Голас абарваўся...
V
...Бліндаж, у якім Крамнёў жыў так не доўга і які так яму падабаўся, ацалеў. Усё ў ім было на месцы. Стаяў на палічцы кацялок, на табурэтцы — вядро з вадою. I тэлефонны апарат, гонар партызанскіх сувязістаў, быў на ранейшым месцы, — на краёчку стала, так, каб яго можна было лёгка дастаць рукою нават лежачы на нарах.
З нейкай глыбокай і незразумелай трывогай Крамнёў зняў трубку, асцярожна паднёс да вуха. Трубка была халодная, мёртвая. Кінуў яе на стол, сеў на нары, расшпіліў каўнер гімнасцёркі.
Учора ноччу на гэтых вось нарах спаў Міхась Шапавалаў. Цяпер старшы лейтэнант, відаць, ужо ў Маскве. I Генрых Мюлер у Маскве, і Ваня Бандарэнка, і Алёша Кручок — усе, хто паспеў сесці ў самалёт і каго ён, капітан Крамнёў, прыкрыў сваімі грудзямі.
У Маскве, у «Цэнтры», — іх лопцы-разведчыкі. Дзесьці на падмаскоўным аэрадроме стаіць выратаваны ім самалёт, а ён сядзіць у пустым бліндажы на апусцелай, усімі пакінутай выспе.
Васіль лёг, абхапіў галаву рукамі. Як цяжка стаміўся ён за гэтыя суткі! I як даўно нічога не еў. Усё: і рэчмяшок з апошнім сухаром, і аўтамат, і афіцэрская сумка з наборам картаў-двухвёрстак — засталося ў самалёце. А самалёт...
Крамнёў уздыхнуў, заплюшчыў вочы. Нары хіснуліся і паплылі кудысьці ў зялёныя лугі, дзе было так многа кветак і так многа сонца...
...Калі ён прачнуўся, сонца ўжо заходзіла. Золатам адлівала маладое кволае лісце на рослых асінах, што ціха стаялі ў нізінцы, каля Сухога балота. На гладкіх стройных светла-шэрых ствалах велічных дрэў бялелі свежыя рваныя асколачныя раны, але шчодра напоеныя вясенняй вільгаццю і сагрэтыя пяшчотным сонечным святлом дрэвы жылі, радаваліся вясне.
Пад густымі цёмнымі промнямі весела і бестурботна смяялася Ціхая Лань. На яе нешырокіх зіхатлівых плёсах разыходзіліся зыбкія залацістыя кругі: то, адчуўшы вечар, гуляла рыба.
Нейкі час капітан задуменна глядзеў на параненыя дрэвы, на раку, потым, уздыхнуўшы, адвярнуўся і доўга ўзіраўся ў дальні край Сухога балота, туды, дзе цяпер, ужо нікому не страшныя, ляжалі забітыя карнікі.
«Можа, пашукаць што-небудзь там? — прыслухоўваючыся да прыкрай буркатні ў жываце, змрочна падумаў Крамнёў. — Выбілі іх імгненна, сабраць усё не паспелі... »
...Яму пашанцавала. У першым жа бліндажы на засланым газетай стале ён знайшоў бохан хлеба і талерку з вяндлінай. Побач стаяла адкрытая бляшанка кансерваў і ганарыста ўзвышалася пачатая бутэлька нейкага залацістага заморскага віна. Такія ж бутэлькі са стракатымі наклейкамі, якіх Крамнёў у сваім жыцці і не бачыў, валяліся пад сталом, а дзве, не кранутыя, свяціліся на палічцы ў канцы бліндажа.
«Няблага жылі!» — горка ўсміхнуўся Васіль і, не думаючы, добра гэта ці не, сеў за стол.
...Ён не збіраўся за раз з’есці ўсё, што было на стале, і не паверыў, калі рука не намацала ў талерцы нічога. «З-зд орава...» — Крамнёў збянтэжана абвёў вачыма спустошаны стол, насцярожана зірнуў на расчыненыя дзверы бліндажа і, нібы спалохаўшыся, што нехта бачыў, як ён, капітан, прагна глытаў чужы, недаедзены хлеб, чужое мяса, запіваў чужым недапітым віном, памкнуўся ўстаць. Але разамлелае цела не слухалася. I ён, яшчэ раз горка ўсміхнуўшыся, бязвольна прыхіліўся спінай да абшытай шурпатымі дошкамі сцяны, заплюшчыў вочы. Цяжкая свінцовая стома паралізавала цела. Не слухаліся ногі, рукі, нясцерпна хацелася кінуцца на нары, і — спаць, спаць, ні аб чым больш не думаючы, ні аб чым не турбуючыся.
Але спаць было нельга. Тут — былая варожая абарона, усеяная трупамі забітых салдат. I тыя, хто ўцалеў, маглі ў любы момант вярнуцца, хаця б дзеля таго, каб падабраць мёртвых.
