Юнакі накіравалі коней да карчмы. Насустрач ім выбег сабака з прастрэленай лапай і пачаў кідацца на коней, спрабуючы ўкусіць. Рысакі натапырылі вушы і неспакойна перабіралі нагамі. Якаў раззлаваўся, дастаў крамянёвае ружжо і пацэліў у сабаку. Той завішчаў, і тут прагучаў яшчэ адзін стрэл амаль каля яго вуха. Шляхціц спалатнеў і паглядзеў на Феліцыяна. Сябра кіўнуў у бок адчыненых дзвярэй хлява.
— Стралялі адтуль. Трымай падрыхтаванае ружжо.
Якаў кіўнуў і павярнуў каня. Феліцыян паехаў следам.
Раптам зноў пачуўся свіст кулі, і паляцелі трэскі з дрэва, ля якога спыніўся Якаў. Ён нацягнуў лейцы і заўважыў, што трава каля студні запэцкана крывёй. Пясок на двары быў стаптаны дзясяткам коней. Юнак кіўком папярэдзіў Феліцыяна.
Людзі, якія затаіліся ў хляве, больш не стралялі, але цішыня была напружаная, нібыта вось нешта здарыцца.
Тут Якаў падняў руку і крыкнуў:
— Гэй, хто б там ні быў! Мы не разбойнікі, у нас добрыя намеры!
За дзвярыма пачулася перашэптванне, нешта затрашчала, і грубы мужчынскі голас гаркнуў:
— Які чорт вас сюды прывёў? Прэч!
Юнакі пераглянуліся.
— Мы хочам спыніцца ў карчме да раніцы.
У хляве завязалася валтузня, пасля ўсё сціхла, і да іх выбег стары. Ён паваліўся на калені перад панамі і пачаў прасіць:
— Я гаспадар карчмы. Не злуйцеся, яснавяльможныя! Мы стралялі, бо думалі, што вы разбойнікі.
— Што тут здарылася? Чаму кроў каля студні?
Карчмар схапіўся за валасы і зароў:
— Мы мірныя людзі, нікога не чапалі, а тут... — ён ледзь гаварыў, — разбойнікі ўчынілі наезд. Гора ў нас, паніч. Затапталі коньмі нявестку маю. Каб не гэта, дык зімой сыну памочніка нарадзіла б.
З-за дзвярэй выйшаў малады бялявы хлопец са страшнымі вачыма, якія блішчэлі нянавісцю. У руках ён трымаў стрэльбу. Якаў акінуў яго вокам і спытаў:
— Г эта ты так страляеш? Вельмі добра.
Хлопец надзьмуўся і прамармытаў:
— Каб страляў на ўсю моц, то, ваша мосць, не хвалілі б мяне.
Якаў аж пачырванеў ад злосці.
— Што?! Ды ты... — Якаў у шаленстве схапіў шаблю, але руку перахапіў стары.
Ён зноў упаў на калені і пачаў прасіць:
— Змілуйся, васпан! Сын не ведае, што гаворыць, бо яго вуснамі Люцыфер завалодаў! Гора ў нас, вось і ашалеў.
Якаў павярнуў каня і пад’ехаў да карчмы. Сын гаспадара не зводзіў з яго вачэй і моцна сціснуў стрэльбу ў руках. Феліцыян тым часам нахіліўся да карчмара і ціха шапнуў:
— Скажы сыну, каб прыціх, а то ў цябе ў хаце другую труну ставіць прыйдзецца.
Ёхан памаўчаў, а пасля дадаў:
— Не ў добры час вы прыехалі. Гора ў нас, каб яшчэ чаго не здарылася.
— Пагражаеш?
— Як магу? Але ці да твару заставацца такім панічам у хаце з нябожчыцай?