MoreKnig.org

Читать книгу «Таямніца закінутай хаты» онлайн.

Стаміўся пад раніцу лётаць па небе Вецер. Апусціўся на зямлю, прыхінуўся плячыма да Вішанькі — і толькі тады ўспомніў, што музыку сваю пачынаў іграць у гонар маладых. Што шчыраваў, рыхтуючы вяселле,— і вось, сам сваю работу змарнаваў. За адну ноч ад залатой восені і напамінку не засталося. Хіба вось толькі свецяцца чырванню рабінавыя каралі на вішнёвых галінках.

Уздыхнуў Вецер, забурчэў сам на сябе — і, абуджаны, зашамацеў голлем сад, зазвінеў сярэбранымі званочкамі. Гэта азваліся яблынькі. Голыя, без лісця, яны ўтрымалі падчас буры на сваіх галінках крапчэйшыя яблыкі. Калі пасля дажджу раптоўна ціснуў мароз, кожны яблычак аказаўся закутым у ледзяную корку, нібы ў крышталь. Кранутыя подыхам Ветру, яны датыкаліся да заледзянелых галінак — і звінелі.

Вось гэта была музыка! Зачараваны ёй, Вецер калыхаў і калыхаў галінкі — нібы перапрашаў наваколле за свае шалы.

— Вось,— здавалася, вымаўляў ён,— накуралесіў я, пагарачыўся, але гляньце, што атрымалася! Наўмысна нізашто не дадумаўся б даць марозу яблыкі ў лёд закаваць!

Ніхто не гневаўся на Вецер за яго гарачы нораў, бо паднятая ім бура ператварылася ў чароўную музыку крыштальнага саду. І, развітваючыся пад яе срэбраны звон з цёплымі днямі бабінага лета, наваколле думала пра тое, што Вішаньцы варта было зацвісці ўвосень, калі гэтай парой яна сустрэла сваё каханне. І што, дзякуючы вяселлю, залатая восень закончылася такім прыгожым днём — будзе што ўспомніць падчас зімовага спакою...

Над зямлёй плыла крыштальная музыка.

Дрэва, якое расказвала казкі

У адным садзе, дзе раслі толькі карысныя дрэвы, пасадзілі дрэўца, якое не пладаносіла. Ні яблыкаў, ні вішань, ні сліў, ні груш на ім не расло. Нечага было збіраць у вялікія кашы восенню, калі ў астатніх садовых дрэў галіны гнуліся ад багатага ўраджаю.

Затое дрэўца ведала багата казак і цудоўна іх апавядала. Ні ў кожным садзе такое знойдзецца! На гэта і спакусіўся гаспадар прыгожага саду, калі многа гадоў назад купіў яго саджанец у старэнькага сівога дзядулі на кірмашы.

Гэты дзядуля быў добрым чараўніком. Збалелася ў яго душа, гледзячы, як нядбайна гаспадараць на зямлі людзі, як перарабляюць яе згодна сваім жаданням. То рэкі выпрамляюць, то балоты асушаюць. А пройдзе час — агледзяцца, што нешта не тое зрабілі, пачынаюць рэкі ў старыя рэчышчы вяртаць, балоты аднаўляць... Але пакуль тое, гаруе ўсё жывое на зямлі. Многія расліны, птушкі ды жывёлы знікаюць — тады людзі запісваюць іх у спецыяльныя кнігі і дадаюць да іх малюнкі ці фотаздымкі — вось так выглядала тое, чаго цяпер на зямлі не адшукаеш.

Вельмі не падабалася гэта добраму чараўніку. «Разумнікі! —дакараў ён людзей.— Кніжкі ладна складаюць. А ці думаюць, што дзецям іх ды ўнукам трэба не па кніжках ведаць зямлю і жыццё на ёй. Напэўна ж, ім таксама захочацца і пад шатамі дрэў пагуляць, і прыгожымі кветкамі палюбавацца...»

