— Мне ўсё гэта і без цябе вядома, — раздражнёна абарваў Баха Гімлер. — Але цікава, адкуль т а б е ўсё гэта вядома?
— Хіба ў маім лагеры мала палонных? — сціпла ўсміхнуўся Бах. — А дапытваць я ўмею... Ды справа не ў гэтым. Рэарганізацыя партызанскіх сіл толькі пачалася. I мне здаецца, нам трэба дапамагчы ім у гэтай справе.
Гімлер павольна выпрастаўся, адкінуўся на спінку крэсла.
— Так, дапамагчы! — яшчэ больш заспяшаўся обер-фюрэр. — I вось чаму... — Ён на момант спыніўся, загадкава ўсміхнуўся і раптам спытаў: — Вам даводзілася бачыць, як мядзведзь, забраўшыся на пасеку, ад пчол ратуецца? У дзіцячых фільмах паказвалі. I лапамі мызу чысціць, і па зямлі качаецца, калі ёсць блізка вада, у ваду лезе, а не, дык напралом праз кусты — дай Бог ногі. Вось такое часам і з нашымі карнымі атрадамі здараецца... — Бах спалохана зірнуў на рэйхсфюрэра. Ледзяныя вочы Гімлера як быццам крышку адталі, глядзелі на Баха з цікавасцю, хоць і крыху насмешліва. Гэта Баха натхніла, і ён загаварыў больш упэўнена: — Раней, калі партызаны дзейнічалі невялічкімі групамі, змагацца з імі было гэтак жа цяжка, як медзведзю з пчоламі. Налятаюць, балюча кусаюць, а не зловіш. У партызана ў кожнай вёсцы — свае людзі. Ты яшчэ збіраешся выступаць, а ён ужо ведае, чаго і куды ты ідзеш, калі з’явішся. Шапку ў ахапку — і на новую базу. А тых баз у яго, што ў зайца дамоў. Схаваецца ў яміне, зашыецца ў лесе пад выварацень, залезе на дрэва і цікуе. Сочыць за кожным тваім крокам. А як толькі ты, спаліўшы дзве-тры вёскі ды без толку пастраляўшы ў лесе, павернешся, каб ісці назад у свой гарнізон, упэўнены, што ў гэтым лесе ці на балоце здох ад страху апошні камар, ён, партызан, тут як тут: р-раз, і куля ў спіну! Зусім іншая справа — брыгада, злучэнне. Дайце мне полк, і я ў адкрытым баі, пры нашым узбраенні, пры нашай тэхніцы ды пры ўменні нашых салдат ваяваць, я за адзін дзень расшматаю такое злучэнне. А калі не полк? Ды калі сагнаць у адно месца, у лес ці ў балота некалькі такіх «злучэнняў» разам з іх непаваротлівымі абозамі, з бабамі і дзецьмі, якіх яны тысячамі возяць за сабой? Акружыць, замураваць — і з усіх бакоў, з усіх ствалоў і калібраў! Ды яшчэ зверху, з самалётаў. Каго не знішчаць снарады, міны і бомбы, праз месяц самі падохнуць з голаду.
Гімлер скрыжаваў на грудзях рукі, доўга глядзеў то на ваяўнічага паліцэйскага, то на шыфроўку, што ляжала перад ім на стале. Потым няспешна нахіліўся, адамкнуў шуфляду стала, дастаў некалькі аркушаў чыстай паперы:
— Пішы. Падрабязна. Усё, што сказаў мне. Пішы акуратна. Чытаць буду не толькі я.
Менш як праз месяц пасля гэтай размовы, у пачатку сакавіка, обер-фюрэр Генрых Бах стаў брыгадэнфюрэрам Бахам, апынуўся ў Мінску, на тым самым «аператыўным прасторы», пра які так доўга марыў.
Хмара сціснуў сваёй адзінай рукою лоб, задуменна паківаў галавою, варожа зірнуў на разгорнутую на стале аператыўную карту, старанна размаляваную рознакаляровымі ўмоўнымі знакамі, усеяную шматлікімі лічбамі. Хто зрабіў усё гэта? Готберг? Ці ён, Бах?
