«Па-вашаму, хто мог „замачыць“ спачатку Зураба, а потым Ларыёна?» — адхіліўся ад яго абстрагаванняў Слядак.
«А-а, вось што вас цікавіць, вось чаму вы тут», — сказаў стары.
«Не маглі яны варагаваць паміж сабой?» — спытаў Слядак.
«Малаверагодна. Спачатку пачалі б біцца іх халопы. Але такога, быццам, не адсочвалася. Так, гніль, наркаманы, тыя, хто корміцца з наркатрафіку. Паміж імі і разборкі».
«Што ж, — падвынікаваў Слядак. — Вось і пагаварылі. Што трэба найперш за ўсё? Інфармацыя!»
Апоўдні спёка павялічвалася. Слядак заўважыў, што лісце на тонкіх атожылках, якія выпусцілі дрэвы ў пачатку лета, скруціліся ў трубачкі і пачарнелі, а трава на зямлі высахла і пажоўкла.
Ён таропка паабедаў простай, з дамешкам сурагатаў ежай, якую раней прынёс з крамы Крэз, і на дваццаць хвілін дазволіў сабе адпачыць. Потым захапіў бінокль, нож, плаўкі і зноў рушыў на возера.
Нягледзячы на спёку, там было няшмат ахвотных ахаладзіцца. Многім, як здагадаўся Слядак, — напрыклад, шматлікім супляменнікам Ларыёна, купацца не дазвалялі іх звычаі, а мусульмане таксама нярэдка пазбягалі вады. Бліжні да Паселішча спадзісты бераг быў усеяны шпрыцамі з рэшткамі крыві і смеццем. Некалькі дзесяткаў цел, абаіх палоў, сініх ад «тату», ляжалі на брудных посцілках у рэдкай зацені ад кустоў вербалозу. Там-сям савакупляліся.
Слядак скіраваў па беразе ўбок, і неўзабаве застаўся ў адзіноце. Ён распрануўся, змяніў трусы на плаўкі і паплыў, адчуваючы, як цела ажывае ў прахалодзе. Далёка ён вырашыў не заплываць, а неўзабаве вярнуўся назад, выйшаў на бераг і зноў узяўся за бінокль.
Яго па-ранейшаму цікавіў востраў. Але колькі не ўглядаўся, нічога істотнага для сябе не заўважыў. Парослыя асакой купіны, зацягнутыя раскай балотцы, суцэльныя зараснікі і кусты. Пуста. Ніводнай птушкі навокал, што ўжо было зусім дзіўна. Тады каго ён бачыў там учора? Чаек? «Заўтра, — падумаў ён, — заўтра я сплаваю туды і не ў якім пазычаным чоўне ці гумавай лодцы, а вось так, ціха і незаўважна. І, вядома, без рэвальвера. Пяць ці нават дзесяць кіламетраў па вадзе для яго дробязь, бо яму даводзілася плаваць і на большыя адлегласці».
Слядак апрануўся і скіраваў назад, у напрамку Паселішча. Надышла пара, як ён вырашыў, наведацца да Зары. Па дарозе ён выцягнуў з кішэні надалоннік і набраў нумар, пакінуты яму дзяўчынай.
«Гэта спадарыня Зара? — спытаў ён, калі сувязь адбылася. — Вы хацелі са мной пагаварыць — дык я іду».
«Так, — адказаў жаночы голас. — Я ведаю, што гэта вы і хто вы. Я чакаю».
Слядак зноў апынуўся на вуліцах у межах жытла. Як цяпер ён меркаваў, яму не надта хацелася размаўляць з уладальніцай завода, але і размінуцца не выпадала — справа, па якой ён сюды прыбыў, амаль не зрушылася з месца. Што ён, урэшце, выведаў? Нічога.
Па меры набліжэння да мэты — дома Зары, на які раней паказаў яму Шэрыф, на яго шляху траплялася ўсё больш і больш чымсьці раздражнёных і незадаволеных асоб. Як ён здагадваўся, незадаволены былі ім. Асабліва нахабна паводзілі сябе падлеткі, большасць якіх складалі жоўта- і цёмнаскурыя. Звычайна яны сядзелі на кукішках і групамі — размаўлялі: цалкам зэкаўская звычка, набытая ў працоўных лагерах, дзе, вядома, не існавала лавак і не давалі зэдлікаў, каб пасядзець, а так яны — эканомілі энергію і сілы.
