— Цябе ратую, — гэтак жа здзіўлена адказаў хлопец. — Хто каго выцяў? — спытаў ён.
Сапраўды, гэта быў Жора Бандзюк. Відаць, ён з нейкай дзяўчынай таксама гуляў каля лугу: вось адкуль тыя іншыя сляды на расе. Калі пачуў узбуджаную гамонку і крыкі, кінуўся на дапамогу. А мо і нечым іншым займаўся, бо прыезджыя Бандзюкі наогул жылі неяк таямніча, загадкава. Загадкавым было і само іхняе з’яўленне на хутары. Невядома адкуль прыехалі — ніхто не мог дапытацца: то аджартоўваліся, то казалі, што з гэтага свету, як і ўсе. Аднак на здзіўленне хутка пабудавалі хату каля Школьнага лесу — апыталі старую ажно ў Малаедах, дабралі новага лесу — і адкуль толькі грошы? — і неўзабаве невялікі, але ладны чорна-жаўтлявы ад помесі старога і новага дрэва дамок засвяціўся на зялёным фоне. У старога Бандзюка — найбольш з выгляду, мо праз тое, што меў пышныя вусы і нейкі дзіўна састарэлы твар, хоць вочы свяціліся надта молада, было два сыны. Старэйшы Жора, грузны, таўсматы хлопец семнаццаці гадоў, з дужымі кулакамі, вялікай галавой — на хутары казалі, што на такую галаву шапку трэба як на цэлы цэбар, і меншы Грыша — гадкоў сем-восем.
Дык вось Жорык і прыйшоў на дапамогу зляканай кампаніі.
— Чаго стаіш? — крыкнуў ён Васілю. — Слабака баішся? Дак ён і праўда парэжа, укакошыць каго, злыдух гэты.
Але пакуль Васіль перамінаўся з нагі на нагу, ад удару Жорыка ў жывот Чэсь сагнуўся, пасля пакаціўся на зямлю, пляснуўся плячыма на мокрую ад расы траву. Калі падаў, міжволі ўзмахнуў рукамі. Ножык матлянуўся пад носам у Васіля, які апынуўся ля Чэся, і чыркнуў па верхняй губе. З яе адразу пырснула кроў, ажно ў вочы трапіла.
Г алас на лузе памацнеў.
Спалохана закрычалі дзяўчаты, замітусіліся, завойкалі, пачалі праклінаць Чэся, пасля кінуліся памагаць Васілю. Узбуджана гаманілі падлеткі, для іх гэта было нечым надзвычайным, пра што і ў сне не маглі ўбачыць. А тут належала ратаваць ад забойства старэйшых за сябе. І яшчэ невядома, як будзе паводзіцца раз’ятраны Чэсь, мо і на іх кінецца. Але яны не ўцякалі, не разбягаліся, а кучкаваліся, каб быць разам, калі што якое.
Адно Жорык паводзіў сябе больш стрымана і рашуча. Ён падышоў да раптоўна зблажэлага Васіля, углядаўся ў заліты крывёю твар:
— Пакажы, — уважліва агледзеў рану. — Здаецца, не глыбока. Дзясны не зачапіў. А губу прарэзаў, недавумак. Дайце хто хустачку. І лісток падарожніку знайдзіце. Пайшлі да вады, — загадаў Васілю, — абмыцца трэба...
— А што з гэтым... з Чэсем? — нясмела спытала Гэлька, бо Маня ваўсю клапацілася каля параненага.
— Ды мы яго зараз, як таго салдата, — асмялелі падлеткі. — Здымем порткі і ў луг. Хай паплавае...
— Не, хай у портках, — запярэчыў іншы. — Давай! Бяры яго, зацягнем...
Хлопцы гатовы былі і праўда выкупаць Чэся, яны нават кінуліся да яго. Але іх спыніў Жорык, бо і Чэсь, які змікіціў, што можа добра атрымаць на арэхі, натапырыўся, выставіў перад сабой ножык:
— Не падыходзь, а то ўсіх рашу... — і паставіў вочы праўцом, здавалася, яны засвяціліся злоснымі зялёнымі аганькамі — як ў кошкі.
