Але адзiнае, што ў маiх сiлах — набыць сабе старую "Волгу" — сымбаль хрушчоўскага прагрэсу — i круцiць у салёне так любiмую тады францускую эстраду. Цi апынуцца ў адным з гарадоў дзяцiнства — у Варонежы, напрыклад, дзе бацькi пакiдалi мяне на лета, таму я не магу ўявiць яго засьнежаным i задубелым.
Я прыехаў сюды на хаўтуры бабулi.
Якое дзiўнае, гiстарычнае жыцьцё! Дзяцiнства ў нябеднай сям'i, грамадзянская вайна, падчас якой яны ратавалi ад "белых" адвечна скрайнiх у Расеi жыдоў. Затым шлюб з чырвоным камандзерам i жыцьцё ў Крамлi. Сузiраньне ранiшнiх шпацыраў "жывога бога" i мярзотны страх пры вiтаньнi з жонкамi рэпрэсаваных афiцэраў. Вайна. Эвакуацыя. I нарэшце, сустрэча з адэскiм лахамiднiкам, як яна яго называла, Анатолем Бартосiкам, маiм дзедам, якi ў такi неамурны час адбiў у баявога генэрала жонку. Мая дзiцячая памяць захавала прыгожы твар чалавека, "адэсiта" паводле нацыянальнасьцi. Такiх пазнаюць без зазiраньня ў пашпарт.
Перад сьмерцю бабуля пераглядала свой лёс, адбiты ў мностве старых здымкаў, i ставiла пад iмi нашы iмёны, разьвiтваючыся з намi назаўсёды. Яна так i ня ўбачыла мяне "пуцёвым" чалавекам...
Мы йшлi па горадзе, якi сваёй сталiнскай манумэнтальнасьцю так нагадвае Менск. Мы йшлi маiмi дзiцячымi вулiцамi паўз сквэры, дзе так добра гуляецца ў вайну, праз двары, у якiх так дарэчы гучаў бы Бэрнэс. Мы йшлi па савецкiх вулiцах, па якiх хораша шпацыраваць кампанiяй, дзе гукi тваiх струнаў нiкому не замiнаюць, дзе вiно выключна "з гарла", а размовы выключна пра былое. Не, у Менску так не гуляецца. Той "не потерпит" бруду памiж сваiмi фасадамi.
Дзiўна, я йшоў не гаспадаром, якi вярнуўся нарэшце, а ўсяго толькi госьцем. Хай чаканым i жаданым, але ўсяго толькi госьцем. Празь некалькi дзён мяне апануе сьверб — шукаць беларускiя радыёхвалi i хоць нейкiя весткi адтуль. Адкуль? З маёй... краiны.
Так мы становiмся рознымi. Хоць размаўляем (пакуль што?) на адной мове, але размовы iншыя, праблемы iнакшыя. Расейцы выбралi "пэпсi" i цяпер зарабляюць, каб спатолiць смагу, не жадаючы дзялiцца з тымi, хто выбраў iхны рубель. Ня час рабiць прагнозы, дзе будзе лепей. Добра ўжо тое, што мы самi вырашаем, што для нас гэтае "лепей". А таму не чапайце "нашага правасхадзiцельства".
Надмагiльныя помнiкi з маiм прозьвiшчам. Нiколi ня бачыў, i вось нарэшце...
Якое глупства, што пра сьмерць лепш ня думаць. Што за зьнявага такой велiчнай i мудрай зьявы? Пра сьмерць думаць варта. Гэтыя думкi цьвярозяць i ўздымаюць цану жыцьця. I не пазбаўляюць, а яшчэ больш надзяляюць яго сэнсам. Час, канец якога адчуваецца фiзычна, пачынае ўсё больш пражывацца, а не мiнаць.
Дык вось, значыць, як гэта будзе выглядаць! Цiкава толькi, дзе? Ну, вядома ж, хацелася б на Радзiме. Але на якой такой Радзiме? На той зямлi, дзе не нарадзiўся нi геаграфiчна, нi часава, нi нацыянальна? На той, дзе продкi як з польскага бацькавага, так i з расейскага матчынага боку, магчыма, лiлi сваю кроў, а можа й клалi галовы зусiм не з абарончымi мэтамi? На той, якую не выбiраюць? Якая сама цябе выбера й народзiць у табе надзею на ўласную патрэбнасьць ёй.
