухая, заўзята накідваецца на здабычу.
Другі паляўнічы – Аляксей Шусцік ляжыць на хваёвых лапках і глядзіць у шэрае неба.