Яшчэ некалькі хвілін назад, схіліўшыся над гэтай вось картай, уважліва яе «прачытаўшы», але яшчэ не зазірнуўшы ў папку, дзе захоўваліся іншыя дакументы Шылера, палкоўнік Хмара не без задавальнення абазваў і Готберга, і яго памочнікаў «бязменамі». Ды і сапраўды. Апрача генеральскіх пагонаў, далі гэтаму Баху, камандуючаму карнымі войскамі зоны, 83-тысячную армію. З танкамі. Артылерыяй. Самалётамі. А ён? Узяў і раскідаў сваё войска як і куды папала. 25 тысяч салдат накіраваў на Віцебшчыну, 58 тысяч — пакінуў тут, пад Мінскам. I вось яны цяпер ваююць з брыгадай Дубровіча ды ловяць курэй у вёсках Лагойскага, Плешчаніцкага, Смалявіцкага, Барысаўскага і яшчэ двух-трох іншых раёнаў. А хіба ім, Готбергу, Бушу, ды і гэтаму Баху, невядома, што дзве трэці ўсіх партызанскіх брыгад і злучэнняў знаходзяцца менавіта на Віцебшчыне?
Аказваецца, вядома. Вядома і тое, чаго да гэтай мінуты не ведаў ні ён, палкоўнік Хмара, камандзір партызанскага злучэння, не ведаюць, пэўна, і там, у маскоўскіх разведупраўленнях, дзе ён зусім нядаўна працаваў сам.
Хмара схаваў у папку шылераўскія паперы, апрача адной. Гэта быў «загад» ЦШПР. Свежанькі. Ад яго яшчэ патыхала друкарскай фарбай. Гідліва, як нешта мярзотнае, узяў у рукі паперку (як дасканала ўсё зроблена!), яшчэ раз прачытаў ім жа, Хмарам, падкрэсленыя словы: «Строга сакрэтна... Цэнтральны штаб партызанскага руху... З А Г А Д В А Е М: ...Не распыляць сілы... Трымацца вялікімі групамі... Адыходзіць у непрыступныя для нямецкай тэхнікі забалочаныя лясы і чакаць зручнага моманту для сакрушальнага ўдару па ворагу... Варашылаў, Панамарэнка».
Кінуў «загад» на стол, злосна вылаяўся. Гады! Як лоўка скарысталі нашу ідэю! Нашу. Не Гімлер, не Готберг, і не гэты паршывы Бах — аўтары гэтых радкоў, хоць і надрукаваны яны ў сценах гітлераўскай рэйхсканцылярыі. Нямецкая разведка проста скарыстала нашы, маскоўскія, парады партызанам, пераклала іх у строгую форму загада і праз сваю агентуру заслала туды, куды трэба: выконвайце.
I выконваем. Хіба не ён сам, атрымаўшы вось такую паперку, накіраваў «у непрыступныя для нямецкай тэхнікі забалочаныя лясы» сваё злучэнне, апрача вось гэтай змардаванай брыгады, што трапіла ў акружэнне? Дзе яны зараз, яго «нераспыленыя сілы»? А дзе другія шматлікія брыгады, палкі і злучэнні? Хіба іх камандзіры менш дысцыплінаваныя, чым ён сам, палкоўнік Хмара?
Хмара падняўся, нервова паляпаў рукою па кішэнях, дарэмна шукаючы курава, сеў зноў. Абапёршыся на стол, сціснуў рукою лоб, заплюшчыў вочы. I адразу ж узніклі перад ім вузкія разбітыя прасёлкі, а на іх — абозы, абозы, абозы... З жанчынамі і дзецьмі, з параненымі і хворымі, з бедным партызанскім рыштункам: скрынкі з патронамі, ручнымі гранатамі, мінамі, мяхі бульбы, мукі ці проста не расцёртага жорнамі жыта.
Абозы... Абозы... Абозы. I ўсё туды, у «забалочаныя лясы». I хутка ўся гэта шматтысячная «нераспыленая сіла» ляжа ў халодную мутную балотную твань, будзе чакаць зручнага моманту для нанясення сакрушальнага ўдару...
I сакрушальны ўдар будзе. Уся гэта бахаўская зграя, што зараз вольна гуляе па вёсках і толькі зрэдку падганяе абозы: туды, туды, на Палік, на балоты! — надзейна акружыць «забалочаныя лясы» і будзе біць. З усіх бакоў, усіх калібраў! I з паветра таксама. А каго не знішчаць снарады і бомбы — здохнуць з голаду. Ці, узняўшы апухлыя і набрынялыя вадою рукі, выйдуць на бераг, каб хоць легчы ў сухую магілу...
Леанід Пятровіч да болю сцяў зубы. Упершыню за ўсю вайну яму стала па-сапраўднаму страшна. Тысячы, многія тысячы людзей лезуць у пастку, ідуць на верную смерць, і няма ў яго, палкоўніка Хмары, сілы спыніць іх, уратаваць. Лавіну, што зрушыла з вяршыні гары, чалавеку, хто б ён ні быў, стрымаць немагчыма...
