— У мяне зашмат заганаў, Праўдзій, — сказала Ева Мураш. — Ты ж бачыш, якой я бываю, — зласлівай і неўраўнаважанай, непрыгожай і хворай, і лепшай не буду ніколі.
Замест адказу мужчына нечакана пяшчотна пацалаваў яе ў вусны.
— Сёння, — сказаў ён. — Цяпер.
— Зараз, зараз, — апярэджваючы яго рухі, загаварыла яна ліхаманкавым шэптам, пазбаўляючыся ад ботаў, світэра, а потым і спадніцы, і таропка занырнула ў ванную, але ўжо там, стоячы пад занадта гарачым душам — змяшальнік быў звыкла няспраўны, — яна нібы апамяталася, няспешна расцерлася ручніком, накінула халат і пачала шукаць, пакуль урэшце не знайшла пакецік з прэзерватывам, і так і выйшла, няўпэўнена трымаючы яго ў руцэ.
— Бяры, — сказала яна. — У мяне ў апошні час дрэнная сімптаматыка. Табе лепш не рызыкаваць.
— Магу я ведаць, што ў цябе? — спытаў Фёдар Сак.
— Неяк я хацела праверыцца. Варта схадзіць. Але не пайшла. Калі ў мяне гэта — ад яго ўсё роўна няма лекаў.
— Што — «гэта»?
— Не будзь такім наіўным, Праўдзій. Я маю каля двух дзесяткаў знаёмых і нават сяброў, якія ўжо адносна даўно ВІЧ-інфіцыраваныя. Не ад распусты. Проста калі пачынаеш больш-менш рэгулярна ўмазвацца, бяда калі-небудзь абавязкова прыйдзе.
...Потым яны ляжалі ў ложку, Ева Мураш паліла, а мужчына на паўхвіліны выключыўся ў сон, але раптоўна, нібы ад штуршка, абудзіўся. Ложак быў занадта кароткі для яго росту, і ногі яго датыкаліся да радыятара ацяплення.
— Хочаш паспрабаваць «траўкі»? — спытала дзяўчына.
— Калі ты паабяцаеш перайсці толькі на яе, я буду тваім кампаньёнам.
— На жаль, гэта немагчыма, Праўдзій. Але ты пацярпі крыху, прывыкаюць да ўсяго: ёсць хворыя пары ці адзін хворы, другі — не, і такія жывуць разам гадамі. А можаш пайсці хоць зараз — я не пакрыўджуся.
— Прыхаваны суіцыд. Вось на што ўсе вы хворыя. І ты, і Ларыса, і Кім, і Гуру, і ўсе вашы «моцна прасунутыя».
— А твой так званы бізнес — хіба таксама не прыхаваны суіцыд? Толькі форма іншая. Ну, у чым твая мэта, скажы? Можа, ты хочаш набыць сабе «мерс», макінтош да пятак, норкавую шапку, у два разы вышэйшую за нармальную, і сотавы тэлефон? Каб сядзець з ім нават у тэатры і з бутэрбродам з ікрой у другой руцэ? І гэта — усё? Адзіная радасць — паказваць сваё багацце?
— Але ўсе мы аддаём перавагу лепш жыць, няважна, урэшце, — як, чым памерці, і гэта вызначае наш выбар, — сказаў былы бізнесмен Фёдар Сак.
— А навошта жыць, які ў гэтым сэнс? — спытала дзяўчына і патушыла недапалак. — Можа, ты мне растлумачыш, дзеля чаго?
— Не ведаю. Можа, жыццё ўвогуле не мае сэнсу. Можа, гэта які падарунак нам, а можа, наадварот, пакаранне. У адным я ўпэўнены — яно дадзена не для таго, каб у ім быў толькі ваш «кайф».
— Так, — раптам пагадзілася дзяўчына. — Я і сама часта думаю — ну навошта бацькі вучылі мяне чытаць, пісаць, разумець свет — каб я ўрэшце зведала, што такое кумар, і баялася яго больш за ўсё?
