Нашто ж мне лёс такое даў багацце,
Каб вечна думаць аб яго утраце?
65
Калі ў змаганні з часам не трывае
Зямля ці мора, камень або медзь,
Дык чым краса, нядужая такая,
Як кветка, здолела б адолець смерць?
Што зробіць лета, хараством убрана,
Супроць асады ваяўнічых дзён,
Калі муры нязломныя і брамы
Ад часу рушацца з усіх старон?
Жахлівы час! Як ад яго самога
Уратаваць, што ён жа сам стварыў?
Як захаваць ад вынішчэння злога
Дзівосныя, бясцэнныя дары?
Атрамант паратунак дасць ад згубы,
Каб вечна зіхацеў твой вобраз любы!
66
Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым занядбаных бачыць жабраванне,
І здзек пустапарожнасці цярпець,
І найчысцейшай праўды зневажанне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла.
І мастакоў нізкапаклонны зброд,
І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі,
І ісціну, якой затулен рот,
І зло, што верхаводзіць над усімі.