 І вось у сваіх гадавальніках вырасціў чараўнік казачнае дрэўца і навучыў яго чалавечай гаворцы. І наказаў: «Расказвай людзям тое, што пачуе пад зямлёй тваё карэнне. Можа, так мы навучым разумець іх голас зямлі».

З гэтым наказам і перайшло дрэўца людзям.

Яно добра прыжылося ў садзе і хутка пачало квітнець. Як толькі лопалася пупышка і раскрывалася новая кветка, так і новая гісторыя на свет нараджалася. Дрэўца ціхутка шапацела лістотай, апавядаючы наваколлю пра думкі-мары зямлі, пра сокі, якімі поўняцца яе нетры, даючы жыццё ўсяму жывому, пра нялёгкую працу карэньчыкаў, якія здабывалі гэтыя сокі...

Слухаючы дрэўца, сад квітнеў, як ніколі раней. Гаспадар жа са здзіўленнем заўважыў яшчэ адну асаблівасць дрэўца, пра якую яму нічога не было сказана. Дрэўца расло і квітнела само па сабе, насамрэч сваімі казкамі. Іншым дрэвам патрэбен быў дагляд — угноіць глебу ля карэння, пабяліць ствол, падрэзаць сукі... Гэта ж дрэўца жыло сваім натхненнем.

Прайшло нямнога часу з той пары, як дрэўца пасадзілі ў садзе, і пра яго стала вядома ўсяму наваколлю. Асабліва ўзрадаваліся дзеці — усяму свету вядомыя аматары казак. Яны сталі прасіць у гаспадара дазволу паслухаць дрэўца.

— Што ж, прыходзьце. Кожную суботу і нядзелю можаце наведвацца ў мой сад,— згадзіўся гаспадар.

Ах, як радавалася дрэўца сустрэчы з дзецьмі! Многія яго слухачы былі такія маленькія, што іх прынеслі на руках да дрэўца мамы. Большыя прыйшлі самастойна, і з імі дрэўца пачало гаворку.

— Як вы думаеце, што такое зямля? — запыталася яно.

— Гэта тое, на чым мы стаім, па чым ходзім...

— На ёй пабудаваны дамы, у якіх мы жывём...

— На ёй растуць дрэвы і кветкі...

— Яна трымае ваду, без якой мы не можам жыць,— разважалі дзеці.

— Яна — самая галоўная мама ўсім людзям,— падагуліў хлопчык, які да гэтай пары ціхенька стаяў збоку.

— Ты сказаў самае галоўнае,— ухваліла дрэўца.— А як зямля — усім нам маці, то людзі павінны любіць яе і паважаць, як кожны паважае і любіць сваю матулю. Як вы думаеце, што можа стаць з чалавекам, які зневажае зямлю, брыдкасловіць на ёй, плюе ёй у твар, кідае ёй у вочы смецце, агаркі ад цыгарэт?

— Ён стане цмокам? — ад жаху ў дзяўчынкі з ружовымі каснічкамі ў косках акругліліся вочы.

— Ён стане цмокам, а гэта страшная кара для таго, хто народжаны чалавекам,— пагаджалася дрэва.— А як вы думаеце, ці зможа цмок стаць чалавекам зноў?..

Так гаманіла-пыталася дрэва. Разважаючы разам з ім, дзеці нібы самі складалі казкі. І трывала засвойвалі іх мудрасць, бо дрэва не проста пераказвала тое, што ведала само, а вучыла дзяцей думаць.

Ці трэба казаць, што на кожную наступную сустрэчу з дрэвам прыходзіла ўсё больш і больш дзетак? На памяць пра знаёмства дрэўца кожнаму з іх укладала ў далоньку маленькае крылатае насенне.

Як ніколі раней, у гаспадара сада добра ішлі справы. Пакупнікоў садавіны стала намнога больш, бо сад праславіўся сваім дрэўцам, людзі ішлі паглядзець на яго і паслухаць. А заадно куплялі ўсё тое, чым быў багаты сад.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code