Ягонае катанне надакучыла нябожчыкам. Больш за ўсё яно раздражняла і злавала не звычайных здранцвелых мерцвякоў, а земляных людаедаў. Яны і злавілі аднойчы гімназіста, запхалі хлопца ў мех і завалаклі ў капліцу. Пад ёй былі прасторныя сутарэнні, дзе стаяла электрапліта, на якой у чорным сагане людаеды намерваліся зварыць суп з маладой чалавечыны. Пакуль награвалася вада, Ярык вылез з меха, прайшоўся па сутарэннях, схапіў земляную дзяўчынку-людаедку і засунуў яе ў харчовы мех, а сам схаваўся за электраплітой.
У выніку земляныя людаеды замест гімназіста Сома зварылі і з’елі ўласную дачку. Наеўшыся варанага мяса, людаеды паснулі. Яраслаў вылез з-за электрапліты і ціхенька пакінуў прытулак земляных самаедаў. З таго дня хлопец больш ніколі не лётаў на лыжах з гары, пазастаўлянай каменнымі і жалезнымі крыжамі.
Шэры цырк
Раз на месяц у шэрым цырку ладзіліся баі без правілаў. Праходзілі яны ўначы. Запрашаліся на іх толькі правераныя людзі. Байцам дазвалялася ўсё, акрамя забойства на арэне. Біліся яны да страты прытомнасці. Ёсць баі. Ёсць азарт. Ёсць і пераможца. Па шэрым цырку ў пераможцах хадзіў баец з мянушкай Бык. Ён збіваў, ламаў і затоптваў усіх сваіх канкурэнтаў, ажно пакуль аднойчы на арэну не выйшла жанчына-баец з мянушкай
Каліта. Яна кінулася на Быка і ашчаперыла яго рукамі і нагамі так, што той ажно дыхаць не мог. Здушаны Бык раптам скінуў чалавечае аблічча і зрабіўся ваўком. Каліта схапіла звера за пашчэнкі і разадрала яго напалам. Акрываўленае воўчае сэрца вывалілася на арэну. Каліта зжэрла абсыпанае пяском гарачае сэрца і зараўла на ўвесь шэры цырк. Такім чынам яна абвясціла і адсвяткавала перамогу. Арганізатарам баёў давялося прыстрэліць Каліту за парушэнне галоўнага правіла - на арэне саперніка не забіваць.
Рыжы асілак
Дрэсіроўшчыца Люба закахалася ў ільва і нарадзіла ад яго рыжага асілка. Ён вырас у дарослага чалавека за тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Асілак сказаў маці, што пасланы ў наш свет, каб знішчыць шасцігаловага цмока, які трымаў у страху ўвесь горад. Люба паказала на Замкавую гару і чырвоную вежу на ёй: “Там сядзіць шасцігаловы. Ён перамог і забіў шмат волатаў. Ты будзеш далёка не першым, каму цмок зняў галаву...” Асілак запэўніў маці, што пераможа ў паядынку.
Бітва волата з цмокам цягнулася тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Рыжы асілак адсек шэсць цмокавых галоў. Адсечаныя галовы разам з крылатым целам ён абліў газаю і спаліў. Прах і попел рыжы волат развеяў над рэчкаю.
Вільня радавалася перамозе асілка над цмокам. Віленчукі спадзяваліся, што іх горадам цяпер стане кіраваць волат-пераможца. Але тое былі марныя спадзяванні. Рыжы асілак пакінуў Вільню і выправіўся ў Афрыку, дзе перакінуўся ў ільва і стаў жыць як самы звычайны цар звяроў. Дарэчы, маці волата - дрэсіроўшчыца Люба - стала гаспадыняй цырка і самай паважанай жанчынай у горадзе.
Белая торба
Усё жыццё Ада Завала прапрацавала на малаказаводзе. Яна распараджалася на складзе і адпускала гатовую прадукцыю. У Ады было адно шчасце - сын-бязбацькавіч Антон. Завала выгадавала хлопца адна, чым і ганарылася. Калі ў Ады знайшлі белакроўе і яе жыццё амаль скончылася, яна пашыла з бабулінага саматканага палатна белую торбу. Чароўную рэч жанчына пакінула сыну ў спадчыну.
