«Якая сёння цяжкая дарога», — падумаў ён. Яму захацелася курыць, але ён не стаў.
— Ну вось і парадак... — нарэшце сказаў ён і падумаў:
«Да горада яно, брат, мусіць, для цябе далекавата... Я цябе — яшчэ трошачкі... Ну, вось сюды, да школы, ну... да могілак. Ну, скажам, да магазіна ў Сушкаве. Тут ты быў, ведаеш дарогу, вернешся сваімі малымі ножкамі назад, прыйдзеш дамоў да мамы, дабяжыш. А то цябе хопяцца дома... Хопяцца — і няма. — Ён доўга думаў: хопяцца. — Хаця мы, брат, з табою не малыя дзеці. Дадзім тэлеграму. З дарогі, калі ўжо на тое пайшло-паехала. Так і так. Сын у бацькі ў горадзе. Жывы-здаровы, таго і вам жадае...» Сцяпан доўга глядзеў на дарогу.
— Толькі ты, брат, нешта сцішыўся. Не спі. А так у мяне з табой хірым будзе кароткі. Станцыя Беразай...
Валерка зарагатаў...
— А я знаю, што гэта. А я знаю...
— Ну вось. Не спі. Угавор.
«Хлапчаня, — думаў ён. — Намарылася за раніцу, набегалася, надыхалася — засне як піць даць. Што птушка сцюцюрыцца. Вось табе і маеш. Вось табе і будзе горад. Сланы-мядзведзі. Горад... — Ён уздыхнуў. — А ў мяне, у горадзе, брат, дом. Ты, брат, не знаеш. Вялікі дом. На Сельгаспасёлку... Туды з Камароўкі два аўтобусы ходзяць. Дом сам строіў, тры гады. Ён у мяне на дзве палавіны, у адной тры пакоі, у другой... Кухня асобна. Веранды дзве. Я яго на нямецкі вугал... Вокны, брат, з аканіцамі. Аканіцы зялёныя, і веранда зялёная. Сёлета вясной у новую фарбу перашарсціў. Падмурак высокі, з цэменту. Яго я, брат, у белую фарбу ўзяў. У мяне, брат, дом, — ваўкоў ганяй. У мяне, брат, дом... Але ў ім пуста. У ім, брат, і не спяць, і не смяюцца дзеці. Не плачуць. Не б'юць талерак і акон. У мяне, брат, каторы год цэлыя вокны ў верандах. А каб ты быў... Ты б, я знаю... За табой шыбін не налатаўся б... А так, брат, яны цэлыя. Цэлыя, брат...»
Сушкава праехалі толькі краем: дарога вёскай не ішла. Па вуліцы гналі скаціну, і давялося пастаяць, каб размінуцца.
Калі зноў у вокнах закруцілася поле — пабегла назад, Сцяпан сказаў зноў:
— Не спі...
Валерка расчырванеўся ад духаты, на носіку ў яго выступіў пот. Вочы пасалавелі: закалыхала.
— Не спі, брат... — ціха сказаў Сцяпан і падумаў:
«Маё ты хлапчанё... Мы з табой, брат, паедзем проста да мяне, на Сельгаспасёлак. Мы з табой, брат, пачнём жыць па-мужчынску. Я, брат, і шмат не п'ю, а то і зусім кіну. Я табе і тэлевізар куплю, і рыбак... Я табе, брат... Я табе ўвесь дом аддам. Я строіў яго, бо думаў, што ў мяне пойдуць такія, як ты... Ажно... Але ў мяне ёсць ты. Ты ёсць у мяне. Табе нялёгка будзе ступіць да мяне на парог, не думай надта. Не думай, што гэта проста. Верка — яна як і ўсякая жонка. Што ты... Тут, брат, не скандал будзе, а нешта большае. Верка — то яшчэ Верка, а цешча... Але мы з табой — мужчыны. Мы, брат... А Верка... Верку я люблю... Каб не любіў — не жаніўся б. Праз Верку я, брат, згубіў быў цябе. Было. Але я яе люблю і не кіну. Яна разумная... Толькі... Толькі ці палюбіць цябе яна так, як я... Яна, брат, і мяне не ведаю ўжо, ці любіць. Хто скажа? Ды я ў яе пра гэта не пытаюся ўжо, ды і ні ў кога. Я, брат, яе люблю, колькі хочаш і каму хочаш пра гэта скажу. А яна? А яна і з другой змены пазней прыходзіць, і ў грыбы часта з «падругамі» ездзіць. І раз ноччу позна з'явілася — у «падругі» імяніны былі. Яно, брат, так. Не будзеш жа сачыць. Можа, брат, я і лішняе думаю пра яе... А Волька... Ты, брат, малы, ты нічога ў гэтым не разбярэшся, хоць і мужчына. Так, брат, выйшла. Толькі я цябе нікому не дам. Ніякаму экскаватаршчыку. Каб ён над табой... Ты, брат, мне сын. Ты сын мне... Вось так...»
Машына імчала палявой дарогай, уздрыгваючы на каменні. Калі Сцяпан, высунуўшыся з кабіны, азіраўся назад, згледзеў, як падымаецца ўслед за імі пыл і стаіць над дарогай. Недзе над лесам за Сцешыцамі вісеў дым, і далёка-далёка за ім жаўцелася поле — маленькая палоска. Калі ўгледзецца, — там былі відаць белыя будынкі, але на сядзенні страшэнна зыбала. Сцяпан падумаў, што ў пачатку дарогі заўсёды азіраешся назад, як нечага забыўся...
