Скінуўшы кажух на лаву ля акна, яна закруцілася была па хаце — у першай палавіне: ні стаць, ні прысесці, ні за што ўхапіцца...
Узяла вілачнік, адсунула на прыпечку засланку, дастала гаршчок з заціркай — і адразу пакінула.
«І лыжка будзе валіцца з рук... Не толькі вілачнік...»
Хацелася некуды ісці і ісці, не сядзець бы толькі на месцы. У хаце — у другой палавіне — на яе натапырыліся калючыя аліясы ў гаршках. Са сцяны, здалося, высака, аж з-пад столі, на яе зірнулі з-за шкла з партрэта ў счарнелай рамцы Сяльвестра і яна сама — бліснулі халодным святлом ад белага снегу знадворку.
Яна доўга стаяла ў парозе і глядзела на партрэт. Партрэта ўжо даставаў знізу фікус у цёмным лісці і сваім верхам калоў яго знізу, як дзідай. Мінуў чорную круглую каробачку ад радыё, ходзікі і палез пад партрэт.
Хацелася пабегчы аж у Маладэчна да Аркадзі, да Алі, пагаварыць з Перапёлкам — ён жа дырэктар фабрыкі і разумны чалавек. Да ўнукаў на край свету, толькі б не сядзець... Гэтулькі гадоў прайшло. Дваццаць, лічы, а ўсё — як учора...
Не супакоіла яе і Волька, з цямном прыйшоўшы з работы. Цэлую ноч яна не магла заснуць — расказвала і расказвала ўсё Вольцы...
А назаўтра раніцай зноў секлі дробныя крупы ў акно ад вуліцы і зноў стукаў дзюбкай у шыбіну ўчарашні гіль — варажыў на доўгія халады, — але яго не было відаць: за ноч замерзлі ўсе шыбы — і ад вуліцы, і ад двара.
3
Прайшоў год і адзін месяц — пасля допыту ў Юстыны ў Сушкаве яна цяпер чакала вестак і лічыла кожны дзень, а то і кожную гадзіну, — калі якраз у такую, як і тады, мяцеліцу з маразамі ў хату недзе ўпаўдні бразнула клямкай Магрэта з Сушкава, прыветлівая жанчына гадоў сарака — калгасная пісьманоска. Прыехала на МАЗе ў кабіне аж з Крайска — з пошты. Па такіх гурбах і марозе добра, што хоць раз у тры дні азывалася. Аддала пісьмо, нават не сказаўшы, адкуль яно, — перш дык гаварыла, адкуль пісьмы, — і хуценька за дзверы. Не пагрэлася нават.
— Ды не, сястрыца, пабягу адразу. Я і не змерзла нават, у кабіне седзячы. Пабягу да маста. Вот-вот першыя машыны з дрэвам назад пойдуць, я ўжо ведаю. І шафёры мяне ведаюць, бяруць у кабіну. Загібець можна ў такі мароз...
Зноў бразнула клямкай і пакуль зачыніла дзверы, з-за парога аж да стала пакаціўся клубком мароз.
Александрына пачула, як яе пачало трасці ад гэтага клубка... Яна стаяла, апусціўшы пісьмо ў руцэ, баялася нават падняць яго да вачэй і думала, што трасе ад пісьма, трасе ўсю і пісьмо ў руцэ трасецца.
Пайшла ў другую палавіну, села на крэсла ля засцеленага белым абрусам стала — якраз пасярод хаты, — узяла з яго Вольчыны акуляры — ляжалі на ім як на паяўку ў жоўтым футляры, тыя падыходзілі і ёй, Александрыне: абедзве былі дальназоркія, і ніяк не магла ўскрыць канверт: усё трасуцца рукі...
Канверт адклеіўся лёгка — відаць, Магрэта сама ўжо ўсё прачытала, калі нават не захацела пачуць, «што пішуць», і Александрына хуценька разгарнула складзеную ўчэцвера белую-белую паперку з чорнымі літарамі — кучкай — злева ўверсе. Яны адразу кінуліся ў вочы.
Яна хапалася пальцамі то за белую паперыну, то за акуляры — спаўзаюць і спаўзаюць з носа, але ў іх добра было чытаць — кожную літарку як хто падносіў да самых вачэй.
Военный трибунал
Белорусского военного округа
31 января 1958 г.
№...
гор. Минск
Ніжэй, пад чорнай кучкай літар, яна прачытала:
СПРАВКА
Дело по обвинению Пташник Сельвестра Лазаревича пересмотрено Военным трибуналом Белорусского военного округа 28 января 1958 г.
Постановление от... 1937 г. в отношении Пташник Сельвестра Лазаревича отменено, и дело за отсутствием состава преступления прекращено.
Пташник Сельвестр Лазаревич реабилитирован посмертно.
Зам. председателя Военного трибунала
Белорусского военного округа
І подпіс у канцы. Яна ўчапілася вачыма, не ведаючы чаму, адразу за гэты крывы подпіс. Знаёмае, вельмі ж знаёмае прозвішча. Яна чула яго.
Пасля яна аціхла: ёй пачало рабіцца ўсёй горача. Гараць агнём шчокі, як ад чалесніка. Тады зноў пачалі стыць плечы.