Яшчэ болей, чым гулямі-вулямі, ён спакушае чалавека шчасцем, якое той атрымае, калі даб’ецца таго-сяго. І вось чалавек, убіўшы сабе ў галаву «тоесёе», з дня на дзень, з рання да змяркання піцуе, недасыпае, недаядае, каб нечага дабіцца. І калі здаецца чалавеку, што шчасце ў ягоных руках, ён зноўку — тут! Ён ці падстаўляе яму ножку, каб той падаў вобзем і выпраўляўся на Той свет, ці з рогатам адступаецца ад няшчаснага, і тады спакушаны, абдураны чалавек з жахам разумее, што шчасце ягонае — не ў «тым-сім», а ў нечым іншым. Але ж зноў — не вярнуць, не адкруціць назад марна патрачаныя гады... І дранцвее тады чалавеча. А ён ужо зноўку тут як тут — пельку падсоўвае, супакойвае няшчаснага: «Не бойся, я цябе не пакіну...»
Спустошаны, азіраецца вакол сябе чалавек, шукаючы падтрымкі і помачы. Камянее перад бясплатнай пелькаю. «Гулі-вулі» абрыдлі, уяўнае шчасце, як дым, развеяна... Што рабіць, чым заняцца?
О-о, як балюча яму тады!..
Надыходзіць ноч і, чалавек, схаваўшыся ад людзей, саромеючыся сябе, пачынае ліць слёзы з задымленых былым едкім шчасцем вачэй. Ён пачынае шаптаць, хоць каму шэпча, каго кліча, каб дапамог, чалавек пакуль і сам не ведае. Ён шэпча, што нічога не ведае ні пра сябе, ні пра навакольны свет. Ён шэпча, што хацеў радасці і шчасця... Ён шэпча, што яму страшна ў гэтым свеце...
Пачуўшы гэты шэпт, ля чалавека паяўляецца Адзінота. Мудрая Адзінота напачатку нічога не гаворыць, нават і не спрабуе суцішваць яго, яна і паяўляецца толькі дзеля таго, каб падказаць яму, што няшчасны не толькі ён адзін, што кожны з людзей хоць аднойчы ды павінен спазнацца з ёю. «Супакойся, суцішся, — нарэшце ціха вымавіць Адзінота, — вы ўсе адзінокія... »
«Я вінен... Я з імі валэндаўся... Я радасць і шчасце шукаў...» — будзе каяцца і апраўдвацца шэптам растрывожаны чалавек.
«А гэта ты ўжо не мне гавары, — будзе казаць Адзінота. — Цяпер, калі мяне спазнаў, я пакіну цябе. Цяпер Жальбе спавядайся».
І тут жа Адзінота адступіцца, Жальбу падпусціць...
І пачне чалавеча знаёміцца з Жальбою, пра якую дагэтуль, можа, і не ведаў нічога — часу спазнаць не знаходзілася, бо надта сваім шчасцем быў заклапочаны...
Усё, што цяпер Ран чуў і бачыў, поўнілася няясным невядомым сэнсам, як быццам Той, які жыў наверсе, прыадкрываў таямніцу, якую чалавеку было боязна разгадваць, і таму пачуццё жаху міжвольна ахоплівае яго ў такія імгненні. Кажуць, што ў ціхія чорныя ночы немаўляты часта беспрычынна плачуць, а старэйшыя дзеці шчэмяцца да дарослых. Мо ўсё гэта таму, што ён неадчэпна блэндае за спінамі людскімі?..
Ран задрамаў. Ён ведаў, што не спіць, ведаў, што сядзіць ля агню і між тым поўніўся дзіўным трызненнем.
