— Ды што ты заладзіў: чытаў, бачыў! Ну пайдзі і правер, спытайся ў Жыгоцкага, калі ён табе адкажа! — Чусевіч падцягнуў штаны, якія з-за слабай гумкі пастаянна з’язджалі; зноў вывудзіў з задняй кішэні «Прыму» і працягнуў суразмоўніку. — Будзеш?
— Не. — Павел Алегавіч стаяў і рассеяна пашчыпваў свае шчокі. — Пайду я, напэўна.
— Ды чакай, Пашка! — Чусевіч зухавата сунуў у рот цыгарэту. — Давай хоць піва возьмем, пагамонім як след. У мяне зараз дома нікога.
— Не, пайду, — як скрозь яго глядзеў Багатка. — Я ж табе казаў, справы.
— А ты ў які бок? — прыставаў неўгамонны Мішка.
— Да трамвая.
— Ну дык я цябе правяду. Мне тут якраз у краму трэба заскочыць. — Чусевіч ляпнуў Паўла Алегавіча па плячы. — Тут за домам сцяжынка ёсць, па ёй карацей будзе. — Ён паказаў рукой на рог свайго дома.
7
З вялікай цяжкасцю адкараскаўся Багатка ад няўрымслівага Мішкі Чусевіча. Пакуль яны рушылі цераз двары да трамвайнай лініі, той, мусіць, разоў пяць паўтараў: «А то падумай, мо партвейнчыку возьмем — і да мяне?» — і нахабна выпускаў у твар струмень тытунёвага дыму.
Павел Алегавіч адмоўчваўся, сціснуўшы зубы. Аднак не на Чусевіча ён збольшага сердаваў. Спадар Пятро Жыгоцкі зноў і напоўніцу авалодаў ягонымі думкамі. «Подлы, подлы ён чалавек!» — бурліла і віхурыла Багаткава нутро. Ад нястрымнага шалу дрыжалі сківіцы.
А Чусевіч ужо захоплена пераключыўся на новыя тэмы, раз-пораз торгаў Паўла Алегавіча за рукаво кашулі, нешта выкрыкваў, смяяўся, паказваў надзіва белыя для заядлага курыльшчыка зубы.
— Ну хоць за кампанію са мной заскоч, — прыстаў ён да Багаткі, калі яны ўжо выйшлі на патрэбную вуліцу і параўняліся з крамай.
— Не, мне, ведаеш, пазваніць трэба. — Павел Алегавіч кіўнуў на тэлефонную будку непадалёк.
— Ну звані, звані, а я мігам, — ускочыў на ганак Чусевіч. — Толькі пачакай мяне, ладна? — Гэты назола ўсё яшчэ спадзяваўся залучыць Багатку ў сабутэльнікі.
Павел Алегавіч не адказаў і прыспорыў да тэлефоннай кабіны. Аднак, дапяўшы яе, званіць не стаў, а жулікавата абярнуўся, упэўніўся, што дакучлівы Чусевіч схаваўся ў краме, і сігануў праз вуліцу. Ён яўна парушаў правілы дарожнага руху, бо пераходу тут не было. Але не было і міліцыянтаў.
Перайшоўшы вуліцу, Багатка шуснуў у падваротню і пашыбаваў уздоўж першага рада дамоў, паралельна вуліцы. Так пехатою, хвілін мо праз дзесяць, ён дасягнуў станцыі метро і знік у падзямеллі.
Седзячы ў паўпустым вагоне, Павел Алегавіч нават не ўспомніў, што хацеў пагаліцца і купіць цыгарэт. Адно і толькі адно жаданне зараз валодала ім: сустрэцца з дачкою і гэтым. (ух, слова не падбярэш!). А вось што будзе далей, Багатка ўяўляў сабе досыць туманна.
Ён выйшаў на станцыі «Няміга», падняўся наверх і пасунуўся ўбок праспекта Машэрава. Быў Павел Алегавіч апрануты вельмі несамавіта: шэрыя вынашаныя штаны, збітыя дачныя туфлі, клятчастая кашуля, купленая яшчэ за савецкім часам. А калі ўзгадаць сіва-шчаціністы твар, то можна зразумець, чаму многія прахожыя пазіралі на яго са здзіўленнем. Аднак пашанцавала Паўлу Алегавічу, і ніводны міліцыянт, а на праспекце Машэрава іх бывае нямала, не спыніў.
Перад кнігарняй «Светач» Багатка нырнуў налева ў двары, пайшоў пад гару, перасек правулак, прамінуў аўтастаянку, затым зноў стаў паднімацца.
Кіраваў ён на шэраг вытанчанай архітэктуры дамоў — дамоў элітных, дзе пражываў Пятро Вацлававіч Жыгоцкі з яго, Багаткавай, дачкою Тамарай.
Памянёныя будыніны былі трохпавярховыя, стылізаваныя пад архітэктуру старога, даваеннага Мінска. Павел Алегавіч ведаў, што дом Жыгоцкага вунь той — жоўта-зялёны, другі ад рага. І яшчэ ведаў Багатка, што проста так нельга не толькі ў дом завітаць, але і падысці да пад’езда. Панадворак быў аточаны высокай сятчастай агароджай, пры браме стаяла вартоўня.
Вось да гэтай вартоўні адважна рушыў Павел Алегавіч. Узышоў на невысокі ганак, таргануў жалезныя дзверы.
Яго неахайны выгляд змусіў ахоўніка, што сядзеў унутры, імгненна падскочыць са свайго крэсла і перагарадзіць Паўлу Алегавічу шлях. Гэта быў чалавек сярэдняга веку ў шэрай форменнай вопратцы, мажны, высокі, з пытальна-насцярожаным выразам твару. Ахоўнік ледзь раскрыў рот, як Багатка яго апярэдзіў.
— Мне трэба да Жыгоцкага, — патлумачыў ён сваё паяўленне.
— А вы хто яму будзеце? — здзівіўся вартаўнік.
— А буду я яму грамадзянскі цесць, — хітравата прыжмурыўся Багатка. — То бок бацька ягонай грамадзянскай жонкі.
Штосьці рашуча-адчайнае было ў Багаткавым голасе і вонкавым выглядзе — тое, што не дазволіла прыняць яго за валацугу-бамжа і выкінуць вон, а наадварот, прымусіла амаль што паверыць.
— Пачакайце хвілінку, — прапанаваў вартаўнік і зняў трубку з прыштукаванага да сцяны тэлефона. — Я зараз звяжуся з іхняй кватэрай. Вам, уласна, каго: Пятра Вацлававіча ці. дачку вашу.
— Лепш яго, радзімага, — прамовіў Багатка і развязна сунуў рукі ў кішэні штаноў.
— Ало, — гаварыў ахоўнік у трубку, — а Пятро Вацлававіч дома? А... Ды тут да яго прыйшлі. А Тамара Паўлаўна? Ага, паклічце. Тамара Паўлаўна, добры дзень, тут да вас прыйшлі, прадставіліся вашым бацькам. Прапусціць? А... ага... так... зразумеў... згода.