Ад жонкі з дзецьмі, што аказаліся за Уралам у далёкай Акцюбінскай вобласці, весцяў ніякіх не было.
Вайтовіч схадзіў у павет, спярша да сваёй брыды, што сядзела ва ўсіх управах, а потым праз перакладчыка ўпрасіўся да гебітскамісара — лысаватага тоўстага немца, які ўжо выпісаў паперу, каб вярнулі гумно, а з хатай, што служыла клубам пры цагельні, а цяпер прыдалася для валасной управы, прасіў пачакаць. На хату ў Кашалеўскім лясніцтве выпісалі дрэва. Але будавацца па-належнаму Вайтовіч не стаў. Покуль суд ды справа, перавёз струхлелы ў вуглах ды падвалінах, але яшчэ смалісты, ружаваты, калі трохі абчасаць, старавечны гуменны зруб, накрыў пазычаным акалотам, адгарадзіў сцяною ды настоліў катух з невялікім у чатыры шыбы аконцам. Спілаваныя ў лесе ды абчасаныя склюдам елкі, накрытыя шурпатымі кажухамі кары, засталіся ляжаць сярод двара, чакаючы лепшага і больш спакайнейшага часу.
Але жыць у халодным гумне Вайтовіч не стаў: напытаўшы пусты закутак у доме, дзе кватаравала, а перад прыходам немцаў уцякла сям’я савецкіх чыгуначнікаў, перабраўся ў Дварчаны. Перагораў зіму і ўжо нават нечакана для самога сябе застаўся ў мястэчку: касавокі папоў сын, што трымаў невялікую краму, гандлюючы крыжыкамі, ружанцамі ды свечкамі, падбіў яго ўступіць у хаўрус, аддаўшы баковачку, і Вайтовіч стаў таксама прадаваць розную драбязу, перакупляючы ў Вільні і збываючы ўжо тут, найбольш іголкі, сахарыну, слабыя, як націна, нямецкія цыгарэткі і ўдушлівыя — не ўкурыць егіпецкія цыгары ды дэрмацінавыя з трыма валікамі машынкі круціць, усунуўшы наслінены кавалачак паперы, з нашаткаванага тытуню цвёрдыя, як біркі з веніка, самакруткі. Гэтыя машынкі дзеля забаўкі купляла дварчанская басата ды падшыванцы.
Належнага прыбытку са свайго гандлю Вайтовіч не меў, і трымала ў Дварчанах яго, напэўна ж, не крама, а прысадзіста-таўставатая, з кароткімі крываватымі нагамі ўзбечка, маладая, на гадоў тры ўсяго старэйшая за дачку, што ўцякла з нямецкага лагера і хадзіла па хатах, наймаючыся на розную работу, покуль не прыйшла да Вайтовіча. Узяўшы нібы за наймічку, каб мыла яму бялізну, гатавала, падмятала краму, ён неўзабаве паставіў яе за прылавак памагаць у гандлі, і ўсе пачалі здагадвацца, што стала яна ўжо яго няшлюбнай жонкай.
Дзевяць гектараў тлустай удобіцы, якія яшчэ прыдбаў бацька, калі распрадавалі прылуцкі фальварак, Вайтовіч аддаў, праўда, без ніякай паперы, нібы ў арэнду, сквапнаму Броніку Літавару, што трымаў ужо двух парабкоў — ленінградскую студэнтку і ўкраінца-кінамеханіка, што прыблукалі ў Верасава з-пад Беластока: спярша падрадзіліся за харчы рабіць брукаваны ток у гумне, а потым ужо ўсё, што належыць у гаспадарцы.
Верасава ж, учуўшы пра Вайтовічаву жаніцьбу, трохі павыскалялася, пагаварыла і сціхла — у кожнага была свая бяда ды клопат. А Вайтовіч ад патаемнага няжданага кахання да паўнявай спакуслівай маладзіцы раптам вылюднеў, адмаладзеў, выпрастаўся ў плячах, і яго шара-выцвілыя вочы пачалі вясёла пабліскваць ад шчасця і прыгубленай штодня чаркі. Сухаватыя, патрэсканыя губы крывіў кіславата-хітры смяшок: ён знайшоў больш прыбытковае месца. Спрадаўшы бацюшкаваму сыну сваю недаходную з таннаю драбязою лаўку, Вайтовіч перайшоў у ЦТО[1] — новую кантору, якую немцы адкрылі ў Дварчанах — спярша грузчыкам, а потым ужо, падлашчыўшыся да славака, што быў намеснікам у начальніка-немца, пачаў загадваць складам, ці, як казалі, стаў магазінерам — прымаў гарох. Сюды у ЦТО людзі здавалі падатак — збожжа, кароў, свіней, авечак. Дзеля блізіру гэта ўсё трохі атаварвалася посудам — жаўтлява-зеленаватымі міскамі, сподачкамі, кілішкамі, талеркамі. А хто здаваў цялушку ці авечку, то нават соллю, праўда, яшчэ савецкаю... Яна, скамянелаю шара-іскрыстаю, як лёд на згоне зімы, глыбаю ляжала ў даўнейшым сельпоўскім складзе — драўляным доўгім будынку, накрытым счарнелаю гонтаю.
Сюды, да солі, і маскаваўся перабрацца Вайтовіч, але там непрыступна стаяў Літвінюк, што за польскім часам выдаваў сябе за католіка, а цяпер пры немцах, апрануўшы новую стракатую ясёнку і надушыўшыся адэкалонам, штонядзелі спяшаў у царкву на «заутреннюю».