Ён адчуў, што здольны лётаць. Паяўлялася такое адчуванне ў яго і дагэтуль, але цяпер адчуванне палёту было надта вострым і салодкім. Падняўшыся ў палёце над елкаю, Ран убачыў сваіх сонных сяброў, якія соладка і сцішана спалі ля агню, ён нават і сябе ўбачыў, і агонь... Лёгкім намаганнем Ран мог пералятаць з дрэва на дрэва, — гэтак робяць птушкі. Але птушкаю ён не быў, нават рук не расстаўляў, каб падняцца над зямлёю.
Падняўшыся ўгору, ён бачыў унізе сцішаныя дрэвы, травы, кусты, нават саму шырокую Пры, прыхаваную кустамі — усё было асветлена вачыма Таго, які жыў наверсе. Мякка і соладка зыбаючыся ў паветры, Ран пралятаў над травамі, а потым падымаўся ўгору. І чым вышэй падымаўся, тым меншымі станавіліся дрэвы, кусты, і нават Пры зусім хавалася ў кустах — усё злівалася ў суцэльныя чорныя плямы. І вось ён ужо не мог разгледзець тую елку, пад якой спалі сябры. І яшчэ вышэй падымаўся Ран, і вочы Таго ўсемагутнага станавіліся яркімі, бясконцай іскрыстай беллю разгараліся яны. І чым вышэй ён падымаўся, тым вастрэй адчуваў трывогу. Вось ужо аблокі грувасціліся пад ім, і зямля ўжо за тымі аблокамі не бачылася. І адно і тое ж білася, пульсавала ў Рана: дзе ж знаходзіцца Той усемагутны, які качае каменне па небе, які кідае на зямлю белыя жахлівыя дзіды?4
І от жа дзіўна — Ран не збаяўся іскрыстых белістых вачэй Таго ўсемагутнага. Бы кропелькі расы пад ранішнім Сонцам вочы Таго ўсемагутнага разгараліся, яны пачыналі пералівацца то чырвонымі, то жаўтавата-белымі агнямі, іх станавілася ўсё больш і больш, і акружалі гэтыя вочы Рана паўсюль.
Цела сваё Ран перастаў адчуваць; як гэта часта бывае ў снах, ён поўніўся аднымі адчуваннямі. Цяпер у яго з’явілася адчуванне, што стаў ён бязважкім і пульсуючым, і адносіла яго немаведама якой сілаю далёка-далёка ад звыклага вядомага свету. Нібы на Той свет адносіла яго і ўжо адтуль, з далечы недасяжнай, ён пачынаў са здзіўленнем глядзець на ўсё, што яму адкрывалася і чаго дагэтуль ніколі не бачыў.
Нешта падобнае Ран адчуваў у маленстве, калі, застудзіўшыся на холадзе, палаючы ад гарачкі, ён у трызненні кідаўся на мядзведжай скуры і адчуваў, як невядомая сіла насіла яго ў чорнай бездані, падымаючы над мядзведжай скураю, над буданом, над усёй зямлёю — то агромністым пульсуючым шарам, то малюпасенькай кропелькаю.
Але гэта было ў маленстве. Цяпер жа Ран не быў хворы, але між тым, як і калісьці, ён адчуваў сябе пульсуючай кропелькаю, якая насілася ў чорнай бездані.
І вось бачыў Ран, як аддаляўся ён ад зямлі і як яна мянялася, — станавілася выпуклаю і круглаю, бы агромністая-агромністая кропля пералівалася ў святле Сонца. І гэтая кропля, ахутаная воблакамі, усё аддалялася і аддалялася ад яго. І Сонца, напачатку вогненнае і сляпучае, пачало аддаляцца і змяншацца, — круглае, задымленае, яно пыхкала гарачымі даўжэзнымі языкамі... І тут Ран нечакана ўбачыў, што вакол Сонца кружаць гэткія ж, як і зямля, задымленыя шары...
Дзіўна, усё было дзіўна!
І ніякай цемры не было, усё вакол стала светлым ад бляску бясконцых вачэй Таго ўсемагутнага.