А ўсё ж прыемнае слова "Захад". Як прыемна й тое, што яно нейкiм чынам стасуецца з нашаю мэтай. Мы на ўсiх хуткасьцях iмчым у Беларусь. У тым баку, як сымбаль, — чыстае неба.
На мяжы чарга. Некалi таксама няўтульна й дзiка выглядаў беларуска-лiтоўскi кардон. "Амэрыканiсты" расейскi мытнiк ну нiяк ня можа хоць чым-небудзь не адзначыцца ў нашай памяцi.
— Белорусы? И без наркотиков?
— И даже без оружия, начальник. Удивительно, не правда ли?
Ну ўсё! Нарэшце! Нейкая лёгкасьць, ад якой цягне рабiць глупствы цi жартаваць, няхай i няўдала. Тут зразумеюць. Тут яно самае. Сэрца, незалежны ад нас баромэтар, выдае хваляваньне, i я ў разьлiку зь лiтоўцам. Ну вось i Белiца пайшла.
Ды што такое?! Суботнi вечар. Цудоўнае надвор'е. I пустата. Яна асаблiва адчуваецца пасьля вiрлiвых i агнiстых вулiц Варонежу. Менавiта такую карцiнку я i ўяўляў сабе ў фатальным для гэтага краю красавiку 1986 году, будучы далёка ад гэтага месца. Н-н-да. Месца для скананьня, сапраўды — што трэба. Але нiчога. Ажывiм.
Галоўнае — мы дома.
Бясконцая гара
Памятаю, нехта казаў, што ўсё самае значнае й цiкавае звычайна канцэнтруецца ў сталiцах. Напэўна, той нехта быў не беларус. Бо беларус, нават самы савецкi, ведае, што госьця свайго цi то з Арбату, цi то з Манмартру трэба везьцi ў Мiр, Нясьвiж цi Белавескую пушчу. Адным словам, далей ад Менскай кальцавой дарогi. Туды, дзе яшчэ нешта захавалася. I мне таксама з надыходам лета карціць часьцей прарываць тое кола.
А куды накiравацца вандроўнiку, як не на самую высокую кропку краiны. У Беларусi гэта Сьвятая гара. Зь лiтаратуры я даведаўся, што вышыня яе 345 мэтраў над узроўнем мора. Што ў 1958-м яе перайменавалi ў гару Дзяржынскую. I што ўвогуле знайсьцi яе даволi няпроста, нягледзячы на тое, што знаходзiцца яна ўсяго за 30 кiлямэтраў ад сталiцы. Сябры яшчэ болей напусьцiлi туману. Ад адных я чуў, што гэта амаль беларускi Эвэрэст, вяршыня якога патанае ў шэрым крывiцкiм небе. Iншыя ж казалi, што вышэйшая кропка не абавязкова павiнна мець выразныя схiлы й крутыя ўздымы. Але ўсё гэта толькi распальвала маю цiкавасьць.
Была i яшчэ адна абставiна не без iнтрыгi, пра якую даведнiкi маўчалi. Памiж Балтыйскiм i Чорным морам ёсьць толькi адна кропка, адкуль яны абодва могуць быць патэнцыйна бачныя — гара Сьвятая.
I я яе ўбачыў. Праўда, ня так хутка, як думалася. Гара гуляла са мною ў хованкi. Нягледзячы на тое, што я быў узброены мапаю й дакладна даехаў да месца. Я стаяў пасярод панылага й бязьлюднага краявiду вёскi Скiрмунтава й мала што разумеў. Праваруч ад мяне быў калгасны ток, а леваруч — альбо разваленая, альбо недабудаваная МТС. Неўзабаве з машына-трактарнае станцыi паказалiся людзi — два пахмурныя калгасьнiкi. У якiх я й запытаўся аб славутасьцi iхнай мясьцiнкi. Пару хвiлiнаў калгасьнiкi дзiвiлiся: "Дык Вы аж з самога Менску прыехалi?" Нарэшце да iх дайшло, навошта мяне занесла сюды "аж з самога Менску". "А, дык Вам гара тая трэба? Ды вунь яна, за плотам", — махнулi ў бок МТС калгасьнiкi ды пашыбавалi па сваiх калгасных справах.