З белай торбы Антон мог раз на дзень дастаць адну-адзінюткую рэч, якую пажадае . Напачатку ён заказваў розныя прысмакі на вячэру. Даставаў смажаную курыцу, паляндвіцу і вэнджаную рыбу. Паступова апетыт Антона пачаў павялічвацца і жаданні змяніліся. З торбы выцягнуўся вялікі тэлевізар, потым кампутар і айфон. Знайшоўся ў белай торбе і шчаслівы латарэйны білет. Выйграных грошай хапіла на рамонт кватэры. Нейкім неверагодным чынам з белай торбы Антон выцягнуў дакументы на катэдж з садам у ціхім кутку Новай Вільні. Белая торба падаравала хлопцу машыну, правы і стыльную вопратку. Багаты, малады і прыгожы Антон Завала вырашыў, што надышоў яго час зрабіць палітычную кар’еру. Ён загадаў белай торбе напісаць для яго прэзідэнцкую праграму. Антон быў упэўнены ў магутнасці белай торбы. Ён памыліўся. Замест загаданай праграмы ў пакоі з’явіўся цень Ады Завалы. Нябожчыца ўзяла белую торбу і знікла.
Антон не доўга перажываў праз тое здарэнне. Ён прадаў катэдж з садам і адкрыў сувенірную краму, дзе зараз паспяхова прадае розную драбязу, у тым ліку палатняныя торбы з краявідамі старой Вільні.
Шэрая дзяўчынка
Стася Сушко трапіла пад дождж. Раніцай, калі дзяўчына бегла на заняты ва ўніверсітэт, стаяла сонца, таму парасон застаўся вісець у вітальні. Дождж заспеў студэнтку на праспекце, там жа да яе падбегла шэрая дзяўчынка. Яна схапіла Стасю за руку. Дзяўчына руку вырвала, але на яе скуры засталіся чырвоныя, падобныя да апёкаў пляміны. Пакуль Стася дабегла дамоў, шэрая дзяўчынка паспела ўшчыкнуць студэнтку за шыю і за шчаку.
Стасіна маці, як толькі пабачыла дачку, пакрытую апёкамі, якія моцна свярбелі, адразу паклікала шаптуху Разэлю. Тая ледзь устала з ложка, насілу дайшла да дома Сушко. Разэля ўважліва агледзела Стасю, потым прайшлася па кватэры і пабачыла ў цёмным кутку за сервантам шэрую дзяўчынку. Шаптуха спытала: “Што ты, хвароба шэратварая, хочаш, каб зняць апёкі?” Дарэчы, ніхто, акрамя ледзь жывой бабы Разэлі, не бачыў шэрую дзяўчынку. “Мне патрэбны ўпрыгожванні. Забяру залатыя пярсцёнкі і завушніцы. Забяру ланцужкі залатыя, але крыжыкі пакіну. Яшчэ мне патрэбны грошы на таксі да аэрапорта і на білет да Капенгагена. Калі вы аддасцё золата з грашыма і я сяду ў таксі, апёкі знікнуць”. Шаптуха ўгаварыла хворую дачку і знерваваную маці адкупіцца ад хваробы. Шэрая дзяўчынка не падманула старую Разэлю: як толькі таксі паехала ў бок аэрапорта, чырвоныя пляміны ў Стасі зніклі, нават дробных слядоў па сабе не пакінулі.
Шэры чалавек і бутэлька белай
Кожную раніцу Барыс Кулеш і Толя Морква, ідучы ў архітэктурна-будаўнічы каледж, праходзілі каля могілак. Там даўно нікога не хавалі, таму большасць капцоў ужо доўгі час была непрыбранай. Закінутасць могілак выглядала загадкава, вусцішна і рамантычна, таму Барыс і Толя любілі фатаграфавацца каля каменных і металічных крыжоў. У час адной такой могілкавай фотасесіі да хлопцаў падышоў нябожчык - шэры чалавек і папрасіў дапамагчы. Ён прыбраў магілы сваякоў, пазграбаную лістоту паскідаў на кавалак брызенту. Цяжкі брызент з апалым лісцем шэры чалавек хацеў перанесці ў дальні куток могілак да кантэйнераў са смеццем. Аднаму было нязручна перасыпаць лісце з брызенту ў кантэйнер. Хлопцы дапамаглі шэраму чалавеку, за гэта ён прапанаваў падарунак - бутэльку белай. Кулеш катэгарычна адмовіўся, а Морква забраў бутэльку і схаваў у заплечнік. Толя сказаў Барысу, што гарэлку, падараваную нябожчыкам, ён аддасць сваім бацькам, якія страх як любяць выпіць.
