MoreKnig.org

Читать книгу «Таямніца закінутай хаты» онлайн.

— Засталося адну фармальнасць зладзіць. У гэтай торбе сабраныя ўсе вашы добрыя словы. Нямнога іх, але давялося пабегаць, на іх палюючы.

Пасля яна па-змоўніцку падміргнула дзецям і засыкала:

— Зараз я выпушчу з торбы слоўцы, а вы іх... знішчыце!

Угледзеўшы жах на дзіцячых тварах, запэўніла:

— Гэта зусім проста! Трэба толькі на кожнае добрае слова сказаць адну з мянушак і абзыванак, якімі вы карыстаецеся штодзень.

І Сварабабка стала абяцаць дзецям розныя выгоды:

— Пяройдзеце ў маё вечнае падпарадкаванне — цукеркамі асыплю, дазволю ад світанку да позняй ночы ад тэлевізара не адыходзіцца, а ля камп’ютэра — начаваць!

Сварабабка нездарма не скупілася на абяцанкі. Не мела яна ўлады над добрымі словамі і сама іх знішчыць не магла. А калі хоць адно добрае слоўца ў чалавека за душой ёсць, не зусім ён прапашчы.

Таму хоць і казырылася Сварабабка, але пабойвалася, што Стах з Міхалінкай яе не паслухаюцца. Ці, яшчэ горш, прабачэння адзін у другога папросяць — тады і канец яе панаванню можа стацца!.. Але гэта кабета зубы з’ела на мярзотных учынках. І таму нічым сваіх апасенняў не выдала. Яна тупнула нагой на сплаканых дзяцей:

— Досыць румзаць! Толькі падумайце: зусім хутка вы прафесійна зоймецеся тым, за што вас штодня ўшчуваюць бацькі. І яшчэ плату атрымаеце!

І Сварабабка развязала мех.

З яго, распраўляючы белыя крылцы і апраўляючы лёгкія сукенкі, сталі вылятаць істоты, падобныя на малюсенькіх анёлачкаў. Яны весела віталіся і лагодна перамаўляліся паміж сабой.

Сварабабка гідліва скрывілася і крыкнула дзецям:

— Я падганю да вас гэтых лагодненькіх, а вы абзывайце іх, не саромцеся!

І яна замахнулася на анёлачкаў бізуном.

Дзеці загаласілі наўзрыд, але гэта ўжо былі не слёзы злосці або крыўды. Слёзы пакаяння цяклі з іх вачэй. Мала было ў іх добрых слоўцаў, але і яны напомнілі дзецям пра светлыя хвіліны сяброўства... Як яны разам кніжкі чыталі. Як падарункі на святы майстравалі. Як дапамагалі маме пірагі пячы...

А добрыя слоўцы, якіх падганяла бізуном Сварабабка, шапталі: «Дзякуй! Зрабі ласку! Пагуляем разам...»

— Хутчэй кажыце што-небудзь благое — ці я ператвару вас у друз! — засыкала на Стаха і Міхалінку Сварабабка.

Але дзеці кінуліся насустрач адзін другому.

— Міхалінка, родненькая, даруй! Ніколі больш я цябе не пакрыўджу! — крыкнуў Стах.

— І ты мне даруй, брацік!!!

Варта было дзецям вымавіць чароўныя словы, як Сварабабку нібы вадой размыла. А вакол віліся, радасна смеючыся, добрыя слоўцы. Іх пабольшала, як толькі дзеці папрасілі адзін у другога прабачэння. Анёлачкамі кружылі яны ў паветры і паўтаралі:

— Не сварыцеся! Беражыце адзін другога! Тады нас стане многа-многа і Сварабабка не адважыцца прыйсці да вас!

Добрыя слоўцы, махаючы на расстанне, станавіліся нябачнымі. Але іх лагодныя галасы доўга чуліся дзецям.

— Якія яны прыгожыя! — першай сказала Міхалінка.— Я так хачу быць падобнай да іх!

Дзеці радасна засмяяліся, узяліся за рукі і разам пабеглі гуляць на двор...

З той пары за вярсту абыходзіць браціка і сястрычку Сварабабка — нечым ёй каля іх пажывіцца, не трацяць яны на яе больш сваіх сіл. Перасталі дзеткі хварэць. Павесялелі іх мама і тата. І калі знаёмыя пытаюцца рэцэпт цудадзейных лекаў, Стах і Міхалінка шчыра адказваюць:

— Ніякіх цудаў! Проста мы навучыліся сябраваць!

Нядбайная гаспадыня

Былі ў аднаго заможнага чалавека два сыны. Як ажаніліся, справіў кожнаму з іх бацька хаты, як звон, надзяліў зямлёй. У гаспадарку даў і коніка, і кароўку, і авечак з курамі — пароўну. Як кажуць, жыві — не хачу.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code