Перабраўшыся цераз плот, я ўбачыў даволi алегарычную карцiну. Пасярод двара, заваленага праржавелымi трактарнымi карданамi ды згнiлымi шынамi камбайнаў, узвышаўся пагорачак зь пясочку вышынёй з чалавечы рост. На пагорачак быў зацягнуты гранiтны камень, надпiс на якiм абвяшчаў, што гэта й ёсьць "Гара Дзяржынская. Найвышэйшая кропка Беларусi". Гэткая "магiла невядомага калгасьнiка", палеглага ў бiтве за ўраджай. Я залез на вяршыню, стаў на камень, азiрнуўся навокал... I ўсё зразумеў. Надпiс на каменi хлусiў толькi часткова. Пада мною сапраўды была гара Дзяржынская. Толькi лiчба хлусiла. Гару Дзяржынскую насыпалi пад свой рост i маштаб тыя, хто не знайшоў, ды нiколi й не шукаў гары Сьвятой. Якая нарэшце адкрылася. Цiкава, я ледзь не гадзiну калясiў па яе спакойных схiлах. Яе паўночны, балтыйскi бок быў накрыты шчыльным непраглядным лесам. Затое з паўднёвага, чарнаморскага, мне адкрываўся можа самы бясконцы далягляд з бачаных мною ў жыцьцi. Чым не беларускi цэнтар сусьвету? Месца для храма цi статуi Збавiцеля... Прастаяўшы над беларускiм бяздоньнем колькi хвiлiн, я лёгка саскочыў зь пясочнай дзяржынскай гары на беларускую зямлю. Наўрадцi я буду стаяць на ёй больш цьвёрда пасьля гэтага паломнiцтва. Але, зрэшты, хто ведае. Калi верыць старым назвам. Цiкава яшчэ тое, што, вяртаючыся ў сталiцу, я так i не заўважыў, дзе тая гара сканчаецца.
Драўляны беларускi ровар
Вельмi люблю езьдзiць са сваiмi канцэртамi ў беларускую правiнцыю. Заўсёды прыемна апынуцца там, дзе цябе любяць i чакаюць. Дзе табе гарантаваныя толькi прыязныя ўсьмешкi, шмат выпiўкi i ўтульны начлег. Дзе можна, так бы мовiць, «вкусить плода» сваёй сталiчнасьцi. Каб пасьля, па вяртаньнi ў сталiцу, лiшнi раз пераканацца, што застануцца ўсьмешкi, размовы, нейкiя цiкавосткi. Не застанецца толькi маёй «сталiчнасьцi».
Ня ведаю, як праводзяць кiяўлянаў у якi-небудзь Чарнiгаў, цi масквiчоў у Волагду, а менчукi мяне праводзiлi ноткамi лёгкай, ненаiгранай зайздрасьцi ў голасе: «Ты едзеш у Пiнск?!» Скажы я, што еду ў Варшаву цi Маскву, такога пiэтэту б не было. Побач зь Пiнскам, як нагода для зайздрасьцi, мог стаць бадай толькi Парыж. Але гэта мог быць i Жлобiн, i Лепель. Так аддана любяць жыхары беларускай сталiцы сваю правiнцыю, з ноткамi эмiгранцкай настальгii. Цi таму, што самi не адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена ў першым пакаленьнi менчукоў, цi таму, што адчуваюць несапраўднасьць гэтага падзелу. Сталiца — гэта там, дзе ГУМ, БТ i Вялiкi тэатар, а правiнцыя... Як я зразумеў, гэта там, дзе ты можаш набыць неабходную рэч.
За некалькi дзён да запрашэньня прыехаць пасьпяваць у сталiцу Палесься ў мяне сапсавалася электрабрытва. I ў дзень ад'езду я бегаў па ГУМах i ЦУМах у марных пошуках знайсьцi свой улюбёны танны «Харкiв». Але мая густая тыднёвая шчэць ня стала перашкодаю для той хвалi любовi, што абрынулася на мяне, як толькi я сышоў на пiнскi пэрон.