...Паціху адчыніліся дзверы. Увайшоў Павел Сіўцоў. Дубровіч, які, відаць, толькі яго і чакаў, адарваўся ад акна, зрабіў крок насустрач разведчыку. Павел апусціў галаву, ціха прамовіў:
— Не знайшлі... Сам шукаў... — Нібы баючыся, што камбрыг не паверыць яму, працягнуў мокрыя брудныя рукі: — Во, усю зямлю вакол школы абмацаў, пад кожны куст зазірнуў. Нідзе...
— Ладна. !дзі, Пашка... Не, пачакай, — Дубровіч павольна падышоў да фікуса, нахіліўся і нейкі час уважліва ўглядаўся ў твар мёртвага эсэсаўца, потым рэзка выпрастаўся, ударам нагі выбіў з яго рукі «парабелум», павярнуўся да Сіўцова: — Вазьмі, Пашка. Адпомсціш... Ведаю, ты любіў Віцьку... А гэтага... выкіньце са школы.
Дубровіч вярнуўся да акна, сеў на зацярушаную асколкамі шкла канапу. Барадаты абветраны твар яго ўжо быў непранікнёна-спакойны. I было дзіўна і страшна бачыць, як па гэтых бледных амярцвелых шчоках павольна, адна за другою, коцяцца белыя, як кроплі вераснёўскай расы, слёзы, бягуць і імгненна знікаюць у сівізне барады, нібы сарамліва хаваюцца ад чужога вока.
Хмара паціху падышоў да канапы, сеў побач з камбрыгам, паклаў руку на яго плячо. У мітусні бою, а потым за чыткай гэтых чужых трывожных дакументаў, ён неяк зусім забыўся пра страшнае гора гэтага чалавека. Фашысты замучылі жонку. Цяпер загінуў адзіны сын. Эх, Дубровіч, Дубровіч! Дарагі ты мой камбрыг! Віцька твой мог бы жыць ды жыць! Навошта было так? Хіба мала ў брыгадзе добрых разведчыкаў? Не мог паслаць каго іншага, больш вопытнага? Мусіць, не мог... Мусіць, другога выйсця не бачыў... Бываюць на вайне мінуты, калі камандзір ставіць на карту сваё і чужое жыццё. Помніш, палкоўнік Хмара, як ты, тады, даўно, калі быў яшчэ проста Лёнька, вучань сёмага «А», чытаў «Вайну і мір»? Генерала Раеўскага помніш? Ці не ты сам уяўляў сябе адным з сыноў гэтага генерала, ішоў па той легендарнай Салтанаўскай плаціне, пад пякельным агнём французаў? Дык чаго ж ты дакараеш сёння камбрыга Дубровіча?
Хмара асцярожна паціснуў плячо Мірона, вярнуўся за стол, зноў схіліўся над картай. I думаў. Так, Дубровіч і яго сын вывелі брыгаду, уратавалі многія сотні людзей, і людзі назаўсёды захаваюць у памяці іх імёны. Складуць песні, напішуць кнігі і вершы, створаць легенды. I будуць яны жыць у народнай памяці доўга-доўга, можа, і вечна. А ты? Ці ўдасца табе, палкоўнік Хмара, уратаваць злучэнне, якое паслаў вось сюды, на Палік, у гэты гіблы кут, куды Буш, Готберг і нейкі там Бах нацэлілі свае смяротныя тлустыя чорныя стрэлы?
— Што гэта ты тут такое ўгледзеў, што не можаш ад карты вачэй адарваць?
Хмара ўздрыгнуў. Побач, абапёршыся на аўтамат, стаяў Мірон Дубровіч і таксама глядзеў на карту.
— Ды вось... Я, камбрыг, тут шмат чаго ўгледзеў, — стрымана азваўся палкоўнік і паглядзеў у вочы Мірону: расказаць? «Не, пакуль не трэба...» — Карту падарыў нам Шылер. Вывучаю. Многа цікавага, можа, што і нам спатрэбіцца.
— Бачу, бачу... — Дубровіч паклаў на стол аўтамат, запусціў руку ў глыбокую, як торба, кішэню скуранкі, доўга там нешта шукаў. Нарэшце вывернуў кішэню і асцярожна высыпаў на газету нейкую бледна-карычневую пацяруху, падміргнуў палкоўніку:
— Во, а такое ты бачыў? Закурвай, хопіць на двух. Скруціць табе?
— Э, ды я і сам! Налаўчыўся, — павесялеў Хмара. — Ведаеш, аж вушы апухлі. Тыдзень дыму ў роце не было.
— Ды не, здаецца, не вельмі апухлі, — пакратаўшы бледнае вуха палкоўніка, жартаўліва заўважыў камбрыг. — Трошку падвялі, факт. Як падмарожаныя апенькі.