Ён і сапраўды перадаў бутэльку белай бацькам-выпівохам. Тыя ўзрадаваліся, выпілі, атруціліся і памерлі. Толя ведаў, што нельга браць пачастунак у нябожчыка, але спадзяваўся, што, калі перадаць яго іншым, ён нікому не зробіць шкоды. Хлопец моцна памыліўся і застаўся без бацькоў, якіх спалілі ў крэматорыі і падсялілі да дзядоў на старых і непрыбраных могілках.
Пошукі шчасця
Святы Ніхто сустрэў святую Ніяк, і яны разам выправіліся з Вільні шукаць святую зямлю ў Нідзе.
Чырвоны канверт і залаты барабан
Захар Шарахоўскі пабачыў сон, у якім яго жонка-нябожчыца Ала перадала яму ліст у чырвоным канверце. Захар прачытаў яго і даведаўся, што нябожчыца хоча вярнуцца ў наш свет. Дзеля гэтага Шарахоўскі мусіць знайсці залаты барабан, якога баяцца ахоўнікі падземнага горада мёртвых.
У антыкварнай краме Захар выкупіў залаты інструмент, пра які пісала Ала Шарахоўская. З барабанам пад пахаю мужчына выправіўся на дапамогу сваёй жанчыне. Праз капліцу на Кальварыйскіх могілках Захар спусціўся ў падземны горад. Ахоўнікі паспрабавалі прагнаць Шарахоўскага, але той пачаў біць у залаты барабан. Яны адступілі, пазакрывалі далонямі вушы і разбегліся.
Захар знайшоў у горадзе мёртвых сваю любую Алу. Тая моцна здзівілася, калі пабачыла жывога Захара. Ён расказаў пра сон і пра ліст у чырвоным канверце. Ала сказала мужу, што сон быў не зусім прарочы. Яна не збіраецца вяртацца ў наш свет. Вядома, ёй прыемна пабачыць любімага Захара, але іх спатканне лепей не зацягваць. Жонка правяла мужа да капліцы на Кальварыйскіх могілках. Там яны і развіталіся да наступнай, яшчэ не блізкай сустрэчы.
Залаты барабан Захар аднёс назад у антыкварную краму. Праз пару тыдняў яго нехта прыдбаў, і Шарахоўскаму вярнулі грошы, складзеныя ў чырвоны канверт.
Шэры дом
На ўскрайку Вільні стаяў шэры дом. Некалі ён быў светлым і чыстым, потым дом пацямнеў. Вокны ў ім пазабівалі дошкамі. Звонку падавалася, што жыцця ў шэрым доме зусім няма. Насамрэч там жыла маладая жанчына Людміла Войцік. Жыла яна там не адна, а з нябожчыкам. Той у свой час быў яе жаніхом. Напярэдадні вяселля мужчыну насмерць збіла машына. Яго пахавалі, але маладому чалавеку не ляжалася ў вузкай магіле. Ён выйшаў з-пад зямлі, прыйшоў да Люды і прымусам завёў яе ў шэры дом.
Жыць з нябожчыкам было цяжка. Так цяжка, што Людміла некалькі разоў збіралася засіліцца, але мужнасці на самагубства не хапіла. Пакуты жанчыны бачыла мышанё, што таксама жыло ў шэрым доме. Яно і прапанавала дапамогу. Людміла наказала мышаняці пайсці да яе брата Антона Войціка і папрасіць паратунку. Мышанё і прывяло мужчыну ў шэры дом. Там Антон ператварыўся ў ваўка і парваў на шматкі жорсткага нябожчыка. Брат забраў сястру да сябе. Пасля перажытага Людміла доўга і цяжка хварэла, але потым паправілася.
Чорнае возера і сівы волас