На золаку нас паднімалі і зноў пад канвоем гналі на завод. Калі хто не ўставаў ад знясілення ці недамагання, таго моцна білі і прымушалі ісці. Пры гэтым гаварылі:
— Няма чаго прытварацца.
На маіх вачах збілі Галавача Пецю, які так аслабеў, што не мог падняцца з нараў.
Рабочыя не вытрымлівалі і паміралі. Штодзённа з баракаў выносілі па дзесяць — дванаццаць чалавек. Іх грузілі на аўтамашыну, вывозілі за горад, у лес, і там закопвалі.
Праз некаторы час нас перавялі на другую работу — загартоўваць часці для самалётаў. Рабочыя не хацелі дапамагаць немцам і стараліся шкодзіць, як маглі. Яны то недагартоўвалі, то перагартоўвалі. Калі немцам удалося выявіць шкодніцтва, пачаліся допыты. У мяне імкнуліся даведацца, хто з рабочых гэта зрабіў. Я хоць ведаў, але не прызнаўся. За гэта мяне моцна адлупцавалі. Дарослых збівалі да смерці. Тонік Васіль не перанёс пабояў і назаўтра ж памёр. Нягледзячы на катаванні, рабочыя трымаліся дружна, і немцам не ўдалося выявіць, хто шкодзіў.
Немцы ўзмацнілі нагляд, але і гэта не дапамагло. Рабочыя ўхітраліся шкодзіць і пасля гэтага.
Цяжка было ў канцлагеры. Жылі мы горш за скаціну. Я ўсё часцей і часцей успамінаў родны дом. «Эх,— думаў я,— каб хоць на хвілінку злётаць дадому, убачыць сваіх». Але гэта было немагчыма. Немцы пільна сцераглі нас і на кожным кроку гаварылі, што мы ўжо ніколі больш не вернемся на радзіму. Балюча было чуць гэта.
У пачатку 1945 года да нас у барак трапіў адзін наш ваеннапалонны баец. Убачыўшы яго, зняволеныя пачалі бедаваць. Тады ён ціха сказаў:
— Не бойцеся, хутка нас вызваляць.
— Адкуль ты ведаеш? — спыталі ў яго.
— Я быў разведчыкам,— сказаў ён і расказаў, што робіцца на франтах.
Ад яго мы даведаліся, што нашы ідуць на Берлін. Усе вельмі ўзрадаваліся: да гэтагу часу мы нічога такога не чулі. Але некаторыя гаварылі, што нам усё роўна не мінаваць пагібелі.
— Нас ці пазабіваюць, ці папаляць,— казалі яны.
Мне чамусьці думалася, што я абавязкова застануся жывы і вярнуся дадому.
У канцы красавіка немцы забегалі. Потым пачалі праходзіць адступаючыя нямецкія часці. Наш завод быў замініраваны. У поўдзень сталі выводзіць здаровых людзей. Тыя, што не маглі хадзіць, засталіся ў бараку. Такіх набралася чалавек пяцьсот. Сярод іх быў і я.
Нас замкнулі, а барак падпалілі з двух канцоў. У бараку падняліся страшэнныя крыкі, плач. Людзі лезлі ў вокны, але канваіры спіхвалі іх назад. Я бегаў з аднаго канца ў другі, але выбрацца не мог. Потым і на сярэдзіне барака пачало прыпякаць. У адным месцы дашчаная сцяна зусім прагарэла і абвалілася. Я падумаў, што ўсё роўна загіну, і рынуўся ў гэтую дзірку. З гэтага боку канваіры не пільнавалі. Таму мне і ўдалося выскачыць з барака.
Калі я апынуўся на двары, на мне гарэла вопратка. Я хутка скінуў яе, і ўсё ж у мяне абгарэлі валасы, твар, рукі, ногі. Ад болю я не мог ісці і прысеў на зямлю. Тут наляцелі амерыканскія танкі і прагналі немцаў. Праз некаторы час усе, хто выратаваўся, адправіліся на радзіму.
АНДРЭЙ БАРАНОЎСКІ (1932 г.)
Капаткевіцкі раён.
ВЫРАТАВАННЕ СМЕРТНІКАЎ
Мой дзень пачынаўся і канчаўся на станцыі Шклоў. Наша сям'я была звязана з партызанамі, і мне было даручана сачыць, калі і што прыбывае на станцыю. Як я заўважаў што-небудзь цікавае, дык зараз жа праз сувязных паведамляў аб гэтым у атрад. А там ужо рабілі свае «вывады».
Вясною 1943 года, як заўсёды, я з сваім таварышам Пыжыкам Барысам туляўся на станцыі, і нічога такога карыснага для нас не траплялася. I толькі пад вечар немцы расчынілі вагоны з соллю і пачалі яе згружаць. Мы зараз жа пайшлі туды, бо нам вельмі не хацелася вяртацца дахаты і пустымі рукамі.
Немцы не адзін раз адганялі нас ад вагонаў, I мы вярталіся зноў і зноў, пакуль не панабівалі ўсе нашы кішэні. Аднёсшы дадому соль, мы прыйшлі ў другі раз. Немцы ўжо грузілі апошнюю машыну і вагоны падмялі так, што нельга было сабраць нават на засол аднаго гаршка.
Але нечакана нам пашанцавала. У метрах пяцідзесяці ад таго месца, дзе мы стаялі, у тупіку ўбачылі адзін вагон, якога мы раней чамусьці не заўважылі.
— Пойдзем паглядзім, што там такое,— прапанаваў я.
Мы падышлі да вагона. Ён быў яшчэ запламбіраваны, але гэта нас не спыніла. Мы садралі пломбу, разарвалі дротавую прывязь і рассунулі дзверы. Тое, што мы ўбачылі, вельмі нас узрадавала. Вагон даверху быў нагружан маленькімі скрыначкамі. Я ўскочыў наверх і ўзадраў дошкі адной з скрынак. Але было цёмна, і я не мог убачыць, што там знаходзіцца. Я ўсадзіў руку ў скрынку і адчуў нешта густое, ліпучае.
Адкалупаўшы кавалак, я панюхаў і потым пакаштаваў. Ого! Гэта быў самы сапраўдны пчаліны мёд. Нечакана наш няўдалы дзень скончыўся так добра.
Спачатку мы хацелі завярнуцца і хутчэй бегчы да сувязнога, каб сказаць яму аб каштоўнай знаходцы, але Барыс падаў добрую думку:
— З якой гэта ласкі мы пабяжым з пустымі рукамі...
Мы набралі скрынак, колькі маглі, і, хаваючыся па-за вагонамі, панеслі да нас. Мамы дома не было. Мы занеслі скрынкі ў наш хлеў і схавалі іх у яме, дзе стаяла бочка з капустай. Яму загрузілі да краёў, а наверх паставілі, як і было, бочку. Потым Барыс пабег да сувязнога, а я зноў вярнуўся на станцыю сачыць за вагонамі. Толькі гэта падышоў я да станцыі, як убачыў, што немцы нешта вельмі забегалі каля вагона з мёдам. Я вярнуўся дадому. Неяк выйшла, што матцы я так нічога і не сказаў пра гэтую справу.