У прыёмным пакоі бальніцы нікога не было, акрамя санітаркі цёткі Клавы. Тая аж войкнула і пляснула рукамі:
— Ай-яй-яй!.. I куды, Шостак, цябе так занесла?! Гэта ж трэба…
— Ясеньку пераходзіў, цётка Клава. Вось крыху і вымак, — стараючыся прыдаць голасу бадзёры тон, хоць у самога аж ляскалі зубы, гаварыў Яўген.
— Вымак!.. Вымак!.. — перадражніла яго цётка. — А ці ведаеш, што запаленне лёгкіх табе забяспечана?!
У адно імгненне цётка зняла з яго плячэй кажушок, пасадзіла на табурэтку і пасцягвала боты. А скора Шостак ужо ляжаў на нізенькай канапе, а цётка Клава расцірала яму цела нейкай вадкасцю, ад чаго ў носе моцна казытала і Яўген раз-пораз чхаў. Неўзабаве зайшоў доктар Нікадзім Сяргеевіч, заклапочана сказаў: «Ну і ну…», прысеў на край канапы. Ён дастаў з кішэні халата навушнікі, надзеў іх і стаў вадзіць па грудзях Шостака чорным кружочкам. Потым падняўся і сказаў:
— Калі абыдзецца без запалення, то лічы, хлопец, што ты нарадзіўся ў кашулі.
Яўген Шостак, вядома ж, не нарадзіўся ў кашулі, і без запалення лёгкіх не абышлося. Але ж якая была радасць, калі назаўтра пад вечар да яго ў палату зайшла Марылька. Яе блакітныя вочы свяціліся трывогай, ласкай і дабрынёй. У руках яна трымала прынесеныя Яўгенам кветкі, а вусны шапталі: «Я ведала, што ты прыйдзеш, ведала…»