Яна паспяшалася спыніць яго празрыстую параду:
- Глядзіце і чакайце. Снег за акном цішэе. Як спыніцца, іншым святлом заззяе камень, тады тое ўбачыце, што ў камені шукаеце.
Ужо ён бачыў, што снег сыпле радзейшы, што срэбра гасне, яснеюць за каналам манеж, вежа, казармы, волкі туман па сценах сплывае ўніз. Не вытрымаў:
- Я штосьці заўважаю.
Выразнейшымі бачыліся камяні ў сценах. Яны хоць хмурыліся, але яснелі, мяняліся ў колеры, настроях.
- Вы чуеце мяне, Гэлена?
Яна не адгукалася.
Ён азірнуўся і, не заўважыўшы ў майстэрні, выйшаў у вітальню. Яе не было і там. Вярнуўся да мальберта. На палітры заўважыў паперку, якой не бачыў раней. Хацеў узяць - трымалі, прыклееную, фарбы. З палітрай да вачэй паднёс і прачытаў на той паперцы: "Глядзіце ў акно. Спяшаюся ў Акадэмію. Прабачце".
Падышоў да акна. Яна перабягала вуліцу і азіралася. Заўважыўшы яго ў акне, махала яму чырвонай рукавічкай.
10
Акадэмічная выстава адкрылася ў адзін з першых дзён сакавіка. Акрамя "Зямлі" Рушчыц выставіў новы "Млын", зімоваю натурай і настроямі не падобны на той, што быў у Савы Мамантава, і эцюд. Гэта была яго першая выстава, калі за свае работы не хваляваўся, хоць і ведаў, што кожная з іх не ўсім па гусце, па думках, па настроях. Цяпер, як ніколі раней, адчуваў, што ён ужо не вучань, што мае свой погляд на мастацтва, на жыццё ў ім, на кожную сваю работу, што адчуванне сваёй карціны, свая думка аб ёй найпершая, да праўды, ісціны бліжэйшая за чужую, бо глыбей, у большых пакутах, у большай шчырасці выкалыханая душою мастака. Да чужой думкі варта прыслухоўвацца, але найбольш аддана верыць трэба сабе, сваёй душы. Куінджы падабалася "Зямля", а Дзягілеву "Млын", а міма прайшлі маладзейшыя мастакі, калегі, нават не запыніліся. Падышлі знаёмыя палякі, хвалілі работы за тэхніку, каларыт, паэзію, але канкрэтнага нічога не сказалі - усё ўвогуле. Каму з іх верыць? Яшчэ ў мінулым годзе ад гэтакай рэакцыі мог перахвалявацца, разгубіцца, але цяпер быў задаволены, што шмат не гаварылі, не вельмі захапляліся, гледзячы ў вочы аўтару, не казалі яму, што ён вялікі майстар, геній, пераплюнуў Куінджы або Левітана, што з ціхай прыкрасцю ў сэрцы ўжо неаднойчы чуў. Хлусня псавала жывапіс. I тая, на карцінах, і тая, што вакол іх кіпела. Цяпер тут, на выставе, яму найперш хацелася ўбачыць, як пішуць іншыя мастакі, сябры, што яны, у сталіцы жывучы, знаходзяць для сваіх пейзажаў, хто як мяняецца або ламаецца, хто што шукае ў мастацтве. А ўжо свае працы паказваў хутчэй як візітоўку, што давала дазвол на ўваход сюды, на гэтую мастацкую дэманстрацыю, не толькі да экспазіцый, але і да натоўпу аматараў і знаўцаў жывапісу, да мастакоўскага бамонду, іх поглядаў, настрояў.
Прэса, якая ў мінулыя гады старалася падтрымліваць маладыя таленты, цяпер або іх закрэслівала, або замоўчвала. Каб зразумець яе, трэба было ўбачыць тое, што яна закрэслівае ды замоўчвае.
Быў Куінджы на адкрыцці выставы. Трымаўся збоку ад акадэмічнага натоўпу, адміністратараў, нібыта замежны госць, выпадкова запрошаны. Маўклівы, прыгнечаны.
З’явіўся нават імператар, здзівіў адразу ўсіх, што ціха, без звычайнай вакол сябе світы падыходзіў да кожнае карціны, уважліва разглядаў. Хтосьці ім захапляўся, хтосьці губляўся: што гэта абяцае мастацтву, мастакам? Любоў, павагу, клопат? Ужо набліжаўся і да Фердынанда, ужо Фердынанд чакаў, што яму скажа, калі не скажа, дык што падумае пра мужыка, бізун у яго руцэ і пра валоў, ці спадабаюцца яны яму, ды раптам аб’явіліся каля цара Вялікі князь - прэзідэнт Акадэміі, яго намеснік, рэктары, шчыльным, у чорных фраках, гуртам павялі святлейшага міма валоў да наступнай экспазіцыі.
Фердынанд выйшаў з залы. Яму хацелася хутчэй дадому, ад усіх - у свой кут, там - адзіноты. Не атрымалася, бо нечакана апынуўся ў абдымках Пурвіта:
- Ну, дружа, твае валы - краса і вышыня выставы. Яны нас усіх ратуюць.
Твар Вільгельма свяціўся шчырасцю і радасцю, нібы ўсё гэта хтосьці
казаў яму самому. Ды тут адразу з-за яго спіны пачуўся голас Бровара, таксама калегі па майстэрні:
- Ме-та-фі-зі-ка.
Фердынанд злёгку разгубіўся: што і каму з іх адказаць на гэтакія прывітанні? Перад апошнім узнік Разенталь, які любіў і ўмеў мірыць процілеглыя думкі:
- Сам ты метафізік. Жывых валоў яшчэ не бачыў. - Узяў Фердынанда пад руку. - Твая карціна безумоўна лепшая. Яшчэ два-тры мазочкі на пярэднім плане, на поле, пакладзеш і на сваіх валах увесь свет можаш аб’ездзіць.
- Ну так, павесяліш людзей. I белых, і чорных, і жоўтых.
Усім весела зрабілася.
- Як хочаш, - рагатаў і Разенталь. - Табе ў вёсцы ўсяго хапае. Для цела, бачу, і для душы, Можаш з яе не выязджаць. Жыві, працуй і радуйся. Але валоў, мужыка з бізуном, тваю зямлю ўвесь свет зразумее. Я пра гэта.
- Увесь свет, акрамя Пецярбурга, - уставіў Бровар.
- Акрамя цара і Бровара, - дадаў Пурвіт.
- Ды яшчэ Дзягілева, - дадаў Фердынанд.
Усіх выслухаўшы, Разенталь прадоўжыў сваю думку:
- Твой пэндзаль, Фердынанд, трапіў у тое месца, адкуль жыццё ўсюды пачалося: поле, мужык, валы.
- Я рады гэта чуць...