Пасьля менскага дажджу са сьнегам наколькi дзiўна ўбачыць ранiцою зялёную траву. Стары Францiшканскi кляштар, несавецкiя будынкi старасьвецкiх вулiцаў i прыгожая узьбярэжная ракi Пiны пададуцца адно толькi вельмi дарэчным тлом для першай сёлетняй зелянiны. I якiм жа далёкiм раптам здасца Менск. З гэтай сталiцы Заходняга Палесься, усходнеэўрапейскага матаболу й ненароджанага «Каралеўства Етвызь». Дарэчы, нi ў водным горадзе Беларусi расейская мова не гучала для мяне больш недарэчна, чымся ў Пiнску. Можа быць, самым несавецкiм горадзе РБ. Гэтым разам, напрыклад, я даведаўся, што тут няма цэнтральнага ўнiвэрмагу. Абавязковага шэрага паралелепiпэду з шыльдай «Универмаг «Пинск». Замест яго ёсьць безьлiч невялiкiх крамак, у адной зь якiх я без праблемаў купiў сваю брытву.
Усё часьцей заўважаю на сваiх выступах маладыя твары. Гэтым разам амаль не было «пiнскай шляхты» БНФ. Аўдыторыя складалася з паўсотнi чалавек, пераважна 15-17 гадоў. Якiя не размаўляюць па-беларуску. Але ўжо пасьпелi адчуць цiкавасьць да гэтае «сталiчнае» мовы й таго, абавязкова андэграўнднага, дзёрзкага, цi проста забаўнага, што на ёй павiнна рабiцца. Нясьцiпла спадзяюся, што я iх не расчараваў. Яны зарганiзавалiся ў маладзёвую арганiзацыю «Мроя», каб разам пiць пiва, сьпяваць рок-н-рол, любiць Беларусь i адзiн аднаго, ну й яшчэ запрашаць сталiчных бардаў. А галоўнае, ня быць як усе.
Ня ведаю, якiх памераў павiнен быць аптымальны горад для паўнавартаснага чалавечага жыцьця. Напэўна з 130-цю тысячамi насельнiцтва й 900-гадовай гiсторыяй. Гэтага дастаткова, каб быць заўважным на тле езуiцкага калегiюму, дзе я сядзеў, папiваючы мясцовае пiва зь пiнскiм «белым легiянэрам» Лёшам. Лёшу да глыбiнi душы хвалюе тое, што мясцовыя ўлады не даюць нi газэту незалежную зарэгiстраваць, а ўжо мiтынг сабраць, як у Менску, — пра гэта ўвогуле можна толькi марыць. Лёша, працуючы ў Гэльсынскiм камiтэце, паезьдзiў па Эўропах, пасьля чаго Пiнск стаў для яго выглядаць нашмат горш за Брусэль. Але я ня надта разумеў Лёшу. На халеру яму той мiтынг, калi ён адным сваiм брусэльскiм выглядам нiяк не саступае пiнскаму калегiюму. Да нас падыйшоў няпэўнага ўзросту чалавек зь няголеным азызлым тварам алькаголiка, з патухлымi вачыма бамжа й апрануты ў даўно працёртую фiрмовую джынсу. На нагах чалавека былi дарагiя пантофлi й бездакорна беласьнежныя шкарпэткi. Мы парукалiся. Гэта быў Сярожа. Яму трэ былi нашыя бутэлькi. Яшчэ да ўсялякай перастройкi Сярожа першы зь пiнскай моладзi адкрыў Амэрыку, зьезьдзiўшы да сваякоў, панапрывозiўшы кружэлак i джынсаў i стаўшы галоўным героем дзявочых мараў. Пасьля чаго Сярожа цалкам слушна вырашыў сьпiвацца. А чым яшчэ можна займацца першаадкрывальнiку пасьля адкрыцьця? У Менску, на жаль, амаль няма шанцаў стаць пiянэрам, каб прыгожа сьпiвацца ў белых шкарпэтках.