Чуткі пра тое, як яна вылечыла свайго даўняга сябра, разляцеліся па гораду імгненна. І гараджане прыветна махалі хусцінкамі ўслед гары, калі яна праходзіла паўз іх дамы.
А яна ўсім усміхалася. І ўсіх запрашала да сябе ў госці.
Добрага чалавека да самага выезду з горада гара везла на плячах. Яна пасадзіла яго ля вуха і слухала расказы пра тое, колькі няшчасцяў давялося яму перажыць апошнім часам.
— Не дзіва, што сэрца тваё не вытрывала,— сказала гара.— Але давай дамовімся так — досыць ужо пра сумнае. Ты ўжо адхварэў за яго. Трэба жыць далей. А каб цяжкія думкі менш у галаву лезлі — як і раней, станавіся на лыжы і прыходзь да мяне! І сваячку сваю хворую прывозь — паставім на ногі!
На выездзе з горада гара ссадзіла чалавека на зямлю. Быў позні вечар, і яму трэба было дамоў. А гары — на сваё старое спрадвечнае месца. Ёй не вельмі хацелася, каб у суседнім лесе і на родным полі пра яе думалі як пра асобу легкадумную. Справіла надабніцу — і дамоў.
Паставыя аддалі чэсць гары, а пасля разам з добрым чалавекам доўга махалі ёй услед, назіраючы, як яна тупае па шашы.
З горада ў поле гара дабралася хутчэй, чым з поля ў горад. І не дзіўна — дамоў дарога заўсёды карацейшая, чым з дому.
Добры чалавек таксама пайшоў да сябе. Не адкладваючы на заўтра, ён змайстраваў кармушку і павесіў яе за акном. Цяпер шэры верабейка разам з іншымі птушкамі мог сталавацца тут. І як толькі чалавек становіцца на лыжы, верабейка ляціць за ім — праведаць гару, з якой пасябраваў, і чырыкае пра ўсё на свеце.
А гара цяпер жыве весялей, чым калі. Пасля таго як яна вылечыла свайго сябра, гасцей у яе намнога пабольшала. Усе ружовашчокія, вясёлыя, спрытныя. Хто на лыжах, хто на санках, хто на мяшках з сенам...
На гэту вясёлую гару, якая дорыць здароўе, і вам дарога не заказаная. Даберацеся да выезду з горада, праедзьце крышку ўперад, пасля направа — і ўбачыце яе, а на гары — вясёлых і здаровых дзяцей і дарослых. Далучайцеся да іх, пакуль за вас не ўзялася бальніца.
І спяшайцеся — снег на дварэ толькі да цёплай вясны ляжаць будзе.
Цудадзейныя лекі
Жылі-былі вельмі хваравітыя брацік і сястрычка — Стах і Міхалінка. Чаго толькі бацькі не рабілі дзеля здароўя сваіх дзетак: і на цёплае мора вазілі, і вітамінамі кармілі, і загартоўвалі — нічога ім не дапамагала. Варта было ветрыку дыхнуць на дзетак — і пачыналі яны кашляць, тэмпературыць... З ног збіліся мама і тата, шукаючы ратунку ад хвароб, але ўсе іх старанні былі марнымі.
А трэба дадаць, што дзеткі былі нядружныя. Не паб’юцца, дык пасварацца. Не пасварацца, дык паб’юцца. Пра такіх кажуць: жывуць як кот з сабакам.
Гэта вельмі засмучала бацькоў, і яны не раз казалі дзецям: «Такія вы кволыя, а сілы свае не беражаце, усе на сваркі пускаеце. Глядзіце, даскачыцеся, забярэ вас да сябе на службу баба Сварабабка».
Звязацца са Сварабабкай — жыццё загубіць. На тухлым балоце жыць, пад пнём начаваць, жаб і вужоў на абед спажываць. А да людзей выходзіць толькі дзеля таго, каб нешта дрэннае абцяпаць.
Але дзеці не слухалі таго, што ім кажуць бацькі, і заўзята крыўдзілі адзін другога.
І вось аднойчы, калі яны ў каторы раз пабіліся нізашто, акно з грукатам расчынілася і ў пакой увалілася брыдкая істота з кудлатымі валасамі, адвіслай губой, пранырлівымі злоснымі вачыма і вялізнымі кулакамі. Вопратка на ёй была падранай, а за плячыма матлялася торба.
Дзеці зашыліся ў куток і спалохана ўзіраліся на страшную госцю. Яна ж па-гаспадарску развалілася ў крэсле.
— Папаліся, забіякі, нявыхаваныя абзывакі! — хрыпата прамовіла яна пасля нядоўгага маўчання і вышчарылася.— Вы такія благія брацік і сястрычка, што сярод мноства неслухаў — самыя мае любімыя ўнукі!
У Стаха і Міхалінкі, якія ніколі за словам у кішэню не лезлі, мову адняло. Здагадаліся яны, што перад імі сама Сварабабка.
А яна дастала з кішэні зашмальцаваны нататнік, пагартала яго і пачала пералічваць:
— На вашым рахунку якраз столькі, колькі патрэбна для службы ў мяне, сінякоў ад боек, больш нормы пралітых слёз і пад завязку скаргаў адзін на другога...
— Мы і не думалі вам служыць,— паспрабаваў запярэчыць Стах.
— Мы сварыліся жартам! — падтрымала Стаха Міхалінка.
— «Не думалі»! «Жартам»! — перадражніла іх Сварабабка.— Сваё здароўе вы даўно ўжо пускаеце на маё ўтрыманне. Цяпер засталося толькі афіцыйна залічыць вас у сваю світу.
Стах з Міхалінкай заплакалі: шчырасць Сварабабкі падалася ім жахлівай.
Яна ж, не зважаючы на дзіцячыя слёзы, працягвала:
— Будзеце цяпер за мной хадзіць, плёткі разносіць, падманваць, нос не ў свае справы торкаць — адным словам, дапамагаць людзей сварыць.
Пасля Сварабабка зняла з плячэй торбу і паставіла яе на падлогу.