Хлопец. Падумаеш!
Танька(хлопцу). Дурань!
Зуёк. Усё, усё, хопіць. Пара дахаты.
Дзяўчаты(у адзін голас). Дзядзечка Пятрок, рана яшчэ, ну зусім жа рана.
Зуёк. Усё. Ні-ні. Вы б ноч скакалі, як козы.
Дзяўчаты. От яшчэ крышачку…
Зуёк. Пагулялі, хопіць. Спаць даўно пара, заўтра працаваць. Добрыя людзі ўжо малаціць пачалі.
Хлопцы. Багатым, дзядзька Пятрок, будзеш, як малаціць да Пакравоў збіраешся.
Зуёк. От каб ты гэтак у полі, як языком.
Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…
Зуёк. Ні-ні!
Хлопцы. Дзядзьку Петраку кавалеры ды жаніхі больш не патрэбны, ён на хутаранскіх спадзяецца.
Зуёк. А хутаранскія не такія лайдакі, як ты. Вось сустрэну бацьку, ён табе пасмяецца, лейцамі.
Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…
Зуёк. Усё, сказаў усё, дык усё! А то другі раз не пушчу. Бач, разыграліся.
Зуёк(нязлосна). От чэмера табе ў бок, зубаскал. От каб цябе…
(Дочкам). Кладзіцеся спаць. Верка, прыбярыце тут. От каб да работы гэтак, як да гэтых скокаў.
Танька. А мо здарылася што дома, ці мала што можа… Ды і сапраўды — кожны раз за дзесяць вёрст…
Верка. Дык і той раз.
Танька. Дык перадаваў жа, што не прыйдзе.
Верка. А еты раз наадварот казаў — чакай, абавязкова прыйду, раскажу, як…
Танька(хуценька). Што раскажа?
Верка(зразумеўшы, што прагаварылася). Што… Ну… Ну, як там убраліся…
Танька. Як убраліся? Ды ўжо ж убраліся. Можа, і малаціць пачалі. От пойдзеш за Андрэя — наробішся. У Аўдзея ад цямна да цямна.
Верка. Не за Аўдзея ж я пайду.
Танька. Так ён і аддзеліць вас.
Верка. Ды за Андрэем нічога не страшна.
Танька. А Мішка так і падкатваецца да цябе.
Верка. Дурань. Я Андрэя ні на каго не памяняю.
Не ведаю, што са мною творыцца. Хаджу, як у сне. Учора бацька трасе за плячо — крычыць у вуха, а я нічога не чую… А трэцяга дня як убачыла яго — дык так бы, здаецца, і паляцела, толькі рукамі махні — і паляціш!