У гэты момант увайшла Вера Генадзеўна з кілішкам, у якім былі разведзены кроплі карвалолу. Гэтых лекаў яна знарок накапала ўдвая менш, чым зазвычай прымала маці, і цяпер баялася, як бы тая не выкрыла гэтую хітрасць.
— Мама, — папікнула яна Г анну Андрэеўну, — ну як жа можна газіроўку з карвалолам мяшаць! Калі ў цябе сэрца баліць, то.
— А! — ускінулася мажная маці. — Дык ты хочаш сказаць, што я сімулюю?! — Яна паставіла пусты фужэр на стол.
— Ну як табе не сорамна! — у разгубленасці паўстала перад ёй дачка. — Ты ж ведаеш, што газы будуць распіраць страўнік і ціснуць на сэрца.
— Дык табе і газіроўкі шкада! — тузанулася на крэсле маці і артыстычна ўсхліпнула. — Забірай свае праклятыя лекі! Не патрэбны яны мне.
— Бабуля, — уступілася за маці Тамара, — ну навошта ты так. Ніхто ж тут табе нічога не шкадуе, а, наадварот, усе цябе любяць. — Яна ўзяла ў Веры Генадзеўны кілішак з кроплямі, нахілілася да бабулі. — Выпі, мая харошая, а то і праўда ад такой духаты самлееш.
Ганна Андрэеўна расчулілася ад унучкіных слоў, прыняла ад яе лекі і, нядобра зірнуўшы на Веру Генадзеўну, каўтанула.
— Ну вось малайчынка, — забрала ў яе кілішак Тамара, — а цяпер яшчэ бутэрбродзік вазьмі.
Бабуля ахвотна скарысталася гэтай парадай. Яе поўныя румяныя шчокі заскакалі.
— А давай, мам, і мы з табой перакусім. — Тамара абышла стол, узялася рукой за спінку крэсла. — Сядай. Не будзем Юрку чакаць.
Вера Генадзеўна прысела на трэцяе крэсла.
Яны адкрылі віно. Бабулі ж налілі газіроўкі. Выпілі, чокнуўшыся «за поспех справы». У гэты момант пярун, які быў аціх, грымнуў зусім блізка і з такой моцай, што забразгаталі шыбы. Пасля гэтага выбуху ўтварылася працяглая цішыня, цягам якой былі чутны толькі гукі жавання і прысёрбвання з келіхаў.
— Ну што ж, давайце акрэслім, дзеля чаго мы, па сутнасці, тут сабраліся, — сказала нарэшце Тамара. Яна выцерла вусны сурвэткай і адвалілася на спінку крэсла.
— Ды чаго там, — нясмела прамовіла Вера Генадзеўна, — мы ж усе ў курсе. Гэта Юрку, можа, няўцям. Дык яго і няма.
— І ўсё ж такі варта акрэсліць, — строга паглядзела на яе дачка.
Ганна Андрэеўна як быццам не слухала іх, бо цалкам захапілася мідыямі, шчодра наваленымі на яе талерку Верай Генадзеўнай.
— Дык вось, — пачала пасля кароткай замінкі Тамара. — Сабраліся мы для таго, каб вырашыць пытанне з нашым бясцэнным бацькам, мужам і зяцем. З чалавекам, які даўно ўжо стаў паводзіць сябе, мякка кажучы, неадэкватна.
— Во-во! — падтрымала яе бабуля. — Зусім з рэек зляцеў!
— Мама! — цыкнула на яе Вера Генадзеўна. — Я цябе прашу не перабіваць. Потым будзе і ў цябе слова.
Ганна Андрэеўна змаўчала, адно сярдзіта хмыкнула і зноўку схілілася над талеркай. Яна ўсё яшчэ таіла крыўду на дачку з-за карвалолу.
— Мой тата, — працягвала Тамара, — чамусь уявіў, што ён можа беспардонна ўмешвацца ў асабістае жыццё іншых людзей. Але гэтае асабістае жыццё свята ахоўваецца нашым заканадаўствам. Ён забыўся, што ягоным дзецям ужо не па дзесяць гадоў, калі можна іх лупцаваць, а даўно за васемнаццаць. Ён забыўся, што яны па законе паўналетнія, паўнапраўныя, а значыць, па сутнасці чужыя яму. А хіба можна няволіць чужога чалавека? — Яна зрабіла акцэнт на перадапошнім слове.
— Не, ну як жа — чужога? — сумелася маці. — Які-ніякі, а бацька.
— Мама! — абарвала яе Тамара. — У дадзеным выпадку маецца на ўвазе юрыдычны тэрмін, а не колькасць перададзеных мне генаў.
— Ну ладна, ладна, маўчу. — Вера Генадзеўна апусціла вочы.
— І правільна, маўчы, — адарвалася ад талеркі бабуля. — Таму што Тамара слушна гаворыць. Каму гэта дазволена людзей мардаваць! Як ні спусціцца па сваёй выклятай лесвіцы — скандал, дэбош, крыкі. А ў мяне нервы, у мяне ўзрост, у мяне сэрца! — распалялася, адчуваючы шчыры жаль да сябе, Ганна Андрэеўна. — Я хачу хоць апошнія свае дні спакойна пажыць. І не дапушчу, каб гэты жываглот мне іх атручваў!
— Ды не крычы ты так, мама.
Тут з калідора данёсся даволі выразны шоргат, і ўсе трывожна замоўклі. Кожнай з жанчын, напэўна, падумалася, што з лесвіцы, лёгкі на ўспамін, спускаецца Павел Алегавіч.
— Мама, — прашаптала Тамара, — я ж казала, што трэ было яшчэ раз наверх схадзіць.
Вера Генадзеўна тут жа паднялася з месца, гатовая адважна прыняць на сябе першы націск шалёнага мужа.
Але ж гэта аказаўся ўсяго толькі Юрась, які адмыкаў ключамі ўваходныя дзверы. Калі Вера Генадзеўна выйшла ў калідор, ён ужо пранік у кватэру. Ускудлачаны, у вечна мятай джынсоўцы, з нязводнай блазнаватай усмешкай на худым твары.