«Дамасед?» — з цікавасцю аглядваючыся навокал, спытаў Слядак.
«Не зусім. Яго тут не раз пагражалі спаліць і, пэўна, спалілі б, каб ён, па-першае, не быў „закручаны“, а па-другое, жыў дзесьці ў канцы Паселішча ці ўвогуле на водшыбе. А так пабойваюцца, што вецер можа змяніцца і згараць іх жа дамы».
«Што так? — выказаў здзіўленне Слядак. — Просты ж народ памяркоўны да беднякоў, юродаў…»
«Таму што ён — разумны юрод. У яго дзіўныя думкі, ён дэманстратыўна пагарджае некаторымі людзьмі за іх недахопы, рабскую пакорлівасць, напрыклад, як ён лічыць, а ім гэта не падабаецца. Урэшце, самі пабачыце, вядома, калі ён дазволіць вам пажыць колькі дзён. Я мог бы націснуць на яго, але гэта на крайні выпадак. На жаль, у нас тут няма не толькі гатэля, а нават і якой занядбанай начлежкі, а то б вы цяпер не хадзілі са мной па завуголлях».
«Перадусім, як мы пагрукаем у дзверы, давядзіце мне адну з яго так званых дзіўных думак, — нечакана папрасіў Слядак. — Галоўную ён, пэўна, ужо не раз выказваў?»
«Самі даведаецеся, — паціснуў плячыма Шэрыф. — Урэшце, калі ў двух словах… Ён неяк сцвярджаў, што наш Сусвет — Сімуляцыя, створаны штучна і не што іншае, як інфармацыя. За гэта трызненне яго, пэўна, калісьці і скіравалі на нары».
«I гэта ўсё?»
«Яшчэ ён гаварыў, што чалавецтва з часам ператворыцца ў малпаў».
«Ён гэта вам паведаміў ці яшчэ каму?» — спытаў Слядак.
«Не толькі мне, вядома, а шмат каму. Першым мне пра гэта далажыў Штучнік».
«Штучнік — гэта ваш інфарматар?» — прафесійна здагадаўся Слядак.
«Ну, які ён інфарматар, — пакрывіўся Шэрыф. — Так, ад выпадку да выпадку. Дурагон. Адным словам — штучнік. Я яму і псеўда адпаведнае прыстасаваў».
Шэрыф паляпаў далонню па кішэні, выцягнуў плоскі кітайскі партсігар, вылавіў з яго губамі цыгарэту і пстрыкнуў запальнічкай, што была ўманціравана ў яго ж. Дым ад таннага тытуню паплыў, раствараючыся ў паветры. Слядак паморшчыўся, бо не паліў.
«Раней, да Катастрофы, за такія думкі адразу зачышчалі, — дадаў участковы. — Цяпер усім на ўсё пляваць».
Шэрыф выцер твар і шыю ад поту насоўкай і, падыміўшы хвіліну, далікатна затаптаў недапалак.
«Я паслаў запыт праз Сеціва…» — пачаў ён тлумачыць, але нечакана змоўк.
Абодва азірнуліся, бо за іх спінамі пачуўся характэрны шоргат ад чыіхсьці крокаў.
«А вось і гаспадар», — сказаў Шэрыф.
Крэз быў даволі высокі, з квадратным тварам і голым, без ніводнага валаска чэрапам. Глыбока запалыя яго вочы незразумелага колеру сустрэліся з позіркам Следака. Той міжвольна адзначыў для сябе, што ў вачах старога не было бачна і нават не адчувалася ніводнай прыкметы шаленства, а наадварот, быў (Слядак у думках пашукаў і хутка вызначыў слова) стаічны спакой.
Ён павітаўся, але Крэз не адказаў. Шэрыф, разбураючы між тым напружаную паўзу, пасунуўся да старога ўсутыч і паклаў таму руку на плячо.
«А мы да вас, дзядуля», — усміхнуўся ён, паказаўшы рэдкія, жоўтыя ад нікаціну зубы.
«Мне цяпер збірацца? — адразу спытаў Крэз. — Ці спачатку будзеце па хаце шманаць?»
Ён рашуча скінуў з пляча руку ўчастковага, але той не пакрыўдзіўся, а наадварот, засмяяўся ўжо па-сапраўднаму — гучна і хрыпата.
«Не ў тэму вы каціце, Крэз, — урэшце сказаў ён, абарваўшы разам смех. — Мы не збіраемся вас арыштоўваць, а потым упакоўваць на нары. Я прывёў вам на пастой чалавека з Мегаполіса. На пару-тройку дзён. У яго тут, дарэчы, справы».
«Я заплачу вам колькі скажаце», — дадаў і Слядак, звяртаючыся да старога ветліва, хоць і не паддобрываючыся.
Зноў запанавала паўза. Было бачна, што Крэз вагаўся, але яго падганяла спёка: клятчастая зношаная і брудная яго кашуля ўзмакрэла, і дыхаў ён цяжка.
«Заходзьце, — урэшце азваўся ён. — Згода. Але не больш як на тры дні. Плату гатоўкай і наперад».
Слядак крочыў да вады. Па дарозе ён высвеціў на дысплеі свайго надалонніка даныя пра возера, скачаныя з камп’ютэрнай сеткі яшчэ раней. Цяпер ён чытаў:
«Скруды, возера ў бас. р. Гуда. Уваходзіць у паўночна-ўсходнюю групу азёр. Пл. люстра 44 км2, найб. глыб. 30,5 м, сярэдняя 7,9 м. Аб’ём вады 210 млн м3. Вадазбор 213 км2 буйна- і сярэдняўзгорысты, з участкамі забалочаных нізін, складзены з марэнных суглінкаў, быў раней значна разараны, 13 працэнтаў пл. пад лесам. Схілы выш. да 30 м, стромкія (на 3 м спадзістыя) сугліністыя і пясчаныя. На У і ПдУ блізка абрываюцца каля ўрэзу вады. Уздоўж усх. берага цягнецца озавая града, парослая лесам. Берагавая лінія (даўж. 68,4 км) моцна зрэзана, асабліва на 3. Берагі нізкія, пясчана-галечныя, пераўвільготненыя. Шырыня поймы ад 15 да 200 м. Востраў (агульная пл. 2,6 км2). У малаводныя гады колькасць астравоў можа павялічвацца да 3. Найбольшая глыбіня ў паўднёвым плёсе. Мелкаводдзе пясчанае, пясчана-галечнае і камяністае. Празрыстасць да 8 м. Мезатрофнае. Упадаюць больш за 17 ручаёў. Уздоўж берага паласа трыснягу і чароту шырынёй да 300 м. Урэчнік, рагаліснік, эладэя, харавыя водарасці растуць да глыбіні 8 м…»
Слядак пакінуў чытаць і пстрыкнуў кнопкай. Тэкст на дысплеі знік. Урэшце, зусім не гэта «проза» яго цікавіла цяпер, калі ён набліжаўся да вады. Паскараючы міжволі крокі, ён падумаў пра тое, што заўсёды любіў ваду, аж з дзяцінства, калі яшчэ да Катастрофы бацькі вадзілі яго ў басейн, а потым ён амаль кожнае лета з’язджаў на вялікае вадасховішча, штучна створанае колькі год назад у сувязі з будаўніцтвам даўно спыненай цяпер атамнай электрастанцыі.