— Пусть солнце нежных глаз коснется, и счастье...
— Усё гэта, мілая Наташа, банальшчына. Ды яна і чытаць па-руску не стане... Самыя прыемныя словы — простыя, звыклыя, шаблонныя... Давай так: «Лена, віншую цябе са Сьвятам. Жадаю шчасьця». І ўсё.
— Лена, — паўтарыла дзяўчынка.
Васкевіч папрасіў яе пасядзець тут трохі, забег на пошту; думаў, управіцца хутка, але там было поўна людзей — якраз давалі пенсію. Вяртацца не стаў, дачакаўся сваёй чаргі, выцерпеў, калі сярод мёртвай цішыні паштарка, знарок няправільна выгаворваючы словы, перапытваючы яго ўвесь час, па тэлефоне прадыктавала яго тэлеграму ў горад, на паштамт... Яму здалося, што пратырчэў тут мо з гадзіну, і ён упэўнены быў, што дзяўчынка пайшла.
Але яна смірненька сядзела на тым жа месцы, дзе й сядзела.
— Усё; Наташа, — будзеш тут са мной да вячэрняга аўтобуса.
— Ну і што. Што мне там дома рабіць?
— Урокі вучыць.
— У нас чатыры дні канікулы.
— Ну, тэлевізар глядзі.
— У нас няма. Васкевіч уразіўся:
— А радыё?
— Ё. І прыёмнік, «Акеан». Толькі ён адзін «Маяк» ловіць...
— Ты сказала «ё» — вы ж не мясцовыя?
— Не, мы з Магілёўшчыны, з «зоны»... Далі тут хату.
— А якая ў вас сям’я?
— Матка, бацька, брат большы, сястра большая...
— Знайшлі куды высяляць! Быццам у нас тут меншая «зона»... Ды проста па карце глянуць — мы ж у два разы бліжэй да Чарнобыля, чым Магілёўшчына... Точна тыя ж самыя «грабавыя» плоцяць... А дзе было лепш, Наташа? — спытаў Васкевіч. — Ну, прырода там, людзі...
— У нас, вядома! Мы можа, будзем назад вяртацца. Яна ўздыхнула, і Васкевіч раптам адчуў да яе пяшчоту, як да сястры — «Беднае дзіця, любіць сваю Магілёўшчыну, такая вырасце сапраўдная беларусачка...»
Ён убачыў, што адкрытка яго ляжыць перад ёй на стале, акуратна загорнутая ў лісцік са школьнага сшытка.
— Дай, я табе надпішу...
Напісаў — «Мілай Наце на 8-га сакавіка, са шкадаваннем, што яна пазнавата нарадзілася», — падаў. На яго здзіўленне, яна, прачытаўшы, як бы і не ўзрадвалася, спытала:
— А колькі вам гадоў?
— Дваццаць адзін. Яна гмыкнула:
— Мая сястра ў сёмым класе... нарадзіла дзіця, а ён быў старэйшы на дзесяць гадоў. А я за вас усяго на сем.
Не яна засаромелася, а Васкевіч; ён не ведаў, што сказаць, уключыў «Сокал», тады спахапіўся:
— Хочаш, вазьмі гэты прыёмнік? Таксама як падарунак. На!..
— Што вы — ніколі! Вы і так добры.
— Вясковая дурная беларуская сціпласць, — прамармытаў Васкевіч, падумаўшы, колькі ён сам паспеў ужо ў жыцці намучыцца з-за гэтай сціпласці.
— Лепш я да вас буду прыходзіць і слухаць, — і падняла на яго шэрыя вочы і не адводзіла іх.