— У тым пакоі калгаснікі некалькі разоў бачылі прывід.
— Цікава.
— Аднойчы, гады чатыры таму, калгасныя будаўнікі бралі тут цэмент і бачылі здань мужчыны, які быццам бы бясшумна прабег па падвале і знік проста ў сцяне. Потым дзяцей напалохаў прывід, які раптоўна з’явіўся перад імі і гэтак жа раптоўна знік у той жа самай сцяне.
— Значыць, мая здагадка правільная, і патаемны ход трэба шукаць менавіта там.
Настаўнік спрачацца не стаў. Ён падышоў да сцяны і стаў павольна вадзіць ля яе свечкай. Праз некалькі хвілін ён спыніўся, ціха войкнуў:
— Глядзіце сюды, Юрый Міхайлавіч!
Юрый падышоў бліжэй і ўбачыў, што жоўты язычок полымя амаль нахіліўся ў бок сцяны.
— Вось тут і знаходзіцца патаемны ход, — прагаварыў ён і пачаў абстукваць сцяну, аднак сцяна адказвала глухім гукам, ніяк не рэагуючы на ўдары і не паказваючы за сабой пустэчу. — Цікава! Тут, пэўна, без лому не абыдзешся.
— Калі там, за сцяной, і сапраўды патаемны ход, то недзе тут павінен хавацца і механізм, каб адчыніць у яго ўваход.
Мужчыны зноў пачалі асвятляць ліхтарыкамі і пільна разглядаць кожную цагліну, кожную шчыліну. Урэшце настаўнік знайшоў тое, дзеля чаго яны спусціліся ў гэты падвал.
— Вось яна родная! — данёсся да слыху Юрыя ўзбуджаны вокліч. — Ты глядзі, як хітра схавана — адразу і не заўважыш.
Хлопец павярнуўся на голас, пасвяціў на тое месца сцяны, дзе Сяргей Мікалаевіч ужо спрабаваў прывесці ў рух механізм — звычайны кавалак цэглы, крыху цямнейшы за астатнія. Пасля пэўных высілкаў настаўніка ў сцяне і сапраўды нешта зарыпела і частка яе, якую Юрый нядаўна прапаноўваў біць ломам, зрушылася з месца. Ад узнікшага скразняку свечка патухла, але яны не звярнулі на гэта ўвагі.
— Усё ж такі ён існуе, — Юрый упёрся плячом у сцяну і крыху павялічыў у ёй шчыліну. Калі яна пашырылася да памераў чалавека, ён прасунуў у яе галаву і пасвяціў ліхтарыкам. Праз некалькі секунд ён вылез са шчыліны:
— Звычайны ход, — паведаміў хлопец напарніку. — Метры паўтара вышынёй і з метр шырынёй. Паглядзім, куды ён вядзе?
— Можа, заўтра, — няўпэўнена адказаў ён і, крыху падумаўшы, зірнуў на наручны гадзіннік і дадаў:
— Зараз ужо ноч на дварэ.
— Тады вы пачакайце мяне тут, а я прайдуся хоць з дзясятак метраў — ніколі яшчэ не хадзіў па патаемных хадах, цікава.
— Добра, — пагадзіўся настаўнік і папрасіў:
— Толькі нядоўга.
Юрый сагнуўся ніжэй і амаль на кукішках пайшоў у цемнату. Вярнуўся ён і сапраўды хутка. Задумлівы і засяроджаны. І перш чым папрасіць Сяргея Мікалаевіча зачыніць уваход, пацікавіўся:
— А дзе жыве ваш участковы?
— Участковы? — нечаканае пытанне не адразу дайшло да розуму настаўніка. — Лейтэнант Сітніца жыве ў раёне, але сёння ён гасцюе ў сваіх бацькоў.
— Мне трэба з ім сустрэцца.
— Наконт гэтага ходу?
— Так, бо ён вядзе да падвала аптэкі, а там жа захоўваюцца розныя лекі, у тым ліку і наркатычныя.
— Зразумела, — настаўнік з намаганнем павярнуў кавалак цагліны і амаль адразу частка сцяны павольна, з цяжкім, рыпучым уздыхам, вярнулася на сваё ранейшае месца.
Зачыніўшы ўваходныя дзверы ў царкву, мужчыны выйшлі на вуліцу.
На Стваловічы апускаўся цёплы ліпеньскі вечар. Сонца ўжо схавалася за небасхілам, і толькі выпадковая хмарка, цёмная зверху і жоўта-малінавая знізу, сведчыла аб тым, што дзень быў светлым і сонечным. Прагрэтае паветра ачысцілася ад пылу і ў ім з’явіліся пахі, характэрныя толькі для вёскі ў сярэдзіне лета: пахі свежаскошанай травы, набіраючай моцу збажыны і пераспелых суніц.
— Ну што вы зараз думаеце пра ксяндза Дзюрдзевіча? — запытаўся Юрый.
— Думаю, што ён быў чэсным чалавекам, а золата, якое выпадкова трапіла ў яго рукі, ён патраціў на дабрачыннасць, — адказаў настаўнік. Потым крыху памаўчаў і, быццам апраўдваючыся, дадаў: — Яго усё роўна раскралі і прапілі б салдаты.