– Вы ж ведаеце, у гасцях добра, а дома лепш.
– Дамоў хочацца, да маці?
– Я хочу біць ворагаў, а замест гэтага ўсю восень малаціў снапы на таку, каб карміць іх. Дальбог, іншы раз хацелася ў зерне якой атруты падсыпаць!
Пан Руткоўскі засмяяўся і адказаў:
– Бачу ў тваёй асобе сапраўднага польскага патрыёта, гэта мяне радуе. Набліжаецца час адкрытай барацьбы з захопнікамі. Мы збіраем сілу і зброю. Патрывай яшчэ трохі. А калі табе набрыдла малаціць снапы, дык я прапаную табе службу ў Брэсце. Ці пойдзеш працаваць у гебітскамісарыят кур’ерам?
– Служыць немцам?
– Служыць будзеш Польшчы. Вывучай горад, заўважай, дзе збіраюцца немцы гуртам па вечарах ці ўдзень, сачы, запамінай, дзе можна непрыкметна праслізнуць міма вартавых, як уцячы ад пагоні, дзе можна падкласці міну, каб узарваць якое асінае гняздо. Я буду пасылаць цябе ў розныя ўстановы, а ты будзеш маім вачамі.
– Ці згодны ты на такую службу?
– Згодны на ўсё, каб толькі хутчэй вольнаю стала Польшча, каб зноў здолела сабрацца разам мая сям’я!
Пан Руткоўскі запаліў цыгарэту, выпусціў пухнатае воблачка дыму і злавіў сябе на думцы, што ён марыць пра тое ж самае, як і гэты юнак, але ці дадзена здзейсніцца гэтым марам? Ды не варта абцяжарваць душу сумненнямі, а рабіць усё, каб хутчэй настала вызваленне. Цяжка ўявіць, як выжывае яго Анеля з дзецьмі ў той страшнай Сібіры, без ніякіх сродкаў да існавання, без дактароў і лекаў. Усё ў руках Бога, калі ён паспрыяе, дык мо і сустрэнемся калі-небудзь…
– Добра, Тадзік, – сказаў пан Руткоўскі і адчуў, як прыемна яму прамаўляць гэтае імя, быццам на ягоны голас зараз прыбяжыць у пакой ягоны ўласны сын, – рыхтуйся, збірай, як маеш, якія рэчы. А пасля свята паедзем у Брэст. Падбяру табе добрую кватэру недалёка ад гебітскамісарыята. Гаспадыня будзе нешта гатаваць і на тваю долю, а ты будзеш плаціць ёй за гэта, бо мецьмеш магчымасць атрымліваць заробак і харчы па картках.
– Дзякую, пан Руткоўскі. Я пастараюся быць уважлівым кур’ерам.
– І яшчэ такое папярэджанне: я патроху буду знаёміць цябе з рознымі людзьмі, але калі раптам цябе схопіць гестапа, ні пра што не расказвай, нікога не пазнавай. Ты павінен зразумець, што з-за аднаго доўгага языка могуць загінуць сапраўдныя змагары, а іх шмат. Польшча падымаецца з каленяў. Пройдзе яшчэ трохі часу, і яна паўстане на поўны рост са зброяю ў руках, каб знішчаць ворагаў.
– Я разумею, пан Руткоўскі, што ад мяне патрабуецца, і пастараюся ўсё рабіць, як належыць, – узрадавана адказаў Тадзік. – Дазвольце ісці.
– Ідзі, – з усмешкаю ўзмахнуў рукою пан Руткоўскі і зноў злавіў сябе на адчуванні, што гэты юнак яму вельмі сімпатычны.
Тадзік выйшаў з пакоя радасны і ўзнёслы. Вочы ягоныя гарэлі прагаю дзейнасці. Адчуваў, што нарэшце толькі зараз пачынаецца яго сапраўднае змаганне. Калі пан Руткоўскі сабраўся ўзяць яго сваім памочнікам на працы, дык мо ў хуткім часе даверыць якую сапраўдную справу. Нездарма ж ён сказаў, што набліжаецца пара жорсткай барацьбы з захопнікамі. Хлопец выйшаў на ганак, удыхнуў марознае паветра на поўныя грудзі, агледзеў пусты двор, заінелы сад, і задаволена падумаў, што нарэшце ён пакіне гэты сонны куток.
