Як ні балюча было чуць тое, пан Юзаф уздыхнуў і адказаў:
— Гэта твой выбар.
***
Раніца была цудоўная. Промні сонца асыпалі горад боскім бласлаўленнем і сагравалі душы яго жыхароў. Мінулагодняе лісце клёну вецер шпурляў пад ногі нешматлікім мінакам, забыўшыся, што яшчэ хвіліну таму ашчадна збіраў і кружыў яго ў сваім дзікунскім танцы. Шляхцянка паспрабавала было адхінуцца, але жоўтае, аранжавае, чырвонае лісце пасыпалася на яе з нябёсаў.
Вузенькая вулачка Гародні вяла ад цэнтра ўглыб старых камянічак і халуп мяшчан. Смярдзела памыямі і тухлай капустай. На раскіданай саломе каля хаты цырульніка, бездапаможна лыпаючы зялёнымі вочкамі, мяўкала рудое кацянё. Зуліся схілілася над ім і паспрабавала пагладзіць. Тое не спужалася і нават само пасунулася да яе. Гэта здзівіла панначку, і дзяўчына ўзяла яго на рукі. Кацяня ўдзячна замурчэла, а шляхцянка пакрочыла далей. Вулачка пятляла, звівалася і зноў выпроствалася, але дзяўчына ішла, забыўшыся, і не заўважала на час. Раптам яна пачула чароўныя гукі дзвюх скрыпак. Дзіўная мелодыя, якую стваралі два сэрцы, заваражыла паненку і прымусіла яе спыніцца. Напачатку музыка гучала ціха, пасля набірала моц ды зноў сціхала, час ад часу перарываючыся, быццам бы на ўздыху.
— Я так даўно хацеў табе сказаць, — пачала адна скрыпка. — Я кахаю цябе...
— І я цябе кахаю, — загаварыла другая.
Ноткі першай скрыпкі сталі мажорнымі:
— Праўда?! Гэта і ёсць шчасце, любая. Няўжо так змагу называць цябе!
— Праўда!
Другая скрыпка засмяялася і працягвала зноў:
— А ведаеш, ноччу...
Яна не паспела скончыць, бо другая перахапіла яе словы і мякка запела:
— ...бачу сон, а ў ім ты мне ўсміхаешся.
— О, гэта так. Я заўсёды прыгадваю гэта, калі днём бачу цябе і...
— ...я хачу...
— ...сказаць табе...
— Любы!
— Любая!
— Я цябе кахаю, — загучала суладна, гучна, радасна, шчасліва.
Зуліся сумна ўсміхнулася і падумала: "Наіўныя. Яны яшчэ не ведаюць, што такое жыццё, не разумеюць, з чым давядзецца сутыкнуцца іх пачуццям... Але можа... Дай Бог!" Вулачка бегла далей, клікала за сабой, і шляхцянка паволі крочыла, напяваючы сабе пад нос ціхую мелодыю. Старая служка, якая цягнулася ззаду, пачала незадаволена буркатаць:
— Пані, досыць ужо. Не паспеем жа на таргі.
Зуліся павярнулася да яе і кіўнула:
— Зараз пойдзем. Вось пагляджу на горад, тады і вернемся.
Служка нешта сказала сабе пад нос, але пярэчыць гаспадыні не стала. Яны блукалі па Гародні яшчэ доўга, пакуль нарэшце панначка спынілася і павярнулася да халопкі.
— Усё, хадзем да гандлёвых радоў.
Таргі праходзілі адзін раз на тыдні і, канечне, не збіралі столькі народу, як кірмашы. Калісьці іх рабілі найчасцей перад набажэнствам у нядзелю альбо крыху пазней пасля яго. Толькі гэта выклікала незадавальненне клерыкаў, таму ў Гародні, як і ў большасці гарадоў Рэчы Паспалітай, іх тэрмін перанеслі на іншыя дні — панядзелак, аўторак ці сераду. Таргі адбываліся на гандлёвай плошчы, але і на ўзбочных вуліцах можна было пабачыць сялян, якія прадавалі з вазоў прывезенае збожжа ці гародніну. На ўскрайку вясковыя цёткі трымалі ў кошыках малако, свойскую птушку, мёд, воск і сушаныя грыбы. За горадам жа на вызначаным месцы прадавалі быдла.
У камянічках купцы раскладвалі свой тавар для заможных пакупнікоў. Г эта рабілася, каб панам было "лягчэй дыхаць", бо халопы не наважваліся сюды заходзіць. Каля адной такой крамы з тканінай Зуліся спынілася і пачала разглядваць стужкі. Служка стаяла за ёй і чакала. Да іх падышоў купец з кіслым тварам і без аніякага імпэту.
— У які кошт гэтыя? — спытала шляхцянка, паказваючы на дзве, што выбрала.
Купец гэтак жа вяла адказаў.