— Які? — спыніўся ўчастковы.
— Яго развітальны ліст. Нябожчык неяк паабяцаў мне, што пакіне знак, калі выканае сваю волю не сам.
— І што гэта за знак? — з недаверам спытаў участковы Панковіч.
— Кропка. Не ў тым месцы.
— Ну, а хто, па-вашаму, найміт?
— Той, хто жыве на помпавай станцыі, — сказаў Ліневіч. — Дарэчы, мы прыйшлі.
Яны спыніліся і ўгледзеліся ў цёмныя размытыя абрысы будынка.
— Вы бачылі тых, хто там хаваецца? — ціха спытаў участковы.
— Бачыў. Дзяўчына, якая ўжывае наркотыкі. Істэрычная. Німфаманка. Такія заўсёды небяспечныя.
— Хто, хто?
— Але яна толькі слуга.
— Слуга каго?
— Таго найміта. Настаўнік Мазур лічыў, што тут павінен з'явіцца Ён. Ну, нешта кшталтам дробнага беса, як я мяркую. Нездарма тут і шкоднікі. Я маю на ўвазе саранчу.
— Можа, «белыя браты»? Ну, з секты... Развялося ўсякіх. Тут з мясцовымі ёгу прапагандуюць, нейкія сходкі, таемныя сустрэчы.
— Нячаеўшчына.
— Што, што?
У цішыні і цемры яны падышлі ўсутыч да дзвярэй і прыслухаліся. Адзінае маленькае акенца кінутай станцыі не прапускала ніякага, нават слабага святла. Не было чуваць ні гуку, ні шолаху.
Участковы Панковіч выцягнуў з кішэні кітайскі ліхтарык.
— Заходзім, — шапнуў ён Ліневічу і пацягнуў на сябе абітыя бляхай дзверы.
Яны асцярожна зайшлі. Міліцыянт уключыў ліхтарык.
У вялікім захламленым пакоі было пуста. Там-сям валяліся ржавыя металічныя дэталі, трубы, вентылі, недакуркі і пустыя бутэлькі, цэгла, ламачча. На цэментнай падлозе пад нагамі храбусцела бітае шкло. У кутку яны ўбачылі брудны матрац. Процівагаз вісеў на цвіку.
— А вось і ложак, — сказаў участковы. — Ну, хіба не гатэль? Хацеў бы я ведаць, дзе яго жыльцы...
— Тут ёсць падвал, дайце ліхтарык.
Некалькі прыступак уніз прывялі іх у цесны брудны склеп, у цэнтры якога на зямлі месціліся рэшткі механізма: махавікі, колы, цыліндры.
— Нікога, — сказаў Ліневіч.
— Хадземце наверх.
— Трэба злавіць яго. Абавязкова. Няхай сабе ён і сам д'ябал.
— Я паведамлю па ўсіх каналах, — згадзіўся ўчастковы Панковіч. — Але надзеі, што мы зловім, няшмат. Хаця транспарт не ходзіць, і ён дзесьці паблізу.
Яны пайшлі да выхаду. Прамень ліхтарыка раптам выхапіў з цемры надпіс крэйдай на ўнутраным баку дзвярэй:
Абодва спыніліся і ўтаропіліся ў надпіс. Міліцыянт Панковіч заварушыў вуснамі: чытаў.