Вайтовіч схітраваў — прывёў ад Літавара з Верасава студэнтку, нібы на кватэру ў дом, дзе жыў якраз славак — прыгожы, відны сабою хлопец, і нечакана ўсё перамянілася: Літвінюк пайшоў прымаць гарох, а ключы ад склада з соллю прыдбаў Вайтовіч.
Соль была цяпер у цане, на вагу золата. Насыпаў кішэнь — і ўжо табе і чарка, і скварка. Але, беручы самагон, глядзі, каб не падаткнулі атруты, бо для моцы яго чаго толькі не дабаўляюць: і сіняга каменю, і хмелю, і курынага памёту, і нават, кажуць, чалавечага калу.
Аднак за соль можна было паплаціцца галавою. Смерць на месцы, калі зловіць камендатура. Як гэта прылучылася з чатырма ведраўцамі, што рабілі ў орсткамендатуры грузчыкамі і ўкралі там шарсцяныя коўдры. Іх завялі за дашчаты хлевушок, дзе быў сметнік, дзе капалі ямы, каб кідаць у іх кухонныя адыходы, і загадалі капаць яшчэ адну,— ужо для саміх сябе. Тут ведраўцаў і застрэлілі.
На солі яшчэ ніхто не папаўся. Немцаў там не было, склад, дзе грузчыкі кіркавалі цёмна-шарую скамянелую глыбу, вартаваў усяго адзін паліцыянт — худы, цыбаты, з падбрытымі вусікамі Алек Сідорык.
Ён ведаў, што здольныя на хітрыкі грузчыкі парабілі доўгія кішэні не толькі пад поламі пінжакоў, а нават спадыспаду ў калошах портак. Але нікога не запыняў, бачачы, як, скончыўшы работу, са склада грузчыкі ідуць ледзьве перастаўляючы тоўстыя, нібы калоды, свае ногі.
Прыжыўшыся ды ўжо добра асвойтаўшыся ў гандлёва-гаспадарчай нямецкай канторы, Вайтовіч, незнарок напаткаўшы Імполя, пачаў падмаўляць яго пайсці грузчыкам — хацелася, вядома, мець тут свайго чалавека. Неразважнага Імполя не столькі спакушала соль, колькі зноў яна, Хрысця, што засталася рабіць у дварчанскім шпіталі, куды цяпер прывозілі параненых немцаў.
Адыходзячы ад памяці, Алеся ж яшчэ раз перагорала нешта агіднае і горкае, калі ўчула ад Імполя гэтую нечаканую весць, што ён збіраецца ў Дварчаны на работу. У душы зноў нясцерпным болем зварухнулася ўсё старое і забытае — тая пясчаная вулічка з валачашчымі сабакамі і ў занядбаным садку дамок з рыпучым ганкам, дзе кватаравала Хрысця і дзе пасля бальніцы туляўся Імполь і адкуль ужо, як пакалечаны, з перакушанаю нагою сабака, што цягаўся за ганнёю, ён прыблукаў дадому. I на табе — яго зноў, як сабаку да разніцы, цягне ў Дварчаны і, вядома ж, да яе, да Хрысці.
Вар’яцеючы ад тупой рэўнасці, невыносна-пакутнай крыўды і злосці, Алеся ўжо закрычала:
— Куды ты пойдзеш гэтакім светам?
— Пайду,— сказаў ён разважна і ціха, нібы і не чуў яе адчаю і крыку.
— Няўжо зноў знябыўся па гэтай нямытай сучцы?
— Калі ўжо так, то, можа, і па ёй.
— Во як,— задыхнулася ў злосці і зніякавела Алеся, і перад вачыма, як пякучая маланка з глыбокай цемені, памяць высвеціла той накрыты драніцай дом на бочнай вуліцы, калодзесь і яе, Хрысцю, з дурнавата-брыдкім смехам, якую яна бачыла тады, калі прыязджала ганяць дадому Імполя.
I ён гэтаксама, як тады, патаемна, гледзячы косым вокам на Алесю, здзекліва ўхмыльнуўся:
— Прыдумала ты нешта, Вайтовіч мяне на работу кліча.
— Хіба ўдома нямашука чаго рабіць?
— Солі там можна прыдбаць.
— Ды бачу, што на салёнае ды кіслае цябе пацягнула.
— Пры чым тут што... На работу іду.
— Ідзі, мо ў Нямешчыне апынешся,— Алеся ўпікнула ўжо тым, што было нядаўнім летам, калі Верасава на сваім сходзе вылучыла адправіць на работу ў Германію разам з неразважнай, трохі хворай на голаў дзеўкай з Прылуцкіх хутароў і яго, Імполя, як чужога ды непатрэбнага ў вёсцы.
Збегаўшы да цёткі Сцяпані ды паслухаўшы яе рады, выратавала Імполя сама Алеся; нарвала на балоце маслянкі — едкага люціку ды загадала, каб нацёрся ім, найбольш пад пахамі ды між пальцаў на руках і на нагах. Нямецкі доктар, што аглядаў сагнаных у дварчанскую школу хлопцаў ды дзяўчат, убачыўшы на Імполю густа-чырвоную, як карослівую, сыпку, кісла выпнуў тлустую губу і махнуў навотліў рукою: — Вэ-эк!
А дурнаватую Феню, прызнаўшы здаровай, адправілі ў доўгі таварняк, што стаяў у тупіку за вакзалам, адкуль яна ўжо прыбегла дадому на трэцюю ноч: наладзіўшы гучныя провады, нехта перадаў у вагон гармоню, а з ёю няўзнак кароткую пілу. Пад стук абцасаў ды песні прарэзалі ў падлозе дзірку, і смялейшыя вылезлі ўпоцемку з вагона.
Ні Алесіна просьба, ні сварба ўжо не памаглі.
[1] ЦТО — цэнтральнае гандлёвае таварыства.