Сабраўшы апошнія сілы, Васіль рыўком адарваўся ад лаўкі і, хістаючыся, нібы гэта ён сам апрастаў усе тыя бутэлькі, што валяліся пад сталом, выбраўся з бліндажа.
«Заўтра зноў будзе ціхі сонечны дзень», — вылазячы з глыбокай траншэі, падумаў Крамнёў і пасунуўся назад у бліндаж. Толькі цяпер заўважыў, што трупы салдат, якія бачыў раніцай, зніклі. Усе да аднаго. I тыя, што ляжалі непадалёк ад бліндажа, і тыя, што ўжо былі за акопамі, на роўным пясчаным узвышшы.
Прытаіўшыся за чыгуннай печкай, Крамнёў зняў са сцяны аўтамат, які, уцякаючы, забыўся гаспадар бліндажа, заціх. Праз насцеж расчыненыя дзверы ён добра бачыў ломаную лінію акопаў, шэрую роўнядзь узвышша, ужо знаёмы яму арэшнік за гэтым узвышшам і нідзе не бачыў людзей. Ні жывых, ні мёртвых. Ціха было навокал, па-добраму ціха, як гэта часта бывае цёплым майскім вечарам, перад надыходам ціхай ночы.
«Відаць, я нешта наблытаў... Хутчэй за ўсё забітых яны падабралі яшчэ раніцай ці днём, — нарэшце заключыў капітан. — Цікава, ці знайшлі яны таго лейтэнанта?»
Не выпускаючы з рук трафейны аўтамат, Крамнёў асцярожна выйшаў з бліндажа, пастаяў, прыслухоўваючыся, і па вузкім пустым акопе, які пачынаўся проста ад парога бліндажа, падаўся да недалёкага арэшніку.
...Лейтэнант ляжаў там, дзе ён яго пакінуў на досвітку. Як і тады, сутаргава трымаўся рукамі за шырокі нямецкі штык, што працяў яго грудзі, але твар прыкметна змяніўся, стаў халодна-спакойны, нібы ён, лейтэнант Віано, ужо назаўсёды прымірыўся са смерцю, са сваім страшным лёсам.
«Не знайшлі... А можа, і не вельмі шукалі. Пабаяліся лезці ў глухія зараснікі, — Крамнёў цяжка апусціўся на высокую круглую купіну, абапёрся на калені, падпёр твар рукамі. — Што шукаў ты, італьянец, на маёй суровай беларускай зямлі? Што прывяло сюды, на гэтае балота? I хто забіў цябе? Нехта свой. Я чуў, як ты называў яго імя, таксама не рускае, як прасіў у яго піць. Значыць, ты яго ведаў. А ён? За што?»
Пачало пакрысе цямнець. На поўначы неба налілося густой сінявой, нясмела заблішчэла першая зорка. Крамнёў паклаў на траву аўтамат, падняўся на ногі. Недзе тут, блізка, бачыў ён раніцай акопчык — шчыліну на аднаго чалавека. Асцярожна, нібы баючыся разбудзіць, падняў лейтэнанта на рукі. Ён быў лёгкі, гэты заваёўнік СССР. А неўзабаве ад яго не застанецца нічога. Нават прыстойнай магілы...
Закідаўшы дзірваном акопчык, Крамнёў дастаў з ножнаў корцік, падышоў да маладой яліны, што расла побач, старанна выразаў на гладкай цёмна-ружовай кары:
МАТЭО ВІАНО 1923—1943
Падабраў з зямлі пісталет італьянца, яго дакументы, далёка ў кусты закінуў акрываўлены штык. Па дарозе яшчэ раз зазірнуў у знаёмы бліндаж, забраў кімсьці пакінуты ранец, павагаўшыся, зняў з паліцы поўныя бутэлькі каньяку і, вінавата ўсміхнуўшыся, падаўся на Высокую выспу.
VI
...Малады генерал Луіджы Віано, камандзір асобай брыгады, якая з-пад сонечнага неба Ртали спяшалася на дапамогу 8-й, так званай «Ргальянскай арміі ў Расіі», што гінула на заснежаных палях пад Сталінградам, ці то ў спешцы заблудзілася, ці то па якой іншай прычыне, але замест голых берагоў Ціхага Дона трапіла на лясісты беражок Ціхай Лані, пра існаванне якой, відаць, не ведаў і сам «дучэ».
Некалькі год, калі пачалася Другая сусветная, Луіджы Віано на фронт ірваўся не дужа. Не вабілі ні старажытная Грэцыя, ні казачная Афрыка, ні нават легендарная Францыя, дзе многія яго сябрьі і знаёмыя пабывалі ўжо, атрымалі медалі і крыжы, і не толькі на грудзі. Ён і, мусіць, не без падстаў, вырашыў, што з поспехам ваяваць можна і на паркетных «палях» высокіх штабоў. I не памыліўся: у дзень свайго саракагоддзя атрымаў генеральскія пагоны.