— Сумота, відаць, там у вас?
— Якая розніца, кожны ж для сябе вучыцца.
— Пайшлі са мною ў вячэрнюю школу, — прапанавала Лора. — Я папрашу тату, ён і цябе возьме на працу.
— У мяне ж яшчэ пашпарта няма. Я ў школу пайшла ў шэсць гадоў.
— Ты такая малая? — здзівілася Лора. — Ну, тады расці яшчэ.
Яны развіталіся, але да вясны так ні разу і не сустрэліся, розныя ў іх былі заняткі і інтарэсы. Лора ўдзень працавала, увечары хадзіла ў вячэрнюю школу. У Лізы была іншая праблема. Яна якраз трапіла ў той выпуск, калі з адзінаццацігодкі зрабілі дзесяцігодку. За два гады новыя выпускнікі павінны былі засвоіць праграму, разлічаную на тры гады. Цяпер старшакласнікам настаўнікі проста чыталі лекцыі. Больш здольныя юнакі і дзяўчаты паспявалі засвоіць матэрыял, слабакі ледзьве цягнуліся на тройкі.
У наступны раз Ліза пабачылася з Лораю на могілках. Тутэйшых людзей хавалі пад крыжамі. На магілах памерлых гараджан ставілі жалезныя чырвоныя пірамідкі з зоркамі. Пакуль будавалася станцыя, пірамідак стала некалькі. Першым пахавалі шыбеніка, які засіліўся на вышках бальніцы яшчэ ў час яе будаўніцтва. Наступным стаў мантажнік, які зваліўся з вышыні і разбіўся. Ліза помніла, што ягоная труна стаяла ў клубе, і ўсе прыходзілі развітвацца з ім, а на могілках казалі жалобныя прамовы.
Была тут пахавана прыгожая дзяўчынка Галя з доўгімі косамі, якая ўтапілася. Ляжаў тут і муж Бузюмішынай Надзі, той самы багаты сірата, які раптам захварэў і памёр. Яго Ліза бачыла жывым толькі некалькі разоў. Быў ён невысокі, чарнявы, кідаўся ў вочы не тутэйшай, усходняй прыгажосцю.
Была тут і магіла Банадысінага Івана, яго Ліза трохі помніла. Гэта ён некалі на Украіне, калі ўсе жылі ў хаце Антося Самоты, спяваў пра дзяўчыну, з якою яе маці не дазваляе жаніцца. Яго ўтапіў у возеры айчымаў дваюрадны брат Якім. Ліза чула, як бацькі ціха абмяркоўвалі гэты страшны выпадак. Падслепаваты Якім ніяк не мог выбраць сабе дзяўчыну, усе яны яму былі на адзін твар. Банадысін Іван працаваў разам з ім на земснарадзе ды ўсё нахвальваў сваю Палаю Сердзюкову. Якім таксама паспрабаваў падступіцца да той прыгажуні, якую так упадабаў Іван, але дзяўчына не захацела з ім нават размаўляць. Казалі, што ён аднойчы пачаставаў Івана гарэлкаю, а потым стукнуў па галаве і спіхнуў у возера, калі дзяжурылі разам у начную змену. Івана пахавалі, вінаватых не знайшлі, а Якім праз колькі месяцаў ажаніўся з Палаяю, якая, мусіць, не надта кахала яго, бо нарадзіла толькі аднаго сына, такога ж падслепаватага, як ягоны бацька.
Ляжала тут пад маленькім крыжыкам немаўлятка. Гэта быў адзіны сын Антося Самоты, пра якога ён марыў. Шэсць дачок раслі і гадаваліся, а сёмы сын памёр, пражыў толькі два тыдні.
Сёння павінны былі хаваць Севу Стылягу, які загінуў у войску. Усяго і паспеў гэты хлопец у сваім жыцці, што пакрасавацца ў штанах-дудачках ды пакахаць Лору Піліпаву. Яго прывезлі на могілкі салдаты ў закрытай труне са шкельцам, за якім нічога нельга было разгледзець. Над труною плакалі маці, сястра, нейкія яшчэ жанчыны. Толькі Лора стаяла з сухімі вачамі і нікога не заўважала навокал. Ліза не адважылася падысці да яе і вывесці з цяжкога одуму.
37
Кандрат дарэмна спадзяваўся атрымаць пляц пад хату ў гайку або на выгане. Калі ён прыйшоў да начальства, дык аказалася, што ўся зямля ўжо даўно падзеленая. Кандрату зноў прапанавалі нейкую выспу за вёскаю. Што і казаць, ён тады пакрыўдзіўся на ўсіх. Як жа можна трываць такую несправядлівасць? Усе, хто даўно працуе на будоўлі і да калгаса не мае ніякіх адносін, атрымалі лепшыя пляцы! Клем размясціўся ў самым гайку на востраве, ужо і зруб паставіў! А хто ён такі? Што зрабіў для калгаса? Ды ён заўсёды працаваў толькі на сябе! Узяў замуж дачку заможнага чалавека, які ездзіў на заробкі ў Амерыку і прывёз грошай. У яго і старая сядзіба вялікая, з садам, канец агарода ўпіраўся ў лужок, дзе была воля качкам ды гусям. Ля хаты ў Клема расла асінка, якая трапятала кожным лістком, а ў двары — тры вялізныя яліны, на якіх прыжыліся вавёркі. Гэта хто ж мог сабе дазволіць елкі ў двары вырошчваць. У Малашы адна яблынька, ды і на той горкія яблыкі, есці немагчыма.
