— Глядзі ты, праўда нічога няма, — яшчэ больш дзівіліся даверлівыя. — А выцінае.
Тады сёй-той складваў свае далоні і мерыўся таксама зайграць — як дзядзька. Але колькі ні дзьмуў, нічога не атрымлівалася, толькі твар чырванеў ад напругі, ды часам тая травінка вылятала з пальцаў.
— Ну нельга ж быць такім няздатным. Сапеш, як салявы мех, а вышку — пшык, — пацвельваўся дзядзька Ясь і зноў падымаў рукі. — Слухай, як я буду выцінаць.
Ён стараўся патрапіць у такт гармоніку. У яго гэта атрымлівалася. Калі ж падлеткі даймалі так, што адкупіцца было нельга, дзядзька ва ўсім прызнаваўся. Хлопцы пачыналі сердаваць за падман, але дзядзька Ясь загладжваў сваю правіну тым, што знаходзіў ім такія ж травінкі і вучыў, як правільна стаць музыкам. Аркестр разрастаўся да неверагодных памераў і гучаў так разнастайна, што часам ажно танцоры збіваліся з нагі. Бо навука давалася цяжка: то травінка парвецца, то выскачыць з няшчыльна прыціснутых пальцаў, а то раптам рыкне, як бык, і сціхне, хоць ты на яе маліся. Шукай тады іншую.
Але ў таго, хто хутчэй пераймаў дзядзькавы навыкі, гранне было прыемным, супадала з агульнай мелодыяй. Калі ж каму мядзведзь заехаў поўху, то чулася нейкае невыразнае пішчанне. Яно замінала, выбівала з рытму. На такога музыканта адразу шыкалі, праганялі. Але творчасць — такая зараза, што проста так не адпускае і чужым загадам не падпарадкоўваецца. Малец адбягаўся ад кола танцораў і падыгрываў музыкам здаля, каб лягчэй уцячы, калі некаму не пад густ.
А тут яшчэ няўтомны Валодзік Хвілосаф свае тры грошы ўставіў. Ён крутнуўся каля хаты, хацеў пабачыць цётку Зіну, але не знайшоў. Тады папрасіў Васілёвага бацьку:
— Дзядзька Сцяпан, прынясіце вашы шамкг.
Сцяпан адразу зразумеў Валодзікаву задумку, а іншыя вырашылі пакпіць, каб пасмяяцца.
— Ты мо ў сваты вырашыў з’ездзіць? Да каб з шумам, з гамам, з шамкамі. Давай-давай, сёння ты і праўда на жаніха падобны.
— А мо ён хоча сабе на шыю гэтыя бомы павесіць, каб звінець у танцы?
— Ага, каб усе разбягаліся, калі Хвілосафа на польку пацягне...
Дзядзька Сцяпан прынёс шамкі. Валодзік узяў іх у рукі, трохі страся-
нуў, як бы правяраючы, ці гулка звіняць, а тады пайшоў да галоўных гарманістых. Стаў каля барабаншчыка, падміргнуў яму і пачаў у такт патрасаць звонкімі бомамі. Музыка памацнела, стала не адно больш гулкай, а і разнастайнай.
І тады ўрэзалі ўсе разам: Васіль на гармоніку, Колік Гэтэвічаў на барабане, Валодзік Хвілосаф з шамкамі, шмат хто з грэбенем, яшчэ больш тых, хто з пырнікам. Для не надта прыдзірлівага і спанатранага вуха гралі яны зладжана, як бы іхняе натхненне супадала. Гэта дадавала імпэту танцорам, моцна цешыла простых слухачоў — добрая музыка падабалася ўсім. Бойкія танцы з прытупамі, з колам улева, колам управа, з размахамі рук і прыпеўкамі, здаецца, паднялі ўвесь хутар.
У прадчуванні гэткай весялосці не маглі ўседзець у хатах і дзяды з бабкамі. Найбольш рухавыя прытупалі на надворак яшчэ да гукаў гармоніка. Іншыя падыходзілі цяпер. Для іх наўмысна вынеслі з хаты столкі, паставілі каля сцяны — каб не натруджвалі ног і без таго спрацаваныя за жыццё людзі. Бо разумелі: міне пэўны час, і яны самі будуць такімі. А для старых гэта таксама вялікае свята і незвычайная падзея. Бо дзе ты збярэшся ў будзень, каму выкажаш свае досведы, з кім падзелішся сваёй былой жыткай і сённяшнімі навінамі. Калі яшчэ нагаворышся ўдосталь, ды яшчэ пасвойму, бо калі прыходзіць які начальнік альбо з пастарунка хто, ці нават ксёндз, то кожны стараецца з ім па-польску гаварыць — як пан начальнік, а то, не дай Бог, не зразумее чаго пан начальнік, засярдуе, прычэпіцца, а то і штраф які прыпаяе ці ў пастарунак пацягне.
А як жа — іх саміх, іхніх дзядоў і прадзедаў, а мо яшчэ і далей углыб так доўга штурхалі наперад, не дазвалялі азірацца назад, што ўсе яны не толькі мовы сваёй цураліся, але і гісторыі не ведалі, баяліся знацца са сваімі найдалёкімі продкамі, што некалі гэтую зямлю абжывалі і іхніх дзядоў на свет пусцілі. Таму не толькі на Язаўцы тутэйшыя людзі прывыклі гаварыць на мове начальства. Не, каб самі захацелі, то не скажаш — змушалі да гэтага, каралі, адвучвалі. Працяглай — не адно стагоддзе, балючай і не бяскрыўднай — дубцамі лупцавалі, у турму саджалі, нават галаву сціналі — была тая навука. Вучылі дагаджаць начальству то па-польску, то паруску, то зноў па-польску.
