— Усе дзеткі аднолькавыя. З ручкамі, ножкамі, усе плачуць і смяюцца, да мамкі просяцца.
Людовіка задумалася, пасля зноў паглядзела на Улляну.
— Учора я бачыла, як яна ноччу некуды пайшла, — зноў загаварыла.
Дзяўчына пераглянулася са старой, а Людовіка працягвала:
— Да мяне Сон не прыляцеў, вось і не спала.
Улляна пабялела і апусціла вочы.
— Я да буслоў хадзіла.
— Да якіх буслоў? — здзівілася дзіця.
— Учора было Уздвіжанне, а на яго жораў у астатніх пытаецца, калі ляцець у вырай.
— Праўда?
— Так, — пацвердзіла Параска. — На полі зжатым усе буслы збіраюцца і гамоняць.
— Я таксама хачу гэта пабачыць!
Параска пакруціла галавой.
— Яны сёння адляцелі. Наступным разам пойдзем. Цяпер жа кладзіся спаць, Сон хутка павінен прыляцець, а калі не знойдзе на месцы, то пойдзе да іншай дзяўчынкі.
— Ой, — закрычала панначка і пабегла да ложка. — Я так не хачу! Я буду чакаць яго!
Параска з Уллянай засмяяліся, а дзяўчо схавалася пад коўдру і замаўчала, але не вытрымала духаты і высунула галаву.
— Людовіка, — паклікала яе Параска.
— Што?
— Ты толькі пра буслоў нікому не гавары.
— Каб вусны адсохлі, калі каму раскажу.
Яна па-змоўніцку зірнула на Улляну і засмяялася.
— Бабцю, — звярнулася яна да старой, — будзеш мне пець?
— А ты хочаш?
— Хачу.
— Дык чаму ж учора сказала, каб не пела? Дарослай сябе назвала.
Дзяўчынка вінавата прамуркатала:
— Адмовілася, бо бацька быў з Альбертам. Альберт з мяне смяецца, гаворыць, што малая.
Яна паглядзела на старую і сумелася. Нянечка сядзела на зэдліку і здавалася такой маленькай, старэнькай і сумнай, што малая не вытрымала і кінулася да яе. Ручкамі абхапіла Параску за шыю і зашаптала:
— Даруй мне, Парасачка. Я больш ніколі такога не скажу.
— Ды даўно даравала, мая песта.