— Я кажу, ваш сябра, добры чалавек, трапіў у бяду!
Як ні дзіўна, гара адразу зразумела, пра якога чалавека гаворка. А магчыма, і дзіўнага нічога ў гэтым не было. Людзей, якія прыходзілі пакатацца з яе, было нямала. Але сярод іх быў толькі адзін удзячны госць, які не забываў і прывітацца і на расстанне рукой махнуць.
Доўгімі вечарамі, пакуль не выпадаў снег, гара часта ўспамінала яго. Ад мінулай зімы яна паспела засумаваць па добрым чалавеку, чакала яго ў госці. А зіма не прыносіла снегу. І гара баялася, што як ён не выпадзе, то і чалавек тут не з’явіцца.
Але і снег выпаў, а чалавека ўсё не было. І гара зусім расхвалявалася, адчуваючы нядобрае. Яна стаяла, укрытая цёплым снегавым футрам, і бесперастанку думала пра свайго знікшага сябра. Таму шэраму верабейку і не давялося доўга тлумачыць, пра каго гаворка.
— У якую бяду? — залямантавала гара.— У яго зламаліся лыжы? Яго хату заваліла снегам? Ён забыўся дарогу сюды? Гора, гора мне!..
— У яго моцна баліць сэрца,— ціўкнуў верабейка.
— Сэрца? Дык, можа, гэта не так цяжка, як зламаныя лыжы? — узрадавалася гара.
Верабейка недаўменна глянуў на яе. Такая вялікая, а гаворыць такія глупствы! Але ён быў разумнай птушачкай і сцяміў, што гара не ўяўляе наогул, што такое хвароба. Катацца з яе людзі не прыходзяць, калі хварэюць. Гара бачыць толькі здаровых людзей. Не тое што ён, маленькі шэры верабейка, каторы штодзень сярод людзей таўчэцца і ўсё-ўсё пра іх ведае.
Таму верабейка не стаў кпіць з гары. Ён нават усмешку стрымаў. І правільна зрабіў, бо гара вельмі дрэнна сябе пачувала, калі даводзілася трапляць у няёмкія сітуацыі.
— Шаноўная гара,— стаў церпяліва тлумачыць верабейка,— хворае сэрца — гэта намнога страшней, чым зламаныя лыжы. Лыжы можна купіць новыя або адрамантаваць зламаныя. А сэрца...
— Што, у крамах іх няма? — разгубілася гара.— І ў рамонт не бяруць?
— У крамах няма дакладна. А рамонт называецца лячэннем. Ваш знаёмы якраз цяпер і лечыцца. Ён ляжыць у бальніцы, і дактары сочаць за яго здароўем.
Гара вельмі-вельмі засмуцілася ад пачутага. З усяго сказанага вынікала, што яна не скора пабачыць свайго сябра.
Але хоць і не ведала гара, што такое хворае сэрца, яна паспела адчуць, як гэта сумна — страціць сябра. Таму яна запыталася ў птушачкі:
— Дарагі верабейка, а што ж нам рабіць? Я зусім не разбіраюся ў хваробах і не ўяўляю, як падступіцца да гэтай бяды...
— Доктар вельмі спадзяецца на нейкія дарагія лекі,— сказаў верабейка.— А вось чалавек вельмі хацеў бы дабрацца да вас, шаноўная гара. Ён так і кажа: «Каб мне да яе дабрацца, я быў бы здаровы!» Толькі гэта немагчыма. Яму дазволена рабіць усяго некалькі крокаў — да акна і назад. Але нават іх ён праходзіць з цяжкасцю...
Ах, як расчулілася гара ад пачутага! Яна нават заплакала, і слёзы яе на марозе адразу ператварыліся ў ледзяшы. Пасля слёз гара так замкнулася ў сабе, што даціўкацца-дачырыкацца да яе верабейка больш не змог.
Ён раззлаваўся на марнасць сваіх старанняў і паляцеў назад, у горад, да бальнічнага акна, на якім спадзяваўся знайсці хлебных крошак.
А гара стаяла ў здранцвенні некалькі гадзін запар. Яна думала пра тое, як памагчы сябру. У яе галаве пульсавалі сказаныя верабейкам словы пра надзеі чалавека на яе.
Яна думала ўвесь дзень, і ўвесь вечар, і палову ночы. І ў рэшце рэшт вырашыла, што іншага выйсця, як пайсці праведаць чалавека, у яе няма.
Вось гэта было рашэнне дык рашэнне! Дарма злаваў на гару шэры верабейка! Горы — і гэта ўсім вядома — не ходзяць туды-сюды, стаяць там, дзе паставілі іх спрадвеку.
Але выпадак з гэтай гарой быў выключным. Недзе, прыкаваны хваробай да бальнічнага ложка, на яе спадзяваўся хворы таварыш. Сам ён не мог прыйсці да гары. Гэта значыць, трэба было як хочаш дабірацца ў горад.
І гара напружылася, натужылася і — зрушылася з месца. Яна ўзяла дзве вялізныя елкі сабе за падпоркі і паціху пакрочыла.
Хутка яна выйшла на шырокую шашу. Была цёмная ноч, і на дарозе не было машын. Таму гара магла ісці бесперашкодна і на досвітку дайшла да горада.
Ох, як напалохала яна паставога! Хто заўгодна спалохаўся б, убачыўшы жывую гару, якая рухаецца па дарозе... Вось і паставы разгубіўся. Але ўзяў сябе ў рукі, аддаў гары чэсць і строга спытаў:
— Хто вы, адкуль і куды трымаеце шлях?
— Ведаеце,— заклапочана пачухала елкай за вухам гара,— я толькі на два вашыя пытанні магу даць дакладны адказ. Я — гара. Яшчэ некалькі гадзін назад я стаяла вунь там, перад лесам і вы маглі бачыць мяне са свайго паста. Але цяпер я іду сама і не ведаю куды. Мне трэба ў горад. Недзе ў бальніцы мой хворы сябра. Ён марыць скаціцца з мяне на лыжах, думае, што ад гэтага паправіцца. Але я не ведаю, дзе бальніца. І гляджу, што ў горадзе цеснавата. Вы не маглі б мне дапамагчы?
Паставы, выслухаўшы гару, разгубіўся яшчэ больш. Ён ніколі не бачыў гор, якія ходзяць ды яшчэ так складна гавораць. Але ён цаніў адданых сяброў і таму вырашыў паспрабаваць памагчы гары.
— Пачакайце хвілінку, мне трэба параіцца,— сказаў паставы. Пасля гэтага ён пазваніў мэру горада і расказаў усё, як ёсць.
Прыйшла чарга здзівіцца мэру. Ён захацеў сам глянуць на гару, якая навучылася хадзіць дзеля свайго хворага сябра, і ён паабяцаў быць на ўездзе ў горад праз некалькі хвілін.