Добра было ў Мінску ўспамінаць: ах, якія ў нашым народзе яшчэ жывучыя паганскія звычаі, якія яшчэ можна пачуць сакавітыя слоўцы!.. А мне цяпер іншае ўспамінаецца — як я некалі, здаецца, у тое страшна сухое лета, калі паўміралі Пульсавыя бацькі, калоў дровы. Быў гарачы поўдзень. І вось ідзе Надзя, разносіць пошту, прамінула мяне, потым спынілася:
— Ай-ай, нашто ж ты колеш у пост?! І так дажджу няма, высушыла ўсё — яшчэ не нарабіў пажару?»
І такой пагрозлівай, першабытнай дзікасцю павеяла ад тых слоў, што ледзь сякера з рук не выслізнула. Аказваецца, суш стаіць, бо я ў пост перад Пятром раблю работу! А калі б гэта было гадоў сто, дзвесце назад?! І сапраўды здарыўся б пажар? Ды мяне разадралі б, як жабу!
Раз я ўжо больш-менш змірыўся з выгнаннем, раз наканавана зноў сюды вярнуцца і дажываць тут, дык трэба сярод гэтых людзей «не брахаць, а хвосцікам віляць», трэба рабіцца такім жа, як яны: не каб ціха сумаваць пад шум летняга дожджыку, а каб у душы сказалася: «Маць-перамаць, зноў гуркі паплывуць!» Не загараць на сонейку, не пра рыбу і рэчку думаць, а пра сена, якое трэба падварушваць. Трэба ўмець кляпаць касу, касіць, араць, запрагаць каня, не шкадаваць кабана, а ўмець рэзаць яму глотку, не любавацца вясёлым цялём, якое бегае па зялёнай траўцы і падбрыквае, а бачыць у ім мяса ці грошы, не глядзець па тэлевізары футбол, а калі і глядзець, дык дзівіцца на яго як на нечуваную людскую дурноту...
Усё гэта трэба, бо выбару ў мяне няма — альбо вёска, альбо Менск ці Парыж. Які б ні быў я, якія б ні былі гэтыя мае землякі, трэба цалкам растварыцца ў іх, каб быць прынятым за свайго.
Што ж мяне стрымлівае? Надзея. Надзея на тое, што адным цудоўным сонечным ранкам я ў гэтай бібліятэцы дастану з канверта ліст, дзе будзе напісана... Ну, надзейся. Авось так і будзе.
Дзіўна, але цяпер ясна разумею — я не хачу ніякай свабоды. Яна мне не дае жыць. Не хачу надзеяцца. Як і ў школе, арміі, інстытуце мне хочацца адчуваць на сваёй шкірцы цвёрдую руку, руку, якая дала б зразумець: «оставь надежду!», тут табе звекаваць, жаніся з гэтай Наташаю і жыві». Вось тады, думаю, спакойна жыў бы, і навучыўся б усяму, і сканаў бы тут не горш за ўсіх».
ХІХ
— У Менску ледзь дрэвы распукнуліся, вецер, дождж, халадзіна; сюды прыехаў — цяплынь, зелена ўсё, сапраўднае лета! — чуўся з меншай хаты вясёлы звонкі голас Алеся Рамановіча. Сябар толькі што, раніцаю, прыехаў з Мінска, дабраўся сам са станцыі і гаварыў цяпер з маткаю.
Васкевіч засцілаў у большай хаце свой ложак і прыслухоўваўся.
— Як ён тут, я гляджу, жывы-здаровы? — пытаўся Рамановіч.
— Што вам атвеціць? — бразгаючы відэльцамі, хітравата-асцярожна, стараючыся чамусьці гаварыць па-руску, адказвала маці. — Дзярэўня ж наша глухая, ён, можна сказаць, адзін і адзін... Нудзіцца. Мо б вы там з кім пагаварылі, каб яго як зноў у горад?
— Пагаворыць, — азваўся Антон, выходзячы да іх. — Ён такое ж начальства, як і я!
Рамановіч сядзеў за сталом каля акна, на Антонавым месцы, чысты, свежы, у светлых адпрасаваных нагавіцах, у новенькай сіняй кашулі з адгорнутымі да локцяў рукавамі, коратка падстрыжаны, румяны — бы не з цягніка, у якім амаль ноч пракалаціўся, чалавек, а з мінскага салона прыгажосці «Александрына»... «Паеду ў горад па палучку — абавязкова падстрыгуся!» — падумаў Васкевіч, з зайздрасцю аглядаючы яго, супастаўляючы яго і сябе; сябе — з доўгай, з таго году, грываю, у інстытуцкіх джынсах ды ва ўсім інстытуцкім, якое, вядома ж, абнасілася.
Зрэшты, ён быў страшна рады госцю і не хаваў гэтага. Прабег позіркам па накрытым стале, пацёр рукі, убачыўшы пляшку, прысеў за стол. Прысела і маці.
— Ну, расказвай! — Антон звыкла напоўніў чаркі. — Чаму столькі маўчаў? Ты атрымаў маё пісьмо?
— Атрымаў, — Рамановіч зірнуў на маці, нібы вагаўся, ці можна казаць пры ёй; вырашыў, што можна: — Атрымаў, але... Не да адказу было. Там такое закруцілася, я сам ледзь ліпеў, вісеў на валасінцы...
— І вас мо хацелі выгнаць? — адразу ажывілася маці.
У адказ Рамановіч толькі пасміхаўся. Антон зухавата — каб хоць нечым казырнуць перад сябрам — кальнуў у рот чарку самагонкі, нават не хукнуў, не паморшчыўся, узяў гарачую бульбіну, падзьмуў, пасаліў і толькі тады адкусіў кавалачак.
— А вы чаго не п’яце? — спытала маці ў Рамановіча, які нават не дакрануўся да сваёй чаркі.
— З раніцы?! У такую спёку?! Не, што вы! Тут, цётка, такі стол, што і без гарэлкі станеш п’яны...
Рамановіч наклаў сабе на талерку бульбы, зачэрпнуў з патэльні лыжку скрылёчкаў смажанага сала з цыбуляю, паліў зверху, патоўк відэльцам, з аднаго боку абклаў сваю «бабку» марынаванымі грыбамі, з другога — квашанай капустаю, зверху прыстроіў крамяны салёны гурок, палюбаваўся:
— А яшчэ кажам, жыць горш сталі!
Нейкі час моўчкі елі; хлопцы — няспешна, акуратна, ледзь стукаючы аб талеркі відэльцамі, і маці — лыжкаю, таропка, плямкаючы...
— А мой п’е, — сказала маці, хутка наеўшыся. Сказала і тут жа спахапілася, зірнула на сына — відаць, баялася нашкодзіць яму якімсь неасцярожным словам. — Не, не так каб моцна! Калі-нікалі, чарачку...
— Але ж і грыбкі ў вас! А гуркі! — Алесь еў і ўсё нахвальваў.
Маці перасела на полік, чырвоная ад задавальнення. Яе пацягнула на філасофію:
— Гляджу на вас — такі красівы, модны хлопец, і не п’яце, і Антон мой не так ужо каб піў... Чаго яны да вас чапляюцца, што б да іх смала чаплялася?
Рамановіч аж зарагатаў ад такой непасрэднасці — ён увогуле любіў розныя народныя сакаўныя слоўцы; потым пасуровеў, адклаў відэлец:
— Уся наша бяда, цётка, у тым, што мы моцна любім сваё, роднае. А гэта далёка не ўсім даспадобы.