MoreKnig.org

Читать книгу «Таямніца закінутай хаты» онлайн.

Дзядок засмяяўся — нібы веснічкі зарыпелі.

— Сваяк! Ды я яму радней роднага брата! Усё жыццё з ім у адной хаце жылі, а цяпер ён у горадзе, а я тут адзін пекаюся!

Гаротна махнуўшы рукой, дзядок зноў сеў на лаўку.

— Хатнік я тутэйшы, вось хто я, хлопча! Чуў пра такое дзіва? Тут раней хатнікаў у кожнай хаце, у кожным падпечку было поўна, як і людзей. А цяпер людзі пакідалі вёскі, з’ехалі ўсе. І хатнікі звяліся. Маладзейшыя — у горадзе, разам са сваімі гаспадарамі. А я тут — трэба хату пільнаваць!

Змітрок ад здзіўлення знямеў. Ён, сталічны жыхар, які пра хатнікаў толькі ў кніжках чытаў і лічыў іх прыдумкай, цяпер з сапраўдным хатнікам размаўляе?!

Аправіўшыся ад здзіўлення, хлопчык запытаўся ў дзядка:

— А чым дакажаце, што вы хатнік?

— Доказы яму трэба! — забурчэў дзядок.— Бачыш мяне — і досыць! Такая пашана рэдка каму выпадае. Мы, хатнікі, не любім людзям вочы мазоліць... А другі доказ ты і сам на сабе паспытаў. Баяўся ля хаткі хадзіць? Ведаю, баяўся, не аднеквайся! А, ведаеш, чаму? Бо я на прахожых страх напускаю. Каб не ўздумаў каторы ў хатку залезці, пагаспадарыць. Я павінен тут усё дагледзець. Раптам Мікола надумае вярнуцца? А ў гаспадарцы ўсё — як ён і пакінуў. Быльнёг толькі абкасіць вакол хаты, вокны вымыць ды пакоі праветрыць — і жыві...

Дзядок цяжка ўздыхнуў і дадаў:

— Не зважай, што я на гаспадара за доўгую адлучку злую. Сумую я без яго, чакаю. Лёгка, думаеш, сядзець тут і глядзець, як хата марнуецца? Ні слова ні ад каго не пачуеш, ні малачка ніхто не паставіць...

Змітрок ухапіўся за свой слоік з суніцамі.

— Дзядуля, а ў мяне ягады! Частуйцеся, я яшчэ назбіраю!

Хатнік узяў у рукі слоік.

— Духмяныя! Пахнуць той парой, калі Міколавы дзеці маленькімі былі, тут жылі і за суніцамі бегалі.

Дзядок пачаў насыпаць суніцы ў жменю і з асалодай есці.

Змітрок ва ўсе вочы глядзеў на дзядка і слухаў яго. Карцела спытаць нешта важнае, такое, чаго не прачытаеш у казцы. І разам з тым хлопчык баяўся, каб чым не пакрыўдзіць незвычайнага знаёмага — адкуль яму ведаць, як размаўляць з хатнікам, у школе гэтаму не вучаць.

Але дзядок і не чакаў Змітраковых запытанняў. Ласуючыся суніцамі, гаварыў далей:

— Я даўно цябе запрыкмеціў, хлопчык. Малайчына, думаю, не гультай. Штодзень за ягадамі бяжыць. Лес, відаць, любіць... Любіш? — удакладніў ён.

— Люблю! — згадзіўся Змітрок.— Мне сунічныя паляны і сасоннік часта сняцца, пакуль чакаю лета і прыезду да бабулі. У нас у сям’і ўсе лес любяць. Мама — заўзятая ягадніца. Тата — грыбнік.

— І часта ў лесе бываеце?

— Ды не, толькі як у вёску прыязджаем пагасціць.

— Дзівакі вы, людзі! — крэкнуў хатнік.— Сколькі вас ведаю, уцяміць не магу вось што. Любіце лес, а жывяце ад лесу далёка. Хто перашкаджае хоць кожны дзень на яго любавацца?

— Мама з татам працуюць у горадзе, а я ў школу хаджу,— паціснуў плячыма Змітрок.

— А чаму ў вёску жыць не едзеце?

— Кажуць, цяпер на вёсцы з работай цяжка...

— Прыдумалі! — засмяяўся хатнік.— На вёсцы работы заўсёды поўна. Рабіць яе цяпер няма каму — вось гэта праўда. Пазбягалі ў горад, пакідалі хаты... А што добрага ў тым горадзе? Вось ты мне скажы: як у цябе дзень пачынаецца?

— Прачынаюся...

— Як?

— Калі ад будзільніка, калі мама будзіць. Мыюся, снедаю — і на трамвай, у школу...

— Ах, Змітрок, Змітрок, а як бы ты жыў, каб цябе на досвітку пеўні будзілі ці птушкі песнямі. З ложка на двор басанож, а пасля сырадойчыку кубак — і на возера...

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code