– Што вы такое кажаце, пані Юхімка? Асабіста я да Веры добра стаўлюся.
– Якая я табе пані? Служанка я! Аб мяне можна ногі выціраць і ні за што дзякуй не казаць. Ад панскага добрага стаўлення ў нас адны непрыемнасці.
– Што здарылася?
– Нічога… Снедай, няма ў мяне часу на размовы, – адказала Юхімка і пайшла да печы, перастаўляла чыгункі, грымела вілашнікам.
Агаломшаны Тадзік з’еў сняданак і моўчкі падаўся з кухні. Жанчына правяла яго раздражнёным позіркам, зморана зірнула ў акно, убачыла, што чырвоная патэльня сонца ўзнялася над лесам, і вырашыла: годзе ўжо трываць. Паставіла на паднос сняданак для Каэтана і панесла ў ягоную спальню. На яе стук у дзверы, ніхто не азваўся. Яна ўвайшла ў пакой. Паніч і Верка спалі. Яна падышла да дачкі, моўчкі патузала яе за руку. Дзяўчына расплюшчыла вочы, убачыла Юхімку, няўцямна спытала:
– Што, мама?..
Жанчына прыклала палец да вуснаў, каб дачка замоўкла, кіўнула галавою ў бок пана. Вера павярнула галаву, убачыла Каэтана – здзіўлена зірнула на маці. Тая ў адказ пакруціла пальцам ля сроні, тузанула дачку, каб уставала. Вера асцярожна саслізнула з ложка, падняла з падлогі спадніцу, пачала апранацца. Маці агледзела пасцель, убачыла крывавыя плямы, скрушна паківала галавою, паказала дачцэ, тая ўсё яшчэ быццам ніяк не магла зразумець, што з ёю здарылася, бо нічога не помніла. Маці пастукала кулаком сабе па ілбе, потым дачцэ дала кухталя і выпхала за дзверы. Нарэшце і Каэтан заварушыўся, нездаволена нешта прамармытаў, расплюшчыў вочы, убачыў Юхімку, запытальна зірнуў на яе.
– Добры дзень, пан Каэтан. Я вам сняданак прынесла.
– Добра, – буркнуў ён. – Прынясі мне расолу ці квасу, нешта галава баліць.
– Прынясу, пане, толькі хачу спытаць, ці не сорамна вам хлусіць? Што вы з маёю дачкою зрабілі?
– Якая дачка? Нічога не помню… П’яны моцна быў…
– Маладая служанка, якая вячэру ўчора прыносіла…
– Нічога не помню…
– Паглядзіце на пасцель, там крывавыя плямы. Гэта сведчанне цнатлівасці маёй дачкі, якую вы… – Юхімка заплакала.
Каэтан азірнуўся на пасцель, і абурана сказаў:
– Ты хіба не разумееш, што пану нельга паказваць такую брыдоту? Замяні зараз жа ўсё! Прэч! Якое нахабства! Сама падсылае мне дзеўку, а потым яшчэ папракае. Скажы дзякуй, што не выкінуў яе праз акно на мароз! Якое паскудства!
Юхімка ціха выйшла з пакоя, дакараючы сябе за наіўнасць: "Пайшла ў паноў праўды шукаць! Ды ў іх толькі хваробу на галаву знойдзеш! Каб вы спрахлі! Каб вам нашы слёзы крывёю адліліся…"
26
Пасля палудня Юхімка паклікала Тадзіка да пана Руткоўскага, які сустрэў яго ў сваім кабінеце ветліва, адразу прапанаваў сесці. У пакоі быў яшчэ адзін малады пан.
– Калі ласка, Каэтан, пазнаёмся, гэта Тадэвуш Сапранецкі з-пад Беластока. Дапамагае мне пакуль па гаспадарцы, браў удзел у адной акцыі, быў паранены, – сказаў пан Руткоўскі.
– Вельмі прыемна, – адказаў дзяцюк і моцна, быццам выпрабоўваючы, паціснуў Тадэвушаву руку.
– Гэта мой малодшы брат, паручнік Каэтан Руткоўскі, табе лепш запомніць ягоную клічку Парушына і звычайна гэтак звяртацца да яго пры якой патрэбе.
– Зразумеў, – адказаў Тадзік.
– Як твая рука? – спытаў гаспадар кабінета.
– Зажыла.
– Гатовы зноў далучыцца да барацьбы?
– Даўно чакаю.
– У хуткім часе нам належыць правесці адну вельмі складаную і важную аперацыю, ты маеш магчымасць узяць у ёй удзел, – працягваў пан Руткоўскі.
– Буду ўдзячны, калі даверыце мне якую справу, – усхвалявана адказаў Тадзік, баючыся, што раптам паны перадумаюць.
– А стараляць гэты хлопец умее? – спытаў Каэтан у брата.