…я гэтых самаедаў тэлеграфным слупам
і ставіў кропку
праз памыйную яму
і ў вачах яго раз-пораз успыхвалі агеньчыкі нянавісці, нязломнасці і супраціву.
VII. Зыход
Набліжаўся поўдзень, калі стары Антон Кніга зноў апынуўся ў завулку ля былой фралоўскай сядзібы і з цяжкасцю прайшоўся побач — раз, другі, назіраючы, як бегаюць туды-сюды шматлікія дзеці чужынцаў, завіхаюцца крыклівыя гаспадыні, загадваючы нешта дзвюм жанчынам-паслугачкам з мясцовых, што няньчылі, не выпускаючы з рук, іх зусім яшчэ малых дзяцей, а трэцяя мыла на двары бялізну; некалькі іншамарак туліліся ля плота, а на лаўцы ўжо сядзелі тутэйшыя дзяўчаты з навакольных дамоў і палілі цыгарэты, манерна адстаўляючы пальцы рук і папраўляючы прычоскі, а перад імі праходжваліся некалькі ўзмужнелых падлеткаў з чужынцаў і гергеталі па-свойму, а то мацюкаліся па-расейску
бляматахушаварот!
бесцырымонна хапалі дзяўчат за рукі і валасы, прыгінаючы галовамі ўніз, а тыя вяла і крыўдліва выкрыквалі кшталтам
ай, ну канчай, бля, адпусці!
праз хвіліну ўжо хіхікалі юрліва
хехехехехе
і закідвалі нага на нагу, і некаторыя з іх былі ўжо відавочна цяжарныя, і падлеткі тыцкалі ў іх прыпухла-пукатыя жываты пальцамі і гаварылі
гэта ад мяне, ад мяне
ці дражніліся
праглынула мячык, бікса, так?
І мацюкаліся і падскоквалі, махаючы рукамі: энергія выпірала з іх, чорныя вочы бліскалі, а цёмна-жоўтая скура на тварах ільснілася ад поту, і стары глядзеў на ўсё гэта, яго ж наадварот, не заўважалі — нібы ён для іх не існаваў ці быў з іншага вымярэння; чужынцы забягалі і выбягалі ўжо з прусакоўскага дома, быццам гэта здаўна быў іхні будынак, сноўдалі па садзе, а потым на падворак выйшла пакаёўка Васіліна і накрычала на паслугачак, і стары адразу скарыстаў момант: падышоў да яе і спытаў, ці не пакліча яна да яго на хвіліну іх старэйшага мужчыну, і Васіліна падазрона звузіла вочы на мангалоідным, скуластым твары, агледзела яго з ног да галавы і сказала грэбліва
ён ад’ехаў па справах, у яго шмат спраў, у адрозненне ад некаторых іншых
і ўрэшце пацікавілася
ну і навошта ён вам?
а стары адказаў коратка
золата прадам
і вочы ў Васіліны адразу насторчыліся, як у вартавога сабакі, і яна, скрыжаваўшы на грудзях моцныя, мускулістыя рукі, прапанавала
пакажы, я куплю
але Антон Кніга зневажальна фыркнуў — ён ведаў гэтую пароду людзей і лёгка чытаў іх, бо ў свой час пабачыў такіх багата
у цябе купіла не хопіць
сказаў ён зневажальна, а твар пакаёўкі адразу згубіў свой грэблівы выраз, яна пашукала вачыма і закрычала
гэй, Карым, бацька хутка будзе?
на што адзін з падлеткаў, як адзначыў стары, — дужы і ўкормлены, узмужнелы на выгляд, кінуў дзяўчыну, руку якой з недакуркам згінаў так, каб тыцнуць ёй жа ў твар, незадаволена азірнуўся і сказаў
вечарам
а стары спытаў у пакаёўкі