— Вось бачыш, як ты добра ўсё разумееш, — нібы ўзрадаваўся мужчына. — Кінеш гэтыя справы, і ўсё будзе інакш.
— А ты не задумваўся пра тое, што спярша такіх, як я, стане большасць? А потым увогуле ўсе вымруць. Застанецца адна жамяра. І потым я... не люблю людзей.
— Чаму? Трэба не любіць іх недахопы.
— Не. Я людзей ненавіджу. Ты ведаеш, напрыклад, што робяць якія-небудзь неда...я міліцыянты з адзінокай дзяўчынай з правінцыі дзе-небудзь на вакзале пасля таго, як на яе вачах парвуць яе пашпарт? Спытай у Ларысы. Але лепш табе не ведаць. Дык у якога яшчэ чалавека мне верыць? Калі я з раніцы тусуюся сярод іх — вечарам мне трэба ўмазацца. Прабач, мне сумна гаварыць пра гэта, Праўдзій.
Дзяўчына села на ложку. Пад вострымі плячыма ўздрыгвалі яе маленькія грудзі. Нават у цемнаце бачныя былі выступаючыя рэбры і рыса пазваночніка.
— Паспі, — сказала яна. — А потым мы будзем вячэраць.
Раніцай зноў ішоў дождж. У дзверы некалькі разоў нягучна грукалі, і сантэхнік Ілля ішоў і адчыняў, але нікога не выяўляў. Вочка ў дзвярах не было. Раптам ён устрывожыўся і доўга сядзеў задумаўшыся і напружана чакаў, падышоў нават да дзвярэй усутыч, каб рэзка іх адчыніць, але больш яго не турбавалі. Сантэхнік Ілля паступова супакоіўся, паслухаў радыё, паснедаў і выйшаў з «калясачнай», адразу звярнуўшы ўвагу на скрыню. Ён адамкнуў яе, выцягнуў адтуль некалькі паперак-скаргаў, а таксама недапалкі, бананавае лупінне і агрызкі яблык. Смецце ён кінуў у смеццеправод, а паперы занёс да сябе, але чытаць іх не стаў, дастаў нататнік і запісаў у ім:
«9 кастрычніка. Пятніца.
варта спяшацца са здабычай ведаў у неарганічных сутнасцяў на маю думку і што пацвярджаецца некаторымі заўвагамі вялікіх вандроўнікаў Космасу яны не валодаюць паняццямі маны і хітрасці каб у іх мяркую было нешта накшталт службы бяспекі ніхто не здолеў бы нават даведацца пра іх існаванне хаця тут усё адносна меркаванне маё між тым што наша цывілізацыя можа не паспець пераўтварыцца ў цывілізацыю пятага парадку і авалодаць усёй энергіяй зоркі і дэградзіруе ў выніку нарастання экалагічных катастроф крымінальнага тэрору і масавай наркаманіі думка некаторых даследчыкаў пра тое што любая цывілізацыя Космасу існуе толькі каля трох тысяч гадоў з пачатку работы яе першага радыёперадатчыка а потым гіне таму мы і не чуем радыёфону Сусвету мае падставу але ёсць шанс пераўтварыцца ў неарганічную цывілізацыю заўважана што Сусвет імкнецца да неарганічнага стану адбудзецца гэта ці не вось пытанне за стагоддзе мы дайшлі да перасадкі органаў кланіравання і працэс ужо некіравальны яшчэ праз два-тры дзесяцігоддзі Зямлю магчыма будуць насяляць трансплантанты з убудаванымі ў галовы інтэрфэйсамі якія звяжуць іх з кампутарнай сістэмай планеты а яшчэ праз дваццаць — трыццаць гадоў пачнецца масавы зыход з біяабалонкі якую мы называем целам і пераход на неарганічную аснову што па сутнасці з'явіцца неўміручасцю трэба пратрымацца па маіх падліках