MoreKnig.org

Читать книгу «Таямніца закінутай хаты» онлайн.

Дзяўчынку, пра каторую мы хочам расказаць, у Шчаслівай Даліне вучылі іграць на жалейцы. Ёй было наканавана сыграць музыку, якая дапаможа растапіць лёд самых жорсткіх людскіх сэрцаў, і тады на Зямлі запануе мір і паразуменне.

Якой прыгожай была гэта дзяўчынка! Вочы — як найчысцейшыя крыніцы Даліны Шчасця. Валасы — золата самага ласкавага сонца. А сэрца — такое пяшчотнае і добрае, што магла ў ім жыць толькі любоў і спагада.

— Бацькі гэтай дзяўчынкі будуць самымі шчаслівымі людзьмі на Зямлі! — нацешыцца не маглі са сваёй выхаванкі Анёлы.

Нават тут, у чароўнай краіне, дзе толькі чысціня і спакой жывуць у сэрцах, дзяўчынка была адметная сваёй незвычайнасцю.

І калі прыйшоў прызначаны час, Анёл узяў дзіця ў свае рукі і панёс на Зямлю.

Меншым за зернетка становіцца дзіця, пачаўшы свой шлях на Зямлю. Гэта малюсенькае зернетка Анёл аддае тату, а ён перадае яго маме. І ўжо ва ўлонні маці дзіцятка расце, убіраючыся ў плоць, і пачынае выглядаць як усе немаўляткі.

Так, утульненька ўладкаваўшыся ў цяпле і спакоі мамінага цела, пачала расці і дзяўчынка.

Канешне, у яе цяперашняй хатцы было цёмна. Але дзеці, толькі пакінуўшы Даліну Шчасця, маюць іншы, чым мы, дарослыя людзі, зрок. Мы бачым вачыма, а яны — душой. А што ўжо чуюць усё — дык пра гэта і спрачацца не варта.

Дзяўчынцы падабаліся яе мама і тата. Абодва яны былі маладыя, прыгожыя, моцныя. Тата часта браў на рукі маму і люляў яе, як люляюць дзіця, як люлялі іх у Шчаслівай Даліне Анёлы. Мама часта спявала, і дзяўчынка радасна думала, як хораша будзе некалі разам — спяваць і іграць на жалейцы. Яна адразу, як толькі змагла, пастукалася ў сценку свайго дома, і мама сказала тату:

— Слухай, слухай — дзіця кратаецца!

Яшчэ нямала трэба было адбыць у мамінай цёплай хатцы, перш чым з’явіцца на свет. І дзяўчынка дачакацца не магла дня, калі яна пакіне сваю схованку і скажа сваім бацькам: «Прывітанне! Нарэшце мы сустрэліся!»

Канешне, на мове немаўлятак гэта гучыць крыху па-іншаму. «Ку-га» — падасца вам. Але любячае сэрца ўсё зразумее, бо само чакала — дачакацца не магло гэтага імгнення...

Але з набліжэннем спаткання з мамай і татам здарылася нешта такое, чаго дзяўчынка не магла зразумець.

Тата ўсё радзей і радзей быў побач з мамай, а пасля надоўга знік. Калі з’явіўся, гаварыў не пяшчотным і добрым голасам, а чужым і халодным.

«Я больш цябе не кахаю, мы паспяшаліся з дзіцём...»

— А я, як жа я, тата? — разрывалася сэрца дзяўчынкі, але ніхто не пачуў гэты безгалосы крык.

Як балюча было дзіцятку! Але што магло яно зрабіць з чалавекам, які слухаў у дзяцінстве байкі пра бусла. І вось сам, як бусел, кінуў дзіця — і паляцеў у свет...

Нешта здарылася і з нядаўна пяшчотнай, вясёлай мамай. Яна больш не спявала, а толькі плакала і гневалася. І гнеў яе быў на жыццё, што расло ў ёй, на малюсенькую дзяўчынку, якая несла на Зямлю чароўную жалейку, каб некалі сыграць музыку вызвалення ад пакут...

«Усё з-за цябе,— скрозь слёзы паўтарала дзяўчынцы маці,— каб не ты, ён быў бы са мной...»

Якой пакутай адгукалася на кожную маміну слязінку і крыўднае слова душа дзіцяці! Чакаючы свайго з’яўлення на свет, дзяўчынка так палюбіла сваіх бацькоў, што не магла падумаць пра іх нічога дрэннага.

«Ад мяне столькі гора, я, відаць, вельмі благая, калі з-за мяне пайшоў ад мамы тата...» — плакала дзіця, захлынаючыся ва ўласных слёзках, але ніхто не чуў гэтага плачу.

А пасля мама зрабіла тое, што робіць далёка не кожная маці, нават калі яе пакідае тата дзіцяці.

Дачакалася з’яўлення на свет дачушкі і, нават не глянуўшы ў яе чыстыя-чыстыя вочы, сказала, адвёўшы ад усіх пагляд:

— Забярыце яе, мне яна не патрэбная...

Гэтай маме ў дзяцінстве лгалі, што дзетак знаходзяць у капусце. І яна, відаць, думала цяпер, што і народжанае ёй дзіця нідзе не дзенецца, вырасце само па сабе, як пустазелле на градах.

— Мамачка родная, прабач мне, я не буду благой, я ніколі цябе больш не пакрыўджу,— крычала ўслед жанчыне, якая знікала з вачэй, дзяўчынка.

Ад дзіцячага адчайнага «Ку-га! Ку-га!! Ку-га!!!» здрыгануліся нават мёртвыя бальнічныя сцены.

Абыякавае ж сэрца зачыніла за сабой дзверы, каб ніколі больш не чуць гэты незразумелы яму крык.

...На Зямлю ляцеў Анёл, каб прывітаць на ёй дзіця, прызванае сыграць чароўную музыку. Анёл прыслухоўваўся да крыку кожнага немаўляці на Зямлі. Голас гэтай дзяўчынкі ён адразу пазнаў бы сярод тысячы іншых, бо некалі ў Даліне Шчасця сам апекаваўся над ёй.

Але дзяўчынкі не было чуваць.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code