Нават цяпер у школе ўсё па-польску, толькі і пачуеш іншае слова, што ад бацюшкі — яму аднаму дазволена выкладаць Закон Божы не па-польску. Але ж і не па-беларуску, а па-руску, ці мо больш дакладна — па-стараславянску. Сама школа, што ў Высокай Ліпе, мае сем класаў. Хто закончыць яе, можа працаваць настаўнікам. Але дзе там вельмі закончыш, калі восенню працы — вышэй галавы, а зімой, калі трохі вальней, адны валёнкі на ўсіх дзяцей у сям’і. Вось і даводзіцца хадзіць па чарзе. Ды яшчэ падганяе страх, што прыпаяюць штрафу, бо дзеці ад сямі да чатырнаццаці гадоў мусілі абавязкова хадзіць у школу. Польскія ўжандоўцы стараліся сачыць за гэтым пільна — грошы для казны былі патрэбныя.
У сувязі з гэтым дзіўнымі падаваліся пагалоскі, што беларусам быццам бы можна вучыцца не вышэй за чацвёрты клас. Паверыць у гэта не маглі. Як жа тады звязаць канцы з канцамі? З аднаго боку, прымус, а з другога — забарона. А калі не скончыш сямігодку, — не падасіся ў настаўнікі, у лепшым выпадку станеш дарэктарам, будзеш па хатах вучыць арыфметыцы ды чытанню такіх, як сам. І то наўрад ці здолееш прывіць дзеткам любоў да свайго, бо няма падручнікаў на роднай мове. Хіба што так, як Саша Назаноў, — за кардонам здабываць беларускія кніжкі. Але небяспечна, не кожны адважыцца, як не ўсякі пойдзе і на тое, каб дзіця ягонае чытала беларускія кніжкі, а тым больш вучылася на сваёй мове.
Адвучылі. Запалохалі.
Вось і трымаюцца гэтай звычкі хутаране. Хоць і кажуць, што воўк сабакі не баіцца, але ж звягі не любіць, ды і беражонага Бог беражэ...
Цяпер жа старыя паважна сядзелі каля сцяны. Спрацаваныя рукі, а ў найбольш пажылых — з пакручанымі і сагнутымі пальцамі, кабеты паклалі на беленькія фартухі. Бо не прыстала ім, захавальніцам традыцый і старэйшынам у родзе, хадзіць не так, як іхнія бабулі і прабабулі. Не мелі яны на гэта ніякага права. Таму і падаставалі спады спаду сваіх куфраў святочныя спадніцы, пашытыя з вытканага на ўласных кроснах ваўнянага палатна. А паўзверх іх павязалі хто проста белыя, а хто вышываныя фартухі. Ад гэтага не толькі іхнія спіны выпрасталіся, а нават маршчын на твары паменела, яркія маладыя агеньчыкі засвяціліся ў вачах. Гэткаму настрою спрыялі і звыклыя пытанні-захапленні:
— А дзе ж ты, Маня, гэдакі хвартух хавала, што ніколі не відаць было?
— Ого, глядзі, якая ў бабы Волькі спадніца — паласатая, шырокая, на дваіх хапіла б. А яна адна ў ёй красуецца. І праўда, як кветка.
— А бабу Раіну і зусім не пазнаць. Як у будзень, то ў адной рвані ходзіць. А тут вунь як выфранцілася. Хоць ты пасватайся да яе.
Кабеты паселі поруч са сваімі альбо суседскімі мужчынамі і паціху гаманілі па-свойму, пазіраючы на танцораў, а заадно не праміналі ацаніць маладых, абгаварыць, хто што апрануў, у каго якія здатнасці да танцаў ды хто каго звыш меры да сябе прыціскае.
Здаралася, мужчыны, якія нямала патапталі поля на гэтым свеце, згадвалі сваю незваротна збеглую маладосць, незабыўны час ігрышчаў, і тады з грудзей вырываўся ўздых шкадавання і надзеі, а ногі самі прасіліся ў рух. Раўняцца з юнакамі яны, вядома, не маглі, бо ў іхнія гады якія ўжо скокі. Так ва ўсякім выпадку здавалася моладзі. Але сярод старэйшых былі не толькі нямоглыя. Сёй-той яшчэ так польку адаб’е, што не кожны малады патрафіць. Васіль жа мог і «лысага» зайграць, і вальс з падыспанню. Сёйтой нават на кракавяка адважваўся, бо для старэчых ног ды спінаў гэта найбольшае выпрабаванне.
Вось і цяпер мужыкі, падахвочаныя музыкай ды скокамі маладых, прыстаўлялі да сцяны кульбакі, з даўнейшай галантнасцю рабілі паклон сваёй пані-гаспадыні і спаважна вялі яе ў танцавальнае кола — зараз і мы тупнем, пакажам маладым, што такое праўдзівыя скокі. Моладзь паважліва саступала, каб не замінаць і не блытацца пад нагамі, Васіль пачынаў нетаропкі вальс альбо падыспань, і ўсе дзівіліся жвавасці танцораў, намагаючыся ўявіць, што маглі яны ў свае маладыя гады.
Часам дзяўчаты пляскалі ў ладкі, падбадзёрвалі прыпеўкамі, кшталту:
А там пад баракам
Танцавала рыбка з ракам.