Настаўнік Мазур быў дома, і Ліневіч зайшоў у хату.
Ён упершыню ўбачыў жытло Мазура знутры: у пакоі было чыста прыбрана, усе рэчы, здаецца, ляжалі ці стаялі на сваіх месцах — і стол, і крэслы, і невялікі чорна-белы тэлевізар, і прыёмнік, і такі-сякі інструмент.
Гаспадар ляжаў апрануты на ложку і, як толькі Ліневіч зайшоў, падхапіўся і сеў. Ён быў бледны з твару і, як адзначыў Ліневіч, чамусьці моцна нерваваўся.
— Калі вы спіце, то не буду перашкаджаць, — сказаў Ліневіч. — Я паставіў веласіпед на месца.
Але настаўнік Мазур нібы спалохаўся:
— Пабудзьце крыху, калі маеце час. Я вам нешта скажу. Я хацеў зайсці да вас яшчэ раз.
Герман Ліневіч сеў у крэсла.
— Дык я вас слухаю, — сказаў ён насцярожана.
— Справа ў тым, — дзіўна пачаў настаўнік Мазур, — што ў свеце існуюць сілы, якія накіраваны на тое, каб перасекчы нашы сувязі з Небам. Вы не задумваліся над тым, колькі ў нас апантаных, імі нехта нібы кіруе. І зноў жа ўсе гэтыя паморкі, нашэсці, паводкі, пажары, землятрусы і смерчы.
— І што?
— А тое, што за імі ідуць голад, войны і спусташэнні. Я вось знайшоў старажытны спіс усіх здарэнняў і бедстваў, якія ў нас раней адбываліся. Вы паслухайце: дзвесце пяцьдзесят трэці год ад Нараджэння Хрыстова: «Из земли бо и из моря и из рек и из озёр ветром нужным износило дыхание смрадно, яко гной мертвых телес, и от сего тяжкие и неисцельные болезни, погибель человеком...» Гэта хранограф заходне-расейскай рэдакцыі. А вось яўрэінаўскі летапіс. Тысяча пяцьсот трыццаць чацверты год: «...прышла саранча і паела жыта, траву і ярыну...». А вось летапісны сказ Пятра Залатонава. Тысяча шэсцьсот восемдзесят шосты год: «Дажджы. Пры гэтым нашэсце чарвякоў чорных памерам з вусеня...» А вось тысячны год. Моцны землятрус на ўсім зямным шары. Тысяча трыста сорак дзевяты год. Полацак: «Мор бысть на люді...» Тысяча чатырыста трыццаць шосты год: «Голад ад дажджэй, много лиха, много кровопролития сталося, брат брата своего рожоного убивал». І так амаль пастаянна: тысяча пяцьсот восемдзесят восьмы год — «великий мор», тысяча шэсцьсот чацверты — «великое поветрие», гэта значыць эпідэмія, тысяча семсот трыццаць трэці — «...поморок явывся и там ляхов, козаков и жидов много вымерло...». І зноў — голад, засуха, дажджы, прузіша, чэрві, вусені... Але вось што цікава: у трынаццатым стагоддзі, прыкладам, саранча прыходзіла аж васемнаццаць разоў. А вы не задавалі сабе пытанне, чаму ўсе прыродныя бедствы супадаюць з нашэсцямі, войнамі, міграцыямі? У тым жа трынаццатым стагоддзі за саранчой татары з'явіліся. Кроў палілася, цемра прыйшла...
— То было ў мінулым, — перабіў Ліневіч, — мяркую, прагрэс чалавецтва зараз выключае падобныя з'явы.
— Лухта, — не згадзіўся настаўнік Мазур. — Прагрэс — гэта слова-неданосак. Ну, дайце магчымасць тым жа кітайцам атрымаць кожнаму па машыне ну й па трактару на сям'ю і — гатова: экалагічная катастрофа. Рэгіён не вытрымае такой колькасці выхлапных газаў. Вось вам і прагрэс.
— Але ж чалавецтва жыве.
— Яно-то жыве, але ўжо не шукае Амерык, а будуе канторы, банкі, біржы і парнакварталы. Вы часам не хочаце за акіян?
— Не, — сказаў Ліневіч.
— А то ўсе аж трымцяць. Спажываць — вось што стала мэтай.
Герман Ліневіч пакратаў загарэлы лоб і праз паўзу сказаў:
— Лёс — гэта выпадковасці, а не прысутнасць кагосьці, як вы лічыце. Ну, узяць хаця б майя. Нястача энергетычнага звяна. У іх не было каня. Значыць, не было і кола, не прыдумалі, бо навошта яно, калі няма цяглавай сілы? І мы, магчыма, сталіся б магутнымі і незалежнымі, ну, прыкладам, каб былі астраўной нацыяй. Дарэчы, у свеце дамінуюць англасаксы ды японцы. А яны астраўныя народы. Яны, магчыма, не гублялі частку сіл, каб адбіцца ад ворагаў. Мора абараняла іх і загартоўвала дух...
— Вось-вось, — задумліва дадаў настаўнік Мазур, — а нас да таго ж падточвалі суседзі, лезлі з захаду і ўсходу. Саранча. Мы і ёсць той самы трэці варыянт з прытчы пра сейбіта. Памятаеце?.. І трапіла зерне ў церні, і церні выраслі і заглушылі яго... А пад занавес заўсёды з'яўляецца Ён.
— Дык, па-вашаму, тупік? — спытаў Ліневіч.
— Чарнобыль давершыць. Таксама выпадковасць? Ці не занадта іх.
— Але ж варта трываць, ну хаця б дзеля будучыні, — сказаў Ліневіч.
— З кім трываць і дзеля якой будучыні?! — выбухнуў раптам настаўнік Мазур. — Ды вы прыгледзьцеся да ўсіх гэтых мангалоідаў на вуліцы, паслухайце, пра што яны гавораць, ды заўважце, колькі набрыдзі з'явілася! Яе вось мы трываем! Гэх, народ! Ён нават па мінулай вайне не здолеў вызначыцца, уграз у сваю, грамадзянскую... Хіба свядомы, нармальны чалавек можа тут жыць? На зямлі, дзе нават мовай сваёй пагарджаюць? Тут штомесяц новы Чыкаціла аб'яўляецца, а такая, прыкладам, з'ява, як Ян Палах, тут магчымая?!
Ён раптам змоўк, задыхаючыся.
— Дык у чым ваша пытанне? — нібы ачуняў і пацікавіўся Ліневіч.
— Вы маеце рацыю: я ўсё падводжу здалёк, а філосаф з мяне кепскі. Маё пытанне надзвычай простае. Я хацеў, каб вы па магчымасці наведалі маю дачку, там, у горадзе. Я быў бы вам вельмі ўдзячны, каб вы пагаварылі з ёй.
— Пагаварыў — пра што?
— Я давяраю вам і хачу, каб вы давялі ёй, каб яна, ну, скажам, не адхілялася ад Шляху. Вы мяне разумееце?
— Так, — сказаў Ліневіч. — Разумею. — Але гэта лепей зрабіць вам самім. І чаму вы лічыце, што я трымаюся таго Шляху?