Ён павярнуўся, пакратаў плячом:
— Эх ты, мой сонны чалавек. Ты нават не пачуў бы, каб я табе пра ўсё гэта гаварыў. Ты, брат, спіш. Заваліўся мне за плечы і спіш. Ну што мне рабіць з табой? Што? Скажы. Я ўжо ў цябе пытаюся. Ты мужчына. Сам скажы. Тут, яно, Валерка, сур'ёзна. Гэта табе, брат, не ў хаванкі з дзецьмі гуляць у Сцешыцах на вуліцы. Тут ёсць бацька, маці, ёсць суд. Тут, яно, брат... Маўчыш усё? Ну а мне што рабіць? Што рабіць бацьку, у якога адзін сын... Гарачы, сонны... Босы, з абдзёртай ножкай... Ну, не маўчы!..
Валерка спаў.
Ля дзвюх старых разгатых бяроз канчалася дарога, што ішла ад Сушкава полем, і Сцяпан выехаў на шашу. Азірнуўшыся яшчэ раз назад, ён заўважыў толькі, як радзее і растае пыл.
1962
Іргá каласістая
Эскіз
Чалавек нараджаецца, каб запаліць у Сусвеце зорку ці пакінуць на зямлі след.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Леапольд Іванавіч Родзевіч (Лёля) нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 года на хутары ў Кур'янаўшчыне, тады Вілейскага павета Віленскай губерні. Ад маёй вёскі Задроздзе, а калі лічыць ад маёй канцавой хаты — можа, за паўвярсты праз балота.
Хата наша, з добрага часанага сасновага бярвення з трысценем і варыўнёй, крытая саломай (згарэла ў сорак чацвёртым годзе летам, спалілі немцы ў апошнюю блакаду), стаяла ў канцы вёскі па дарозе з Сушкава ў Леснікі. Калі ісці ў Леснікі, у Ваўкаўні ля лесу, дзе хавалі на зіму ў ямы бульбу, трэба было ў вілах узяць правей. Левы ж тор выводзіў лесам у Агульніцу, далей у Бярэзавец і праз Каралінскую пасеку вёў да ракі Віліі, за якой была Польшча.
Гэта — на паўночны бок Кур'янаўшчыны.
Калі скіраваць на поўдзень, мінаючы справа грэблю і вёску Сушкава, падацца праз аселіцу ў канцы гарода і перайсці ўброд нашу рэчку Дроздку (адсюль і Задроздзе), якая да нашай вёскі называлася Жоглаўкай, а далей, павіляўшы па балотах і па лесе, ужо Дроздкай упадала ў Вілію, і падняцца высокім берагам на Выганчык, ладны кавалак логу між крыніц, — выходзіш на Крайскі бок. Крайскі бок — і тады, калі нарадзіўся Родзевіч, і пазней, аж да нашых 60-х гадоў, — пракаветнае балота са старымі вольхамі, елкамі — гэта далей, пад Рэпішча-пушчу, — а тут, за Выганчыкам, травяністая твань з нізенькімі бярозкамі, ніцай лазой, гадзюкамі і вужамі, усё ў куп'і, парослым ліставатым вобаратнікам, журавіннікам, чаротам, асакой, рабінкай і мохам.
Ступіш пасля Выганчыка нагой, адразу правальваешся ў балота аж па калені, калышучы і выцягваючы наверх руды торф з бурбалкамі і праціўным рэзкім сырым пахам, ад якога круцілася ў галаве і блажыла. Па балоце было не прайсці, і на ім ляжалі кладкі. Па два ці тры альховыя бярвенцы, слізкія пад нагамі, як бог ведае што, не ступіць, каб не зляцець у твань, гарбаціліся праз увесь Крайскі бок да самай Кур'янаўшчыны — якраз да першага Саду, дзе некалі і стаяла хата Леапольда Родзевіча.
Кур'янаўшчына — гектараў пяць воранай зямлі — была акружана вясковымі палямі і сенажацямі — лагамі і лажкамі — з усіх бакоў. З паўночнага захаду падыходзіла вёска Задроздзе са сваім Выганчыкам, на паўднёвы захад, калі пакінуць справа могілкі, — Сушкава з Дваром і Малінаўкай, на паўднёвы ўсход — Хадакі, адкуль была родам маці Лёлі — Леапольда — Гелена Яноўская, як пішуць. (Відаць, Гілена, бо Гелен у нас не было ні тады, ні цяпер. Толькі Гілена.)
Далей гэтых вёсак на поўдні быў Крайск, мястэчка, дзе і канчаў пачатковую школу Лёля. Мястэчка тады вялікае, на нейкую частку жыдоўскае, з карчмой, крамамі, кузняй, майстэрнямі, смалакуркай, царквой... Яно стаяла якраз на тракце Барысаў-Зембін-Плешчаніцы-Вілейка-Даўгынава (у нас — толькі Даўгынава, а не Даўгінава)... Ва ўсіх гэтых мястэчках асядалі тады жыды — балаголы і рамеснікі. З Крайска добра быў відаць касцёл у Альковічах, — ягоны высокі шпіль у пагодныя дні можна было бачыць і з Кур'янаўшчыны — доўгай і тонкай, як дзіда, чорнай іголкай у небе.