Паніч пацалаваў дзядзьку руку і выйшаў. Яго ўжо чакала ў пакоях Тэафілія. Яна загадала, каб сынаўцу падалі вячэру. Пані доўга і ўважліва глядзела на панурага Феліцыяна. Таму нават кавалак у горла не лез з-за горкіх думак. Тады жанчына прычыніла дзверы, падсела да яго і зашаптала:
— Вось што я табе скажу. Можаш называць бязбожніцай, як дзядзька, але паслухай мяне. Каб не мучыца з-за нядобрых думак, зрабі так. Зараз з’еш хлеб, а апошнюю лусту вазьмі з сабой і ідзі на раздарожжа. Калі дойдзеш, прытуліся да зямліцы і ўважліва слухай. Што ў вушы ўвойдзе, тое прыйдзеш і раскажаш.
Феліцыян грэбліва паглядзеў на яе, але паслухаўся. Ішоў доўга па замеценым шляху, з цяжкасцю перастаўляючы ногі ў гурбах снегу. Насустрач яму выў пранізлівы вецер і шпурляў ледзяныя крышталікі ў твар. Мароз прабіраў да костак, і шляхціц пачаў быў клясці старую ды сябе, што згадзіўся патураць. Але, прыгадаўшы хворага, сціснуў зубы і пакрочыў далей. Нарэшце дайшоў да скрыжавання. Стаўшы на калені, Офенберг падняў рукі ўгору і ўпаў у мяккі халодны абрус.
Вецер узвыў, зрабіўся шалёным ды злым. Паніч нават крыху спужаўся. Каля яго, крокаў за пяць, нехта страшна зарагатаў і пачулася конскае іржанне. Пасля недзе завыў сабака ды так сумна, бы жаліўся, але адразу і сцішыўся, як не было. Потым вельмі блізка над ім нехта жаласліва і горка заплакаў. Феліцыяна перасмыкнула, і ён з усіх ног пабег да маёнтка, каб толькі не чуць больш нічога і не думаць пра благое...
Дома пані Тэафілія доўга яго распытвала і паіла медавухай, каб адагрэць і развязаць язык.
— А можа смяяўся той голас, песні спяваў? — пыталася яна і з надзеяй паглядала на сынаўца. — Ой, божухна, нядобры знак. Калі б песню пачуў, то мо б і ачуняў, а так... Маліцца трэба.
Шляхцянка сумна ўздыхнула, паднялася і выйшла з пакоя, пакінуўшы паніча сам-насам з невясёлымі думкамі. Юнак так і сядзеў, абхапіўшы галаву далонямі. Калі ж пачуў крокі, то ўзняў вочы і аслупянеў. Катажына, заўважыўшы яго, таксама пабялела. Зрэнкі яе цёмна-зялёных вачэй пашырыліся, іх затуманіла празрыстая плёнка, якая пагражала ператварыцца ў салёныя кроплі. Але яна пераадолела сябе і зрабіла крок насустрач.Феліцыян стаяў перад ёй разгублены. Шляхцянка знарок выпусціла з рук свечку. Офенберг падняў яе, і калі зноў паглядзеў на сяброўку, то здзівіўся змене, якая з ёй адбылася. Перад ім стаяла ўжо не тое дзяўчо, якое чырванела, калі цалаваў яе ў шчаку на развітанне, а жанчына з праніклівым і гордым позіркам. Яна падышла бліжэй да названага брата і пацалавала яго ў лоб, а пасля дакранулася мяккай халоднай далонькай да шчакі і вымавіла:
— Нездарма я малілася і верыла наперакор людскім словам. Толькі Міласэрны Творца даў мне тваё жыццё, брат, але забірае да сябе дзядзьку.
— Дзякуй, што стаяла пры ім стаянцом гэты час. Але цётка не хоча, каб сябе мучыла, ідзі адпачні.
— Хіба гэта цяжар — клапаціцца пра роднага чалавека?
— А дзіця? Можаш...
Катажына перапыніла:
— На ўсё воля Бога. Пойдзем, яму стала горш. Ты павінен быць побач.
Сцяпан ляжаў на ложку і глядзеў шклянымі затуманенымі вачыма на свечку.
Полымя час ад часу ўздрыгвала ад яго слабога дыхання. Стары Офенберг, здавалася, нічога не бачыў і не разумеў, апроч смерці гэтага агарка. "Ці ж так трэба паміраць? — думаў ён. — Паміраем і плачам". Пачуўшы крокі, ён павярнуў галаву і ўбачыў Катажыну з сынаўцам. Спрабуючы нешта сказаць, хворы заварушыў вуснамі, але замест гукаў пачуўся енк. Маладая жанчына закрыла твар рукамі і схілілася на плячо панічу. Каб не пужаць яе, стары больш не гаварыў, толькі скіраваў позірк на юнака і паказаў вачыма на крыж, а пасля на герб, які вісеў насупраць. Феліцыян зразумеў яго і кіўнуў, тады шляхціц уздыхнуў з палёгкай і заплюшчыў вочы.