14
Першапачаткова Тадзік Сапранецкі адчуваў сябе ў Брэсце няўтульна. Кожны раз, сустракаючы на вуліцах узброеных немцаў, напружваўся ад страху і нянавісці, сэрца пачынала калаціцца, калені дробна дрыжэлі. Але з цягам часу прызвычаіўся ўтаймоўваць пачуцці, прамаўляючы ў думках: "Нядоўга вам тут яшчэ сноўдацца. Недзе і на вас адліваюцца польскія кулі…" Толькі не мог спакойна хадзіць міма шыбеніцы, дзе на высокіх дрэвах бульвара былі павешаныя тры чырвонаармейцы, якія спрабавалі ўцячы з палону. За квартал абыходзіў гэтае месца, але варта было ўспомніць шыбеніцу, як перад вачамі паўставалі пасінелыя ступні павешаных і матузкі белых кальсонаў, якія калыхаліся на ветры.
Гаспадыня, Магда Цыпрынская, да якой яму далі накіраванне засяліцца на кватэру, спачатку таксама падалася непрыязнай і негаваркой, аднак пасля, калі яна прыгледзелася да юнака, дык выявілася сумесная сімпатыя. Доўгімі зімовымі вечарамі разам пілі гарбату з зёлак без цукру, абменьваліся навінамі, а найчасцей згадвалі даваеннае жыццё. Размаўлялі па-польску, што дадавала асалоды ў стасунках. Пані Магда бедавала па сыне і браце, якія ў саракавым годзе былі арыштаваныя нкусаўцамі. Згадваючы сваіх родных, яна звычайна плакала і з замілаваннем глядзела на Тадзіка, казала, што яе сынок Анджэй быў амаль кватарантаў равеснік. Гаспадыні было гадоў трыццаць дзевяць, не болей, але з-за нуды і стомы яна паводзіла сябе, як вельмі старая кабета, хворая на склероз, бо кожны раз расказвала адно і тое ж, быццам не помніла ранейшых сваіх аповедаў.
– Ну, няхай мо брат Ежы і быў вінаваты ў тым, што парушыў савецкія законы, – зморана казала яна, – ці бачыш, хадзіў без дазволу памежнікаў за Буг і праносіў рэчы, купленыя за ўласныя грошы ў Варшаве, каб тут прадаць. Па-нашаму, гэта называецца звычайным бізнесам, а для чырвоных – кантрабанда і спекуляцыя. Мы гэтак жылі пры нашых, гандлявалі, мелі невялічкую краму, а прыйшлі Саветы – усё забралі… Правялі нацыяналізацыю, абрабавалі ўсіх, у каго можна было хоць чым пажывіцца. А як нам было жыць? За што? Аднак мы выжывалі, я, старая дурніца, яшчэ ўзяла сабе памочніцу, хатнюю работніцу Батурыну, якая прыехала з Масквы голая і босая. Пашкадавала яе, пааддавала такія-сякія транты. Уяві сабе, яна падораную мною начную сарочку апранула, думала, што гэта такая сукенка з карункамі, і сабралася на рынак, добра, што я своечасова агледзела ды запыніла. Вось гэтая Батурына і нагаварыла піянерважатай Вузловай на майго Анджэя, што ён ненавідзіць савецкую ўладу, запасаецца зброяй, збіраецца ўцякаць за Буг, а перад гэтым парэжа яе на кавалкі на кухні. Безумоўна, мы ўсе былі патрыётамі, часта гаварылі паміж сабою, што Саветы тут часовыя, бо ў недалёкай будучыні з дапамогаю Англіі і Францыі Польшча будзе вызвалена ад немцаў і рускіх. Хто ж думаў, што гэтая няўдзячная, якая есць наш хлеб, карыстаецца нашай дабрынёй, пойдзе пісаць на нас даносы? Майго сыночка, якому толькі споўнілася шаснаццаць гадкоў, арыштавалі! Двойчы пракурор вяртаў справу на дадатковае расследаванне. А ў выніку майму хлопчыку далі пяць гадоў турмы і павезлі невядома куды. Ніводнага ліста ад яго не атрымала. Потым мяне выселілі з уласнага дома, давялося прасіцца на кватэру да састарэлай цётачкі, якая ў хуткім часе памерла ад непрымання перамен. А гэтыя подлыя Батурына і Вузлова занялі мой дом. Жылі там да прыходу немцаў, а пасля невядома куды падзеліся, мо паспелі выехаць, бо муж Вузловай быў вайскоўцам…