Кандрат помніў, як напрыканцы вайны, калі Ляды вызвалілі ад немцаў, у войска пачалі браць мужчын, чый узрост падпадаў пад мабілізацыю. Прыйшла позва і Клему. Ён выправіўся разам з усімі ў райваенкамат, а па дарозе ўцёк і ўпотай вярнуўся дамоў, доўга хаваўся. Клеміха папрасіла Кандрата з Аўдзеем дапамагчы абмалаціць жыта. Аднойчы хлопцы згледзелі Клема на вышках у клуні, зарослага барадою, ажно не пазналі яго, спалохаліся. Клем схаваўся не адзін. Да ягонай сястры Веры заляцаўся Аверка, малады і прыгожы хлопец. Яго таксама прызвалі ў войска. Прыйшоў Аверка перад самай мабілізацыяй да Клема, каб дазволіў ажаніцца з каханаю дзяўчынаю. Той запярэчыў, маўляў, не аддам сястру, ты на вайне згінеш, а яна ўдавою застанецца. Калі хочаш, схавайся пакуль, а пасля, як усё сціхне, пажэніцеся.
Аверка схаваўся дрэнна, у хуткім часе яго арыштавалі і пасадзілі ў турму на дваццаць пяць гадоў. Ён яшчэ і да гэтага часу ўсё даседжваў свой тэрмін, нават смерць Сталіна не дазволіла яму атрымаць жаданую волю. Калі вайна скончылася, Клем вылез са сваёй схованкі, і па яго прыйшлі вайскоўцы. Кандрат помніў, як вялі суседа праз вёску да сельсавета, старога, страшнага, зарослага барадою. Але Клем неяк адкруціўся, мо таму, што быў ужо стараваты, не годны для таго, каб ваяваць, дык яго мо праз які год ці два адпусцілі. І гэтаму баязліўцу далі найлепшы пляц! За што? Мо за хабар? Вядома. Тры ягоныя сыны працуюць на будоўлі, грошай куры не клююць. Цётка Дамінка як удава, муж якой загінуў на вайне, таксама збіралася будавацца каля Харунжага. Як загінуў дзядзька Саўка, сорамна каму прызнацца! Людзі казалі, што рабаваў у Берліне нейкую кватэру, а немец-гаспадар яго за гэта застрэліў. У Дамінкі зусім новая хата, пастаўленая перад самай вайной. Яна ў калгас на працу не ходзіць, яе дзеці, Якім і Алеся, на будоўлі працуюць, толькі Алёша ў войску служыць! Што і казаць, няма справядлівасці на свеце!
Пабедаваў Кандрат, падумаў, з жонкаю і маці параіўся ды і вырашыў ставіць новую хату на старым котлішчы, толькі адсунуць яе трохі ад скрыжавання, а то ж было, што ўсялякая навалач па шыбе рукамі шкрабала. Хацелася зрабіць будыніну прасторную, каб дзецям было вольна, як-ніяк трох сыноў і дачку нарадзіла яму Ульяна. Выхоўваў ён дзяцей у строгасці, але з любоўю. Не дазваляў, каб нехта чужы іх крыўдзіў, сярод нашчадкаў нікога не выдзяляў, ставіўся да ўсіх аднолькава добра. Старая маці падтрымлівала такі спосаб выхавання. Калі куплялі цукеркі, дык на ўсіх дзялілі пароўну. Толькі гарэлку налівалі па ўзросце. Старэйшым трохі ў чарачкі, а малодшым у коркі ад пляшак. Малаша лічыла, што гарэлка — найлепшыя лекі ад усялякай хваробы цела, а яшчэ весяліць душу, разнявольвае, нават у будзённы дзень прыносіць адчуванне свята. Таму кожны раз, калі гналі самагонку, яна абавязкова частавала ўнукаў, каб застрахаваць іх ад магчымай немачы.
Як ні раўняў Кандрат сваіх дзяцей, а яны атрымаліся розныя. Першы Алег быў здаровы і кемлівы хлопец. А вось наступныя Сяргей і Ала аказаліся хворыя ад нараджэння. Дактары называлі іх п’янымі дзецьмі і папярэдзілі Ульяну, каб з п’яным мужыком не спала, калі не хоча мець яшчэ аднаго калеку. Жонка крыўдавала з-за дзяцей на Кандрата, пачала раздражнёна пакрыкваць на яго, называла Бурсам і курваю. А малы Сяргей пераймаў і паўтараў пачутае ад маці, заганяючы карову: «Пайшла, Бульса кульва!»
