MoreKnig.org

Читать книгу «Таямніца закінутай хаты» онлайн.

— Дазвольце пачысціць Вам футра, Ваша Вялікасць,— пакланіўся каралю венік.

— Гэта мантыя,— буркнуў кароль, збіты з панталыку такім вольным абыходжаннем са сваёй асобай.— І я не выклікаў пакаёўку.

— Ах, Ваша Вялікасць,— прыгаворваў, шчыруючы, венік.— І я лепей бы падрамаў, але маме трэба прыбрацца за дзеткамі, вось я і чышчу Ваша футра... Прабачце, мантыю. Я нічога не разумею ў высокай модзе. Я жыву на кухні, пад рукамыйнікам, побач з вядром са смеццем. Не вельмі, ведаеце, далікатная кампанія, але мы ладзім паміж сабой і працуем на карысць дому... Яшчэ тут трэба пачысціць, Ваша Вялікасць,— туды-сюды шастаў венік.— Нашкодзілі чаравікі, а Вам трываць...

Падмёўшы, гаспадыня прыхінула венік у кутку насупраць кілімчыка, і ў караля з’явілася магчымасць даўжэй пагаварыць з венікам.

— Скажыце, шаноўны, у гэтым каралеўстве ўсе такія... неўраўнаважаныя, як гэтыя хлопчыкі? — пачаў дазнанне кароль.

— Ах, што Вы. Дарослыя людзі як людзі. А вось ад дзяцей тут пакутуюць усе. І рэчы, і бацькі. Праўда, тата рэдка бывае дома. Ён усё ездзіць па нейкіх важных справах. Дзеці найчасцей дома з мамай. Яна мілая і вельмі бедная жанчына. Ёй некалі прысесці — усё завіхаецца, шчыруе па гаспадарцы. А дзеці не проста памагчы ёй не хочуць, а самі бачылі, што вытвараюць. І так кожны дзень. А мама пасля прыбірае.

— Ну і дарэмна,— заўважыў кароль.— Няхай бы тыя, хто кавардак наводзіць, пасядзелі пару дзён у бярложку — абрыдла б, больш, можа, парадак шанавалі.

— Спрабавала гаспадыня не зважаць на беспарадкі! — ажно ўсклікнуў венік.

— І што?

— А нічога. Параскідалі ўсё, за некалькі дзён па хаце стала не прайсці. Мама трывала, трывала — цярпенне лопнула, парадкавалася сама. Толькі намнога даўжэй, чым звычайна.

— Дык, магчыма, ёй падабаецца прыбірацца,— заўважыў кароль.

— Ваша Вялікасць! Куды больш яна любіць чытаць кнігі. А яшчэ выдатна малюе. Толькі ёй некалі гэтым займацца. Яна цэлы дзень на працы, а пасля то есці гатуе,то за сваімі неслухамі парадкі наводзіць... Я чуў аднойчы, як бабуля, прыйшоўшы ў госці, казала, што мама сваё жыццё загубіць празмернай працай па дому.

— А што мама?

— Яна заплакала і адказала, што інакш не можа, бо шануе свой дом.

— Ну, ведаеце, пра гэта і паспрачацца можна,— сярдзіта сказаў кароль.

— Дом шануе, а такіх распуснікаў трымае. Выгнаць іх з каралеўства!

— Ах, Ваша Вялікасць, не так усё проста. Дзеці!.. Падрастуць, палепшаюць, дасць Бог...

— Вось так і ёсць з гэткімі разважаннямі! — загарачыўся кароль.

— Ваша Вялікасць! — азвалася шафа пад адзенне, якая да гэтай пары слухала размову моўчкі.— Хіба можна адразу выносіць такі жорсткі прысуд? Мы гадамі трываем ад хлопчыкаў — і жывыя. А Вы толькі, прабачце, з’явіліся ў доме — і ўсяму не рады.

— Выгнаць! — сталі пад’ялдыкваць брудныя чаравікі.— А мы куды тады пойдзем?

— І праўда,— згадзіліся шалікі і шапкі.— Толькі пра сябе дбае Ваша Вялікасць.

 Кароль тупнуў нагой, але ніхто не звярнуў увагі на каралеўскі гнеў. Кілім толькі падумаў, што гаспадар заўчасна радаваўся расшырэнню каралеўства. Законнымі яго ўладаннямі па-ранейшаму заставалася яго аксамітна-сіняе поле.

Але кароль быў не з тых, хто здаецца, сустрэўшыся з цяжкасцямі. Ён паважаў сваю карону, а сітуацыя вымагала адстойваць яе гонар.

— Я навяду парадак у гэтым каралеўстве! — прашаптаў ён.

Позна ўвечары, калі ўсе ў доме заснулі, кароль тройчы пляснуў у ладкі і закруціўся-завярцеўся на адным месцы. А калі спыніўся, абуджаныя рэчы войкнулі ад здзіўлення. Кароль з кіліма ўжо не ляжаў на падлозе, а хадзіў па вітальні, папраўляючы карону на галаве.

— Глядзіце, кароль сапраўдны! — зашаптала люстэрка.

— І ён умее чараваць! — выцягнулася ў струнку перад Яго Вялікасцю камода.

Шафа ж назірала за каралём моўчкі. Ён праставаў да яе, і ў беднай ад страху закруцілася галава. Шафа вырашыла, што кароль пакарае яе за непачцівасць, з якой яна гаварыла з ім днём.

Але ён паціху адчыніў дзверцы, дзе на палічцы стаяў абутак, і дастаў адтуль чаравікі брацікаў.

— Ваша Вялікасць,— нясмела завохкала шафа,— што Вы робіце? Рэчы павінны быць там, куды іх паклалі звечара!

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code