***
Перад брамай касцёла вазніца затрымаў коней. Катажына выскачыла на снежны пляц, удыхнула марознае паветра і пайшла па сцежцы да дзвярэй. Сёння прыехала знарок рана, калі тут было няшмат людзей. Панна зайшла ўнутр, агледзелася і, нікога не ўбачыўшы, укленчыла перад распяццем. Тым часам з боку ўваходу пачуліся крокі, і нейкі шляхцюк сеў на лаву непадалёк ад яе. Патрохі зала пачала напаўняцца, і жанчына, прашаптаўшы апошнія словы малітвы, памкнулася да дзвярэй. Якое ж было яе здзіўленне, калі шляхціц таксама падняўся і пайшоў следам. Катажына здзівілася, ды не падала выгляду. Калі ж яна звярнула на сцежачку, пан пацёгся туды ж, але яму было цяжка ісці па гэтай вузкай каляіне. Пані паглядзела на яго смешныя спробы нагнаць яе, засмяялася і накіравалася да саняў. Убачыўшы тое, яснавяльможны праз сумёты паляцеў ёй напярэймы. Галантна схіліўшыся ў паклоне, ён падаў Катажыне руку і дапамог сесці.
— Дзякую, — прамовіла яна.
— Заўсёды рады дапамагчы паненцы. Дазвольце назваць сябе — Яраш Лычкоўскі. Ці магу я спадзявацца на тое, што яшчэ ўбачу шаноўную? Цяпер не змагу без гэтага, як зямля не можа без сонца.
Катажына ўсміхнулася, але нічога не адказала. Вазніца пагнаў коней, пакінуўшы пана стаяць. Ён жа расправіў рукі і паваліўся ў сумёт. Не звяртаючы ўвагі на х мінакоў, пан Яраш ляжаў у снезе і па-блазенску ўсміхаўся.
Ужо вечарэла, калі пані зачынілася ў сваіх пакоях. Ціха патрэсквалі ў маленькай пячурцы з зялёнай кафлі паленцы. Полымя асвятляла ўтульны пакойчык. Катажына сядзела ў крэсле і думала пра ранішняе здарэнне. Яна прыгадала дзіўнага паніча, усміхнулася, але гэтыя думкі былі абарваныя Глэсяй, якая ўбегла без стуку і закрычала:
— Пані, кулігі! Пані!
На двары чулася валтузня і брэх сабак. Катажына падышла да акна і ў свеце паходняў разгледзела шэсць саней.
— Пані, што рабіць будзем? — спытала напужаная служка.
Гаспадыня нават не павярнулася да яе і абыякава адказала:
— Загадай прымаць.
Госці адразу накіраваліся да стала. Нягледзячы на тое, што ўсе былі на добрым падпітку, яны пацягнуліся адразу да келіхаў з віном і гарэлкай. Служкі ледзь паспявалі падносіць гарачае і напоі. Катажына з хвіліну назірала за гэтым, а пасля грэбліва ўсміхнулася і накіравалася да сябе, загадаўшы Глэсі прыглядваць за ўсім. Жанчына села ў крэсла, захутала ногі коўдрай і ўзяла кнігу. Яна заплюшчыла вочы і на імгненне перанеслася ў дом бацькоў. Перад ёю з’явіўся мілы сэрцу вобраз кабінета, дзе былі бацька і брацік...
Жанчына расплюшчыла вочы і ўздыхнула. У пячурцы ўжо смылелі галавешкі. Адтуль цягнула цяплом і пахла паленым. "Зноў Глэся туды смецце выкінула, — падумала пані, злуючыся на дурнаватую служку. — Задам жа я ёй заўтра чапалосу!" Яна разгарнула кнігу, і адтуль выпалі два аркушы з вершамі, якія напісала яшчэ дома. Катажына падабрала іх, і сумная ўсмешка з’явілася на малінавых вуснах. З хвіліну павагаўшыся, шляхцянка ўстала, падышла да каміна, і аркушы павольна апусціліся на дагараючыя вугельчыкі. Успыхнуўшы, агонь хціва пачаў лізаць паперу.
У гэты момант дзверы зарыпелі, падпіхнутыя нечым плячом, і моцна грукнуліся аб сцяну. У пакоі ўвалілася некалькі п’яных шляхцюкоў. На адным з іх верхам сядзеў Станіслаў з падбітым вокам і ў падзёртым жупане, заляпаным ванітамі і брудам. Ён агледзеўся і, заўважыўшы жонку, зарагатаў.
— Ты павінна выйсці і павітаць гасцей! — закрычаў ён. — Яны чакаюць!