каля пяцідзесяці гадоў каб дасягнуць мэты а калі я здабуду веды і энергію то здолею ажыццявіць гэта бо апошнія даныя НАСА атрыманыя зусім нядаўна сцвярджаюць што Сусвет адкрыты і яго пашырэнне можа быць і ідзе толькі адзін раз і незваротнае як у паветранага шарыка які надзімаюць да таго часу пакуль не лопне і ўзнік ён са стану бясконцай шчыльнасці але такі стан раўназначны паняццю «нішто» і значыць Галгофа не паўторыцца ніколі а калі дадаць да гэтага падлік верагоднасці выпадковага сінтэзу звышскладаных біямалекул пры ўмове выпадковага злучэння іх частак 1010000 то ў Сусвеце няма такой колькасці атамаў а гэта значыць што існуе Найвышэйшы Ўзровень які запаліў з «нішто» сто пяцьдзесят пяць мільярдаў галактык і пасеяў іх у небе і стварыў малекулу ДНК і гома сапіенс але тут надыходзіць пытанне а што было да таго гэта значыць пра вечнасць але што такое вечнасць бо само ўзнікненне Сусвету і нараджэнне любога чалавека ўжо бунт і яе аспрэчванне хіба што яна будзе «лазняй з павукамі па кутах» і вось з гэтай нагоды ўзнікае пытанне а ці не нагоніць тая ж неўміручасць неарганічных істот на іх саміх праз якія тысячагоддзі нясцерпны сум што прымусіць іх зноў імкнуцца ў чалавечую абалонку і хіба не назіраем мы час ад часу так званыя шаленства і апантанасць але пра гэта пісаць небяспечна так небяспечна...
дарэчы пра небяспеку статыстычныя даныя крымінолагаў сведчаць што небяспека для жыцця чалавека зыходзіць ад знаёмых бацькоў ці сваякоў так да дзесяці гадоў пагрозу жыцця ўяўляюць бацькі да трыццаці гадоў знаёмыя да пяцідзесяці гадоў сужэнцы да шасцідзесяці гадоў дзеці і пасля шасцідзесяці зноў знаёмыя ўсё гэта ўвогуле сцвярджае абсалютную схільнасць да агульнай дэградацыі а калі ты крочыш у адзіноце у рызыцы і цемры то шлях можа быць толькі адным спасцігнуць дзіўныя сілы якія існуюць у Сусвеце і з іх дапамогай быць заўсёды ў стане змяніць ход падзей ці ход свайго жыцця ці жыцці іншых людзей і калі трэба абараніць сябе без прамога ўздзеяння на ход тых самых падзей што з'яўляецца безумоўна адзнакай таго хто пабываў на Высокіх Узроўнях вядома заўвагі гэтыя не павінны тычыцца вялікай колькасці чарнакніжнікаў якія вельмі распладзіліся ў апошні час і займаюцца тым што псуюць жыццё іншым ці ўмешваюцца ў тую ж статыстыку павялічваючы эфект паўсюднага разлажэння не могуць жа сапраўды сто пяцьдзесят пяць мільярдаў галактык разлятацца толькі для таго каб у кінутай лазні павукі сядзелі б па кутах і чакалі як не могуць яны разлятацца і для таго каб якое-небудзь пакрытае каростай і ў сцаках дзіця з распухлым ад паразітаў жыватом усё-такі выжыла і ўмешвалася б зараз у ход жыцця іншых людзей прамым уздзеяннем...
і быццам я зноў іду ўсё далей у лес і пад нагамі робіцца спачатку вільготна а потым выступае чорная з пухірамі вадкасць і ўрэшце бачу балота і прысеўшы на паваленае дрэва назіраю за яго насельнікамі так насельнікамі... бабуры ў браклаце хіба гэта ўся вечнасць?