Столькі дзён і вечароў быў я на лёдзе. Усю восень і пачатак зімы!
Пад берагам я раблю яшчэ адзін круг і спыняюся. Яна — расчырванелая, здзіўленая — пад'язджае да мяне.
— Антон, — з усмешкай пытае яна, — калі гэта ты навучыўся катацца на каньках?
— А вось і навучыўся, — не без гонару кажу я. — Не толькі ж табе адной катацца, Мэры Кэт. Дарэчы, Мэры Кэт — гэта гераіня з якога рамана? Нешта я ніяк не прыпомню.
— Ні з якога, — адказвае яна. — Я сама выдумала.
Мы пайшлі разам — плячо ў плячо.
— Антон, — раптам запыталася Эма, — а ты чуеш, як гудзе лёд пад нашымі нагамі?
— Чую, Эма, толькі вельмі невыразна, — адказаў я.
— А як цяпер на шляху аўтамашына гудзе — чуеш?
— Не, гэтага не чую, Эма.
— Пантона-Мантона-Дэмантона! Ты не крыўдуеш на мяне, што я так пытаюся? Давай не будзем сварыцца, а будзем дружыць.
Ну што было сказаць на гэта? Нейкая новая радасць запаўняла мяне. Дзень пачаў здавацца прыгажэйшым.
— Давай дружыць, — падумаўшы, згадзіўся я...
...Я чую. ...Я чую, як шуміць вецер, як размаўляюць вясною ручаі, як крычаць кнігаўкі, што прыляцелі на паплавы і лугі. Я чую шэпт першых лісцяў, гарачы, добразычлівы шэпт аб тым, што вось як прыгожа вакол... Калі і як такое са мною здарылася — я і сам сказаць не магу. Але ж здарылася! За доўгія месяцы ўпартай вучобы і працы! Нічога як быццам не адбылося асаблівага, і раптам усё ўварвалася ў вушы.
Нібы мяне закружыла ў радаснай прыгажосці жыцця.