Ліхтар цьмяна асвятляў заграможджаную бабровымі клеткамі — з таго і цесную — пуньку. Цені нашы пацешныя, вялікія — на ўсю сцяну, варухлівыя. Раптам яе цень хіснуўся, наблізіўся да майго. Я страпянуўся, насцярожана зіркнуў на Маню. Яна прайшла паўз мяне і спынілася ля суседняй клеткі з бабрамі. Якая зманлівасць у ценях! А я думаў... Што гэта я думаў?
— Адслані закрыўку — пагляджу, як яны тут, ноччу, — просіць Маня і смяецца. — Не таўкуць адзін аднаго?.. Не злыя?
Я падступаюся да клеткі, прыўзнімаю вечка — глядзі сабе, глядзі, колькі заўгодна. Яна сцішылася, узіраецца ў прыцемак клеткі. Выразна чую роўнае дыханне акурат недзе над левай скроняй, што мяне насцярожвае і няўцерпна хвалюе.
Крыху адступаюся ўбок — і бачу яе дапытлівую, гулліва-трапяткую ўсмешку. Маня чакае, спадзяецца, што бабры пачнуць рабіць нешта незвычайнае, а мо і наўцёкі кінуцца. Але зверукі прадбачліва аціхлі й зацяліся — ім неўпанараў дакучлівыя розгляды. Адзін з іх, упёршыся носам у прадаўгаватую бляшаную паілку, пыхка пасопвае і жмурыць вочы — хаваецца ад няяркага святла.
Лівень на схоне лета
Дзень канае хутка і неўпрыкмет, не пакідаючы ў памяці бадай аніякага следу, роўна як і нашая лодка на плыткай вадзе.
Гэты раз нам дастаўся ўчастак Сожа ад рачулкі Ліпы, што па правым беразе, і ажно да самага Гомеля — з усімі прытокамі й прыбярэжнымі азёрамі.
Сёння Малінін раным-рана паехаў на базу, павёз таксама і адлоўленых пяцёра баброў. Лодка пакуль не загружаная, упраўляцца з ёй лёгка. Зрэшты, Сомава з намі ўжо няма — замест яго новы шкіпер, і таксама Іван. Хто ён?.. Зяць наш (да гэтага працаваў рабочым на смалакурным заводзіку). Каля нас круціцца Шарык — сабака, якога тыдзень таму прыдбалі ў пастухоў за пяцьдзесят рублёў. Наўрад ці звярнулі б на яго ўвагу, каб не залавілі ля бабровай нары...
Ну так, Шарык, пасучы кароў, ніколі не забываў на баброў— ганяў іх настойліва і ўпарта, пад вадой нават чуў, не тое, што ў нары ці хатцы. Уцягнуўся ў гэты занятак змалку, чым і знелюбеў свайму гаспадару, і той, калі пачуў пра даволі-такі й немалыя грошы, з радасцю збавіўся ад яго.
Сапраўды, Шарык і блізка не быў пастухом. Ён акурат нарадзіўся бабраловам: ростам малы, цупкі ў нагах, настойлівы... Адным словам — крэўны паляўнічы сабака.
Збочылі з галоўнай «магістралі» бадай ужо надвячоркам — заплылі ў вусце нейкай зусім нешырокай рачулкі з надзіва высокімі берагамі, абрывістымі, спрэс угушчанымі хмыразам-альхоўнікам, вярбою ды гонка-кучомістым вербалозам. Па ўсім відаць, бабры тут здаўна жывуць-раскашуюць. Чаму б і не жыць, калі скрозь буяе шматкалёрны дыван-травастой, густы й высокі — як не ў пояс Малініну (ён недзе каля двух метраў). Стравы бабровай удосталь, то, пэўна ж, і едакоў стае.
I што ж? Абшнарылі ўсё як мае быць, Шарык вынюхаў кожны надводны кусцік, вышукваючы бясконцыя падземныя хады й схоўні, аднак — хто б мог падумаць! — баброў не выявілі, усе іх селішчы пуставалі.
Іван, падобна, не ў гуморы, змушана пасміхаецца, няспешна падпальвае сярнічкаю самакрутку і кажа:
— Не трэба нам залазіць з лодкаю ў такую вось чамярэчу — усе бабры ў Сажы... Недзе троху ніжэй.
— З чаго ты ўзяў? — Бацька старанна высліньвае край газетнага аркушыка, памерам з ігральную карту, куды ўкручана не меней як шчопці з два махоркі. Нарэшце пыхкае дымам, жмурыцца і дадае: — Звер, як і чалавек, свой радзінны куток шануе... Хм, мне ўсё ясна: у гэтых катакомбах бабры ўзімку адлёжваюцца. Па-мойму, на тым баку закабан ёсць, старыца. Заўтра мы іх там і зажучым.
— Не хапала шчэ закабанаў — па лузе гойсаць не намераны! — Івану больш падабаецца ракою плысці, і каб толькі ўніз; пакідаць лодку не надта хоча, тым больш, калі трэба перацягваць яе ў суседні вадаём — лішнія напруга і пот.
— А ты хіба гойсаў калі? — Бацька ўзрушыўся, бо не любіць лішняга скалазубства. — Штой-та не прыпомню.
Іван, як ні дзіўна, не зрэагаваў на яго словы.