За апошнія гады жыцця ў Мегаполісе Слядак прывык да ўсякага, але там ён быў абаронены нейкімі рэшткамі цывілізацыі, а цяпер, са спазненнем адзначыў ён, з ім не было нават Шэрыфа побач, якога тут ведалі і пабойваліся. Не было і зброі.
«Гэй ты, белы чарвяк!»
Трое цёмнаскурых аддзяліліся ад сцяны барака і пасунуліся на яго, загароджваючы шлях. Прыкладна аднаго росту, маладыя, упэўненыя ў сабе, нахабныя, здольныя на любую гнюснасць, уключаючы і забойства. Квяцістыя кашулі, у кішэнях шортаў, пэўна, што-небудзь накшталт кастэта ці выкіднога нажа. На галаве аднаго — бейсболка, другі з жоўтым ланцугом на шыі, пэўна, імітацыяй пад золата, трэці — яўна пад наркатычнай дозай: яго нежывы позірк нічога, акрамя беспадстаўнай варожасці, не выяўляў. «Гэты — самы небяспечны», — падумаў Слядак.
«Маны ёсць, грошы?»
У мэтах самаабароны Слядак раней займаўся адзінаборствамі, вывучаў і ведаў псіхалагічныя нюансы вулічных боек, хоць, вядома, стрытфайтэрам[2] сябе ніколі не лічыў. Ён не быў настолькі багаты, як некаторыя іншыя белыя, якія групаваліся ў своеасаблівых гета за бетонным плотам з электроннай сістэмай апавяшчэння, а каб выехаць за межы тых сцен, апошнім часам там-сям нават карысталіся асабістымі гелікоптэрамі. Інакш іх, а то і іх дзяцей калі-нікалі рабавалі ці бралі ў закладнікі. Ён заўсёды быў вымушаны абараняць і адстойваць сваю годнасць сам.
Ён не хацеў бойкі, хоць у маладосці часам прытрымліваўся ірландскага погляду на гэты конт: лепшы спосаб высветліць адносіны — гэта добра і са смакам пабіцца.
«У мяне шмат грошай, аж адцягваюць кішэні — па-першае. Толькі вось, па-другое — з якой нагоды я буду вам, незнаёмым, іх пазычаць?» — сказаў ён, абарочваючы ўсё ў жарт.
Але гэтыя жартаў не разумелі.
Той, што яўна быў пад «дазняком», саўгануў руку ў кішэню, і Слядак зразумеў, што зараз у яго з’явіцца нож, і чакаць чагосьці далей было ўжо сабе на згубу. Ён у скачку ўдарыў таму пяткай у жывот. Гэты яго «фронт-кік» атрымаўся выдатна, ён, пэўна, трапіў якраз у сонечнае спляценне, бо самы небяспечны яго праціўнік, выдыхнуўшы няўцямны, кароткі гук-стогн, асеў на зямлю.
Той, што быў у бейсболцы, гнуткі і імклівы, як гадзюка, адразу кінуўся яму ў ногі, пэўна, каб зрабіць захоп і ўжо разам са сваім сябруком, удваіх паваліць на зямлю. Слядак зразумеў гэта са спазненнем, і адна яго нага апынулася ў замку. Збоку ён адчуў замах кулака, але здолеў ухіліць галаву і ўдар таго, з ланцугом на шыі, прыйшоўся ў паветра. Слядак сам ударыў зверху кулаком таго, хто трымаў яго за нагу, і, калі той расслабіў захоп, — вырваў нагу, сам усё-такі атрымаў удар збоку ў галаву, і ў гэты момант ззаду пачуўся трэск, і побач спыніўся квадрацыкл, з якога выскачыў накачаны мулат з завушніцай у мочцы вуха. Ён, не марудзячы, кінуўся да іх, і Слядак вырашыў, што справа яго зусім дрэнь, але мулат з разгону коратка ўдарыў бакавым таго, што ў бейсболцы, і зыход бойкі адразу быў вырашаны.
Мулат яшчэ пару раз балюча штурхнуў нагамі нападаўшых, тыя з цяжкасцю, але падняліся з зямлі, адступілі, і загірчэлі на іх ужо здалёк, нібы пабітыя сабакі.
«Падайце, — запрасіў гэты нечаканы байкер і выратавальнік і паказаў на задняе сядзенне. — Ехаць — не ісці».
Слядак, паціраючы гузак на галаве, пасля кароткага роздуму згодна кіўнуў галавой і сеў у квадрацыкл.
«Куды паедзем? — спытаў ён мулата. — Я магу даведацца?»
«Да Зары. Вам жа туды трэба?»
[2] Стрытфайтэр — вулічны баец (з англ.).