Далей і хутчэй панесла Рана невядомая сіла ад звыклых мясцін. Сонца зменшылася, сталі зусім маленечкімі шары, што кружылі вакол яго; асветленыя цяпер ім невялічкім і негарачым, яны блішчэлі халодным белым святлом і нагадвалі вочы Таго ўсемагутнага. А потым Ран убачыў, што вочы Таго ўсемагутнага пачалі злівацца ў суцэльныя плямы, згушчаліся.
Бачыў ён, што бясконцыя вочы Таго ўсемагутнага раскіданы ў пэўным парадку, — то бліжэй між сабою, то далей... Нечакана Ран здагадаўся, што яны ствараюць нейкія знаёмыя лініі.
І яшчэ далей у бездань апраметную адносіла Рана немаведамая сіла, і там, як на Тым свеце, ён пачаў упэўнівацца, што вочы Таго ўсемагутнага нагадваюць ліст. ...Кляновы ліст, у якім выразна бачыліся пражылкі, злепленыя з блісчастых ліній-вачэй, з маленькімі ледзь бачнымі кропелькамі-вочкамі на яго гнуткіх краях. І яшчэ адзін ліст убачыў Ран, і яшчэ...
Далей аднесла хлопца немаведамая сіла.
І тады ён угледзеў, што гэтыя бліскучыя кляновыя лісты знаходзяцца на агромністым дрэве, якое ўсё выразней і выразней вымалёўвалася ў бяздоннай чарнечы. Як быццам Той усемагутны, які жыў наверсе, і быў гэтым дрэвам, запоўненым бясконцымі бліскучымі вачыма: з доўгімі каранямі, апушчанымі ў бясконцую і жахлівую чарнечу, з пышнай галіністай кронаю, дзе вымалёўвалася лісце. На тым дрэве сярод лісця ўгледзеў Ран згушчэнні вачэй Таго ўсемагутнага, — яны былі раскіданы паўсюль у агромністай кроне, тыя згушчэнні ўвесь час віравалі, як віруе вада ў Пры, пераліваліся яркімі вясёлкавымі фарбамі, нагадвалі кветкі, якія то распускаліся, то згортваліся...
Як гэта часта бывае ў снах, Ран чамусьці ведаў, што з тых карэнняў, апушчаных у чарнечу, па ствале дрэва да лісця і кветак увесь час струменіць штосьці нябачнае, але жывое і гаючае, як сок у дрэвах. Толькі тое жывое і гаючае не было сокам, а чымсьці іншым, назвы чаму Ран не ведаў, ведаў толькі, што яно нябачнае жывое і гаючае ўвесь час жывіла лісце на дрэве, кветкі, само карэністае дрэва...
Бачыў Ран, як час ад часу з дрэва ападалі асобныя лісты. Яны, пакалыхваючыся, з агністым бляскам апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй да каранёў і там, на зямлі, распадаліся, знікалі ў загадкавай чарнечы. Гэтаксама, як і лісты, падалі ўніз кветкі, распырскваючы вакол сябе каляровае ззянне.
Як яны распадаліся, куды бясследна знікалі загадкавыя бліскучыя вочы Таго ўсемагутнага?..
А ў гэты ж час на дрэве паяўляліся новыя лісты, распускаліся новыя кветкі...
І само квяцістае дрэва, і лісце, што ўвесь час варушылася пад нябачнымі вятрамі, і кветкі — было такім агромністым і бяздонна-прыгожым, што Рану захацелася закрычаць ад радасці і захаплення, як гэта часта бывае з чалавекам, калі ён страчаецца з нечым надта ўражлівым і прыгожым. Гледзячы на дрэва, Ран пачуў мелодыю, — яна гучала паўсюль, хвалямі пранізвала яго. І ён чамусьці ведаў, што зыходзіць гэта мелодыя адтуль, ад дрэва, ад бясконцых вачэй Таго ўсемагутнага.