— Іш, які шустры, рашыць ён, — падала голас Гэлька. — Ты ўжо нарашаў, зас...нец. На сваю галаву... Заліў бельмы, дак спаць ішоў бы... Проціў каго ты пайшоў, га? — спрабавала яна сарамаціць, гледзячы на мурзатага Чэся. Ён, калі падаў, вымазаў твар зямлёю. — Мурза ты паповая... Вытры хоць мызу сваю, — пашкадавала нечакана.
Чэсь марськануў рукой па твары, але толькі яшчэ больш размазаў гразь. Выцірацца не захацеў, каб не губляць пільнасці, бо кампанія не адмовілася ад задумы выкупаць яго ў лузе.
— А ён зараз увесь вымыецца, — весела прамовіў Міця. — Давайце, хлопцы, бярыце яго... Мы зараз усім гамузам зацягнем яго ў луг...
— Правільна, бі свой свайго, каб чужы баяўсё...
— Знайшоў сваяка. Я з ім на адным полі не сяду...
Падлеткі зноў сталі падсоўвацца да Чэся, не трацячы, аднак, асцярожнасці і гатовыя даць лататы, калі ён нечакана пачне выкідваць конікі. Але неўтаймоўных купальшчыкаў суцішыў Жорык:
— Не чапайце, хлопцы, — прамовіў. — Хай коціцца адсюль круглым колам... Сухім, бо падумаюць, што абас....сё, — падлеткі гучна засмяяліся, ажно Чэсь насуплена зірнуў на іх, як бы хацеў папярэдзіць, каб не надта выскаляліся, бо ён здолее адпомсціць неразумным падшывальцам. — Адно ножык аддай, — звярнуўся Жорык да Чэся. Той трохі памарудзіў, але нечакана згодліва працягнуў трымтлівую руку з ножыкам, якія таксама былі запырсканы крывёю. Жорык павадзіў лязом і тронкамі па траве, змываючы расой кроў, зачыніў ножык і схаваў у кішэню. — А ты каціся адсюль. Я ж сказаў, — звярнуўся да трохі збялелага Чэся. — Удома пра ўсё раскажы бацьку, — і моцна стукнуў нагой пад зад. — Каціся, чаго стаіш?
Той хіснуўся, заблытаўся ў высокай траве і паляцеў потырч, падаючы, абапёрся на рукі. Да яго, відаць, яшчэ не даходзіла, што на самай справе адбылося. Рукі, аднак, трымцелі, ногі невядома чаму падгіналіся ў каленях, ён насілу выпрастаўся і ўлукаткі пайшоў у лагчыну. Усе з палёгкай уздыхнулі, як бы скінулі з плячэй важкі мяшок бяды. Але сэрца яшчэ не магло супакоіцца, трымцела ад страху, калацілася ад абурэння. Такі быў добры вечар, такія ладныя танцы, і гэтая дарога з добрай кампаніяй між жытоў, і на табе...
Некаторыя пазіралі ўслед Чэсю, як бы правяралі, ці пойдзе дадому, ці мо збочыць у жыта, каб перачакаць, набраць камянёў і дагнаць іх. Але ён не азіраўся, плёўся сабе, часам няскладна махаючы рукамі.
А ў тым баку, куды ён ішоў, неба было светлае-светлае. Здавалася, яшчэ імгненне, яшчэ момант, і выкаціцца з-за высокага жыта спачатку няяркае, але з кожнай хвілінай усё больш зыркае сонца, пырсне сваімі праменнямі на наваколле і змые, сатрэ з твару зямлі ўсю непатрэбшчыну, усё благое і кепскае.
Мані падумалася, што каб быў тут Саша, то немінуча знайшоў бы што-небудзь адпаведнае ў Коласа. А чаму не? Не можа быць, каб Колас не прыкмеціў гэткай прыгажосці.
Маня не памылялася, паэтава захапленне сапраўды вылілася ў цёплыя радкі:
Усход жыве, гарыць, палае,
Слупы-праменні падымае.
Бы тыя рукі блаславення
У часе шчырага малення.