Схавалася сонца за лес, і ў нас канчаткова прапалі спрыт і ахвота ўвогуле чым-небудзь займацца. Лодку пакінулі ў рачулцы. Заснавалі бівак на беразе Сожа. Ужо добра было відаць зорку Венеру. Мне прыгадаўся верш Багдановіча, і я ўголас прачытаў яго.
Іван кухарыў — гатаваў вячэру. Я, да прыкладу, мог бы, калі б, здаецца, знайшоў сабе напарніка, пешкаваць у суседнюю вёску. Як далёка яна адсюль — не ведаю, бо ад рыбака-спінінгіста (спыніўся каля нас і паказаў шчупачыну вагою каля двух кілаграмаў) пачуў адно пра танцы, што кожны вечар ладзяцца ў калгасным клубе, ды прыгожых дзеўчанятак, якіх там збіраецца столькі, што недзе яблыку ўпасці, а хлопцаў мала, дык яны адна з адной кружацца ды прыпеўкі пяюць:
Вясёлы рыбак, успалошыў мяне не столькі аповедам пра дзяўчатак, як прыпеўкай. Пэўна ж, не адну ведае. Патрэсці б яго на гэты конт, але ж у мяне тут — ні часу няма, ні нават блакнота з алаўцом.
Іван пайшоў нарыхтоўваць дровы. За паўвярсту ад нас, на беразе, ляжыць тоўсты дубовы тапляк, які, падобна, яшчэ нядаўна тунеў у глыбінях рачной цемрадзі. Учора мы бачылі земснарад, яго абслуга займаецца ачысткай рэчышча. Сярод рабочых ёсць вадалазы, яны абкручваюць набрынялыя вадой старадрэвіны тоўстым тросам і пры дапамозе магутнага крана цягнуць на бераг, пад сонца і вецер. Лёс гэтай каладзякі, пэўна ж, такі самы. Адно ведаць бы — хто і з якой прычыны яе тут пакінуў. Няйнакш пару стагоддзяў таму плытагоны згубілі.
Іван збівае тапорыкам укаржэла-шэрхлую, спрэс адхлуплую ад камля кару і малымі абярэмцамі носіць да цяпельца, падсілкоўвае яго. Гарыць кара бясполымна, аднак ейны празрыста-сіні агніска да ўсполаху шчыпкі й дападна пякучы.
Я прачнуўся, калі быў згатаваны сняданак. Іван нешта ціха трумтумкаў у свае густа-шорсткія і наўздзіў чорныя вусы. Няма слоў, болабень — такога пашукаць, спрытны, бадай, не так на рукі, як на язык. Паэтычная натура, акурат. Ведае безліч салёна-ўперчаных народных паэмак, адна з якіх мае такую назву: «Як я ажаніўся». Пачула б гэты «шэдэўр» ягоная жонка (мая сястра), дальбог, сораму не абралася б. А вось для зубаскалаў яе мужанёк — жывы камедыянт: ад смеху рэдка ў якога слухача рабро за рабро не чапляецца. Зрэшты, чытальнік ён выключны, дарма не вучыўся, мог бы акцёрам стаць. Ну так, з ім не засумуеш: калі што — узвесяліць да болю ў жываце, а бывае — і ўзлуе да чорцікаў уваччу.
Я ўзяў за правіла купацца раніцай, якім бы надвор'е ні было. Адразу пасля сну — бултых у раку, з галавой. Хоць дождж, хоць вецер. Іван жа — пабойваецца вады, хоць і вырас паблізу Сожа. Рэдкі выпадак. Ці не маніць ён? Падладжуся як-небудзь пры першай магчымасці скупнуць хітруна — перакулю лодку і пагляджу, як плавае. Няўжо-ткі не ўмее?
Я раздзеўся, скокнуў з берага, нырцануў. Расплюшчыў вочы — і тут жа ўбачыў, злева, дуплястую каладзяку, пры якой стаяў, лёгка павільваючы хвастом, не менш як паўметровы шчупак. Не стаў палохаць яго — вынырнуў і вярнуўся на бераг, ухапіў спінінг, але блешні на ім не было. Ну так: Кірыла Аляк-сандравіч учора раніцай тры блешні ўтапіў.
— Шкада... Стаіць шчупак пры калодзе. Вялікі.
— Ёсць выйсце. — Іван кінуў мне да ног мяшэчак з соллю. — Вазьмі ў кулак, нырцані й пасып яму на хвост. Гы-гы-гы-ы... Уміг здранцвее — пузам кверху, і ты яго — за жабры й на бераг.
Я запіхнуў спінінг туды ж, дзе ён і быў (у гумовы бот Малініна), і, каб сагрэцца пасля купання, прыпусціў усцяж па беразе, але мусіў спыніцца, калі ўбачыў над абрывам засяроджанага вудара. Кажуць, рыбакі не любяць, калі нехта вось так, зніцяйкі, нахопліваецца і пачынае палохаць рыбу — нават калі й моўчкі будзе стаяць. Рыба чуе ўсё, што робіцца на беразе. I добрае чуе, і злое. Толькі сабраўся быў павярнуць назад, як рыбак падняўся з пляскатага вядзерца для ўлову, што, як відаць, заадно замяняла і ўслончык, паклікаў мяне:
— Падыдзі сюды, малец... Чым вы тут займаецеся?