— Куды? — Міця паглядзеў у выцвілыя Царыкавы вочы.
— Управу даюць, сакратаром клічуць. Ты, кажуць, па-беларуску знаешся.
— А самі што?
— Самі яны,— Царык абвёў зеленавата-карымі выцвілымі вачмі варухлівы кірмаш і ўздыхнуў: — Самі яны ўжо набраліся жыдоўскага золата, цяпер будуць чакаць бальшавікоў. Ім ужо адкупляцца ад усяго, яшчэ й пасады зоймуць, кіраваць будуць...
— Не ў кожнага і золата знойдзецца,— усміхнуўся Міця, перабіваючы знерваванага і злога Царыка.— А як будзем мы жыць?
— Не ведаю. Я ўжо зняверыўся. Гляджу, як адзін аднаго прадаюць і топяць, і не веру ўжо нікому,— Царык выпрастаў сутулаватую спіну, выцягнуў худую шыю, заварушыў вострым у стрэмках нявыгаленай шчаціны кадыком: — Во, бачыш, нейкая свалата таўчэ старога чалавека, а ніхто і не заступіцца.
Міця азірнуўся і паверх чужых галоў убачыў таго самага дзядка: ён ужо рукою лавіў гарачую, што капала з носа, неўтаймаваную кроў і размазваў па твары.
— Ідзём разбаронім, што яны маюць да чалавека,— падмахнуў гэтым пераломаным пуком жаўтлявых газет, што віселі на сагнутай руцэ, узнерваваны Царык.
— Роўнаўцы там, п’яныя ды ўзброеныя.
— Вінтоўкі-то ў іх ёсць, а патронаў няма.
Кісла, асалавела ўсміхаючыся, двое п’янаватых ронаўцаў ужо адышліся ад сухаватага, з акрываўленым тварам мужчыны, што стаяў зводдаль ад абыякавага мітуслівага натоўпу пад невысокім у кароткіх куксах спілаваных сукоў чорным ясенем.
— За што ж гэта вас? — Царык паслізнуўся на мутна-сіняватым, паточаным сонцам і вадою лядку.
— Ці цяперашнім светам знаеш за што? — чалавек адступіўся пад капеж, чарпануў з бруднага кургана, разгробшы зверху, мокрага шараватага, як буйная соль, снегу, прыклаў яго да расквашанага носа.— Не так, бачыце, глянуў на іх. А як жа на іх, злыдняў, глянеш інакш.
Тыя двое ў абношаных нямецкіх шынялях, убачыўшы Міцю з Царыкам, нечакана прыпыніліся і, змоўніцкі падміргнуўшы адзін адному, павярнулі назад, паслізгваючыся на чорным зледзянелым снезе, збітымі падкоўкамі і шыпамі на старых, таксама нямецкіх чаравіках.
— Ты чё-ё? — пырснуўшы з-пад падковак і шыпоў белаватым накіпам лёду, меншы з ронаўцаў пад’ехаў аж да самага Царыка. Большы насуплена і скоса пазіраў зводдаль.
— Што ж вы чалавека так? За што? — Царык, падхапіўшы праваю пук газет, апусціў самлелую левую руку.
— Я спрашиваю, ты че, в харю хочешь? — шырока расставіў ногі і пахіснуўся ронавец.
Міця стаяў, ледзьве стрымліваючы злосць і гледзячы то на збялелага ўжо Царыка, то на чырванаватую шырокую, як у ката, морду п’янага ронаўца, за плячом у якога падкутым прыкладам угору тырчала караткаватая вінтоўка. I ўжо не ведаў, чапацца з п’янаю брыдою тут на рынку ці не. Сорамна ж біцца. I брыдка слухаць і зносіць знявагу ад п’янага да паскуднасці агіднага, што нават памачыўся ў штаны, смярдзючага ронаўца. Ён, калі што якое, яшчэ і страляць будзе.
Міця, нават сам не ведае, як выйшла, ударыў нагою па падкутых, зношаных да слізгаты нямецкіх чаравіках — ронавец, задзёршы ўгору ногі і бліснуўшы збітымі падкоўкамі на абцасах і абслізганымі, некалі гранёнымі шыпамі, паляцеў у плыткую, але жаўтлявую ад раскіслых конскіх яблыкаў лужыну.
Тут ужо Міцю за локаць турзануў Царык. У вузкую глухую вулачку між чорных пазелянелых платоў ронаўцы сунуцца пабаяліся ці, можа, не паспелі згледзець, як расталі з вачэй, трапіўшы ў кірмашовы мурашнік, двое мужчын.
— Няма ў іх патронаў, я ж казаў,— задыхаўся Царык, прыспешваючы крок і папраўляючы пад пахаю скрутак газет.
— Хто знае,— Міця пераступіў раўчачок, што сачыўся з-пад плота, дзе раставаў мурзаты, як абсыпаны сажай, курган, і выйшаў таксама ўслед за Царыкам з вузенькага смярдзючага ад хлевушкоў і сметнікаў завулка на шырокую небрукаваную і раскіслую вуліцу.
— Стралялі б яны,— Царык адкінуў з вачэй і падгроб пад кепку сівую пасму валасоў.— Напэўна, стралялі б.
— Тады я добра падставіў лабаціну.
— Нічога, хоць помніць будзе, вашывец.
— Каб была там памяць... Розум адпіў.
— Гэта праўда... Але ўсё ж іншаму закажа. Так грымнуўся ў конскую кучу,— Царык ціхенька засмяяўся і раптам змоўк: з папярочнай вуліцы высунуліся двое, не то немцы, не то тыя самыя ронаўцы — здалёк ды з гарачкі разабраць было цяжка.
— Трэба сысці з вачэй,— Царык бокам прыціснуўся каля чужой брамы і, пераважыўшыся, левай рукой адкінуў у фортцы зашчапіцу.
Паджары з касматай мызай сабака нават быў ірвануўся з-пад дашчанага, абкладзенага наколатымі дрыўмі хлеўчыка, хрыпата забурчаў, але згледзеў, што Царык адважна і размашыста ідзе праз лужыну па дзвюх нешырокіх, пакладзеных на цэглы дошках, і баязліва прытуліўся да шарых хлеўчыкавых дзвярэй.
У сівое з дубэльтам і закурэлае за зіму акно ткнуўся малады кабечы твар і, сумеўшыся чужых людзей, захіліўся за зморшчаную, сабраную на нітачцы занавеску.