Хлопчык наблiзiўся да сподачка, нахiлiўся да яго i, хутка азiрнуўшыся па баках, нiбы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака i пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават i не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырывалiся нейкiя няпэўныя гукi.
Мiс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуццi, якiя адбiлiся, вiдаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зiрнуўшы на яе, сказаў:
— Доктар Хоскiнс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?
— У курсе чаго? — пацiкавiлася мiс Фэлоўз.
Дэвенэй завагаўся, але Хоскiнс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбiнi душы яго забаўляла, сказаў:
— Ну што ж, можаце ёй сказаць.
— Вы, вiдаць, нават не здагадваецеся, — звярнуўся Дэвенэй да мiс Фэлоўз, што выпадкова менавiта вы — першая ў гiсторыi цывiлiзаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзiця-неандэртальца.
Стрымлiваючы гнеў, мiс Фэлоўз павярнулася да Хоскiнса.
— Вы маглi мяне папярэдзiць загадзя, доктар?
— А навошта? Якая вам рознiца?
— Гаворка ж iшла пра дзiця?
— А хiба гэта не дзiця? У вас калi-небудзь былi шчанюк цi кацяня, мiс Фэлоўз? Хiба ў iх больш чалавечага? А калi б гэта было дзiцянё шымпанзэ, вы адчулi б агiду да яго? Вы медыцынская сястра, мiс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалi тры гады ў радзiльным аддзяленнi. Вы калi-небудзь адмаўлялiся даглядаць дзiця-вырадка?
— Вы ўсё-такi маглi б сказаць мне гэта раней, — ужо менш рашуча сказала яна.
— Каб вы своечасова маглi адмовiцца ад гэтай работы? Цi не выходзiць, што вы хочаце зрабiць гэта цяпер?
Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за iмi назiраў Дэвенэй, а маленькi неандэрталец, выпiўшы малако i вылiзаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымi вачыма, у якiх была нейкая просьба.
Хлопчык жэстам паказаў на малако, i раптам пакой напоўнiлi бесперапынныя адны i тыя ж адрывiстыя гартанныя гукi ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.
— А ён жа гаворыць! — здзiўленна ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
— Вядома, — сказаў Хоскiнс. — Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным вiдам, а хутчэй разнавiднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусiм магчыма, што ён просiць яшчэ малака.
Мiс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькi, але Хоскiнс схапiў яе за руку.
— А цяпер, мiс Фэлоўз, перш чым вы зробiце яшчэ хоць адзiн крок, вы павiнны сказаць, застаяцеся вы цi не.
Мiс Фэлоўз са злосцю вызвалiла руку.
— А калi я пайду, вы што, не будзеце тады кармiць яго? Я пабуду з iм… пэўны час.
Яна налiла дзiцяцi малака.
— Мы маем намер пакiнуць вас тут з хлопчыкам, мiс Фэлоўз, — сказаў Хоскiнс. — Гэта адзiны ўваход у Першую Секцыю Стасiса. Дзверы абавязкова замыкаюцца i ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёмiлiся з сiстэмай замка, якi будзе, вядома, адпаведна настроены на адбiткi вашых пальцаў, як ён настроены на адбiткi маiх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позiрк туды, дзе павiнна была быць столь у гэтым лялечным домiку) ахоўваецца таксама, i мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калi тут здарыцца нешта незвычайнае.
— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзiцца пад наглядам? абурана ўсклiкнула мiс Фэлоўз, раптам успомнiўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.
— Ды не, — сур'ёзна запэўнiў яе Хоскiнс, — мы гарантуем, што нiводзiн староннi назiральнiк не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сiмвалаў перадаюцца вылiчальнай машыне, i толькi яна будзе мець з iмi кантакт. Вам давядзецца правесцi з iм гэтую ноч, мiс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькi вольных гадзiн днём i нават мажлiвасць самой зрабiць iх расклад паводле вашых асабiстых патрэб.
Мiс Фэлоўз здзiўлена абвяла позiркам лялечны домiк.
— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскiнс? Хiба хлопчык небяспечны?
— Ведаеце, мiс Фэлоўз, справа ўся тут у энергii. Ён нiколi не павiнен пакiдаць гэтага памяшкання. Нiколi. Нi на секунду. Нi з якой нагоды, нават калi ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, мiс Фэлоўз. Вы зразумелi мяне?
Мiс Фэлоўз горда ўскiнула галаву.