Тадзік слухаў пані Магду і ніколі не перабіваў. А ёй падабаўся такі ўдзячны слухач, пры якім яна магла і паплакаць, і пажурыцца, і пажаліцца. Пры гэтым была перакананай, што ён не пойдзе пісаць даносы, бо думае гэтак жа, як гаспадыня, і прагне вызвалення Польшчы ад захопнікаў. Хлопец прызвычаіўся пад яе голас згадваць сваіх бацькоў, маленства, сяброў і пачуваўся ў прыемным асяродку. Служба ў яго была не цяжкая. Час ляцеў хутка. Непрыкметна настала прадвесне, а ён усё насіў лісты на пошту, або паперы на вакзал да начальства і ў іншыя розныя канторы. Прыглядаўся да супрацоўнікаў розных устаноў, пра ўсё, што заўважаў, раз на тыдзень, па пятніцах, расказваў пану Руткоўскаму. Той слухаў, нешта удакладняў, перапытваў, прасіў лепш прыглядацца да немцаў, пры нагодзе падслухоўваць іхнія размовы, каб мець як мага больш інфармацыі пра намеры ворагаў. Тадзік стараўся. Заўважыў, што намеснік каменданта вакзала абыякава прымае ад яго паперы, гідліва адкідае ў бок, тое, што належыць перадаць уласнаму начальніку і расказаў пану Руткоўскаму. Той хваліў хлопца за кемлівасць, а Тадзік здагадаўся, што палякі шукаюць сярод нямецкіх служакаў нездаволеных службаю, заробкам ці мала яшчэ чым, каб выкарыстаць іх у сваіх мэтах і пачаў яшчэ пільней прыглядацца да гітлераўцаў, а заадно вывучаў горад, запамінаў паламаныя платы, дзе можна будзе пры выпадку схавацца, пралезці ў шчыліну і затаіцца. Адна такая дзірка ў плоце вельмі дапамагла яму выратавацца самому, а яшчэ і Сяргею Клімчуку, якога выпадкова сустрэў на рынку, куды вясковец прывёз прадаваць сыр і масла. Хлопцы павіталіся, пацікавіліся адзін у аднаго, як жыццё-быццё. Сяргей паскардзіўся, што партызаны забілі брата, які служыў паліцаем і меў хоць які заробак, а цяпер яны з маці і малодшым братам не маюць ніякіх сродкаў да існавання. Таму, як толькі ацялілася карова, пачалі збіраць смятану, каб збіць масла, ды насушылі сыру, чым ён зараз і гандлюе. Да ўсяго маці апошнім часам скардзілася, што вельмі галава баліць, трэба было шукаць якога доктара ды купляць лекі. Раптам над рынкам узняўся галас. Тадзік адразу здагадаўся, бо ўжо ведаў ад пані Магды пра такія выпадкі на рынку.
– Сяргей, аблава, бяжым! – крыкнуў ён і пацягнуў хлопца за руку.
– Куды? Што? – няўцямна спытаў той.
– Немцы хапаюць людзей, каб вывезці ў Германію.
Сяргей у момант скідаў у торбу кругляшы масла і сыру, раскладзеныя на палатняным рушніку, і кінуўся ўслед за Тадзікам. А той кіраваўся да дзіркі ў агароджы, якую даўно прыкмеціў і меў у запасе на ўсялякі выпадак: раптам сам трапіць у аблаву. Ззаду за імі каціўся вал чалавечых галасоў, які ўсё нарастаў, таму хлопцы беглі з усяе сілы. Праслізнуўшы праз агароджу, Тадзік агледзеўся, убачыў немца, які стаяў зводдаль спіной да яго, жэстам паказаў Сяргею, каб ён рухаўся ціха і слізгануў за бліжэйшую будыніну, Сяргей памкнуўся за ім. Ледзь ён паспеў шмыгнуць за рог будынка, як прагучала аўтаматная чарга, якая быццам падхліснула хлопцаў. Рынуліся ўперад, хаваючыся між пабудоў да воданапорнай вежы, адтуль кінуліся да высокай агароджы былой гімназіі, дзе цяпер размясціўся нямецкі шпіталь для вайскоўцаў. Толькі тут яны прыцішылі крок і азірнуліся. Ніхто іх не даганяў. Аднак хлопцы хутка пашыбавалі па вуліцы, далей ад рынка, каб не нарвацца на яшчэ якую непрыемнасць.
– Па табе стралялі, не зачапілі? – спытаў Тадзік.
– Як быццам не, – адказаў Сяргей аглядаючы сябе. – Глядзі, торбу прашыла куля навылёт, сыр патрушчыла, – канстатаваў ён, зазірнуўшы ў кайстру. – Давай яго з’яму. Усё роўна пакрышыцца.
Хлопцы са смакам жавалі сыр ды з насцярогаю паглядваючы па баках.
– Смачная рэч, – пахваліў пачастунак Тадзік. – Ты заўсёды насі з сабою сыр, бачыш, ён табе жыццё выратаваў.
– Ага, наносішся! Бедны селянін што збярэ, дык мусіць прадаць, каб падаткі заплаціць, а сам нішчымніцаю душыцца. І гэтак было заўсёды, вось што крыўдна!