Сяргея адразу прызналі інвалідам ад нараджэння, быў ён дурнаваты, з ягонай тоўстай ніжняй губы заўсёды сцякала сліна. Па Але спачатку не было відно ніякіх адхіленняў ад нормы, але калі пайшла ў першы клас, тут і выявілася, што яна няздатная засвойваць школьную праграму, таму яе, як і Сяргея, накіравалі ў спецыяльны інтэрнат.
Чацвёрты сын нарадзіўся здаровенькі, назвалі яго Віталем. Жонка знарок вышуквала нейкія рэдкія і прыгожыя імёны дзецям, якіх раней ніхто не ведаў у вёсцы. Як усялякія бацькі, Ульяна і Кандрат спадзяваліся, што Бог не абдзеліць іхніх дзяцей шчасцем. Безумоўна, муж быў максімалістам, хацеў, каб ягоныя хлопцы лёталі высока, называў іх лётчыкамі. Прынамсі, будучае іхняе жыццё ніяк з вёскаю і зямлёю не звязваў. Ульяна не хацела адпускаць далёка ад сябе дзяцей, але ж Ала і Сяргей змалку вымушаны былі жыць не дома. Нічога, сын вернецца дахаты. І за дачку Ульяна была спакойная. Дзяўчыну ўсё роўна трэба аднойчы выпраўляць замуж да чужых людзей. Няхай прывыкае.
Малаша таксама думала, што дзеці павінны жыць як мага даўжэй пры бацьках, каб меней няшчасцяў выпадала на іх. У гэтай вялікай сям’і яна пачувалася ўжо часам лішняю, але ж, пакуль Кандрат ездзіў на заробкі, яе яшчэ часта бачылі з касою і вялізнаю ношкаю сена (як дужаму мужыку падняць) за плячыма. Яна выкошвала дзе якая была трава ў гарадскім парку, па ўзбочынах дарог, на той тэрыторыі, якая была адведзена пад будоўлю, але пакуль пуставала. Сама назапашвала сена карове на цэлую зіму, бо калгас сенакос іхняй сям’і не даваў з-за таго, што гаспадар быў на заробках. Наогул яна па старой звычцы прыберагала плуг, барану і розныя сельскагаспадарчыя прылады, бо ведала, раптам можа ўсё памяняцца, тады гэтыя рэчы спатрэбяцца. Як і шмат хто са старых людзей, баялася перамен. За савецкім часам так і не навучылася хадзіць у краму і нешта купляць, не ўмела лічыць грошы.
Ульяна працавала ў паляводчай брыгадзе, каб восенню атрымаць буракі і зерне, дадаткова брала дзялку, якую палола разам са свякрухаю. На гаспадарцы працы заўсёды шмат, не паварушышся, дык зімою не мецьмеш што на зуб пакласці.
Кандрат штогод ездзіў на заробкі, а Ульяна з Малашаю цягнулі мужчынскую і жаночую працу, наколькі ў каго хапала моцы. Маючы чацвёра дзяцей, нявестка не заўсёды ўпраўлялася прыбраць у хаце ды своечасова памыць бялізну, усё спасылалася на цеснату. Казала, маўляў, каб была хата падзеленая на кухню і чыстую палавіну, дык лягчэй было б парадкаваць, а ў гэтым катушку, што пяць крокаў ад парога да покуці, немагчыма сачыць за чысцінёй. Малаша таксама спадзявалася пажыць яшчэ ў новай хаце і паглядзець, якая там будзе прыгажосць.
У канцы восені вяртаўся Кандрат, тады працы было менш. Доўгімі зімовымі вечарамі кожны сабе знаходзіў нейкі занятак: гаспадар плёў кош, ці проста сядзеў ля грубкі, падкладваў паленцы і смаліў махорку, старэйшы ўнук Алег рабіў хатнія заданні, а малодшы Віталь падсаджваўся да маці ці да бабулі, каб прылашчылі яго, пашкадавалі, вельмі ж ласкавае дзіця ўдалося.
У адзін з такіх вечароў Малаша папрасіла сына:
— Запісаў бы ты, Кандраце, мае песні. Памру і панясу з сабою, што ведаю. А ў мяне песень тых, не злічыць!
— Каму трэба твае песні? Вунь па радыё штодня іх столькі спяваюць, што Божа літасцівы, невядома скуль яны бяруцца. А за гэта ж, мусіць, і грошы некаму плацяць.
— Ай, спяваюць яны абы-што. Гондэ ў мяне песні дык песні. Ты запішы, я табе таксма заплачу.
— Колькі? — зацікаўлена спытаў Кандрат.
— Па рублю за песню.
— Дамовіліся. Алег, дай чысты сшытак і ад сунь трохі свае падручнікі, — сказаў бацька сыну, які якраз рашаў задачы.